Беларускай прыроды пясняр. Пранікнёны, тонкі і тэмпераментны жывапісец, чалавек неспакойнай думкі і моцнага пачуцця.

Так характарызавалі сучаснікі Віталя Канстанцінавіча Цвірку – аднаго з самых знакамітых беларускіх пейзажыстаў ХХ стагоддзя, народнага мастака і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР.

Віталь Цвірка па праву заняў дастойнае месца ў беларускім пейзажным жывапісе як сапраўдны пясняр беларускай зямлі, які ў сваіх глыбока паэтычных творах раскрыў яркі, сугучны часу эстэтычны змест сваёй эпохі.
Бадай, галоўным у яго творчасці было тое, што пачуццёва-эмацыянальныя асновы жывапісу гэтага мастака заўсёды былі накіраваны на выяўленне найбольш тыповага і характэрна беларускага ў пейзажы. Яго здзіўляла ў прыродзе літаральна ўсё. Мастак імкнуўся спазнаць сутнасць з’яў, характар і заканамернасці прыроды, не згубіць складаную арганічную сувязь і прычыннасць. Пільна ўглядаючыся ў натуру, ён захаваў у жывапісе адчувальнасць і пэўнасць прадметаў, але не стараўся зрабіць карціну фатаграфічна дакладнай. На дакладнасць ёсць іншыя жанры, лічылі Віталь Канстанцінавіч і яго паслядоўнікі, якіх, дарэчы, у яго было шмат.
Восень, як і вясна, была асаблівай фаварыткай Віталя Цвіркі. Якія толькі адценні колераў не растварыліся ў мяккім паветры беларускай восені! Усе яны меладычна пяюць на карцінах майстра. У пейзажы “Мара” (1970) з яго далямі, у “Дыханні восені” (1971) з карычнева-залацістай пашай, пяшчотным бледна-ружовым небам і пачырванелым лесам мастак надзвычай радасна ўспрымае прыроду. Ён глядзіць на яе вачыма чалавека, для якога свет існуе ў найглыбейшым адзінстве з яго асабістымі памкненнямі і жыццём. Ён бачыць у прыродзе гарманічную арганізацыю, трывалую сувязь узаемаадносін.
Перад пейзажамі Віталя Цвіркі гледача не пакідае адчуванне палёту, ён лунае над прасторамі Беларусі — такая сіла чароўнага магічнага крышталя фантазіі жывапісца.
Яго адданасць тэме перадаецца кожнаму, хто сутыкаецца з яго творчасцю, якая прымушае па-іншаму бачыць навакольны свет.
Асацыяцыі, шырокія метафары — гэта і ёсць стыхія мастака. А гледача ўсё гэта разам вабіць у чароўны палон таленту вялікага майстра, таленту магутнага і разам з тым тонкага, мудрага і па-дзіцячаму захопленага. У яго пейзажах няма ілюстрацыйнасці — толькі свет высокай, напружанай паэтыкі.
Творчае асэнсаванне рэчаіснасці, яе новае бачанне, адлюстраванне ўсяго гэтага ў сучасных мастацкіх формах — такія рысы знаходзяць прамое ўвасабленне ў творах Віталя Цвіркі. Яго прываблівае і чыстая, не кранутая чалавекам прырода, і заўважныя прыкметы сучаснасці, якая змяняе прывычны першародны ландшафт і прыносіць новыя эстэтычныя крытэрыі ў разуменне беларускага краявіду XX стагоддзя.
Уважліва вывучаючы прыроду, Віталь Цвірка пераасэнсоўвае і трансфармуе яе ў сваім уяўленні, стварае новы гарманічны і ясны вобраз. Уменне па-свойму ўбачыць прыроду, адчуць у ёй тонкія лірычныя матывы і на іх аснове стварыць яркае вобразнае рашэнне — асноўныя якасці, якія вызначаюць творчы воблік майстра. Прырода ў яго палотнах жыве мякка і насычана, у поўнай згодзе. І глядач вольна адчувае сябе ў прасторы яго мастацтва.
“Не разумею жывапісцаў, якія пазбаўляюць сябе галоўнай радасці творчасці, — гаварыў Віталь Цвірка. — Амаль усе свае творы, акрамя нацюрмортаў, я пішу на адкрытым паветры, таму што толькі адзін на адзін з прыродай можна пачуць яе сэрца”. Можа быць, менавіта таму майстар здолеў стварыць асаблівы, непаўторны нацыянальны вобраз нашай прыроды, які не мае аналогіі ў гісторыі беларускага жывапісу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter