Беларускае марское параходства выходзiць у першы рэйс

У блiжэйшыя днi РУП “Беларускае марское параходства” плануе пачаць перавозкi беларускiх грузаў. Да канца года гэта прадпрыемства, як прадугледжваецца, даставiць у парты прызначэння толькi калiйных угнаенняў не менш чым 300 тысяч тон.

У блiжэйшыя днi РУП “Беларускае марское параходства” плануе пачаць перавозкi беларускiх грузаў. Да канца года гэта прадпрыемства, як прадугледжваецца, даставiць у парты прызначэння толькi калiйных угнаенняў не менш чым 300 тысяч тон.

Спачатку параходства на арандаваных суднах будзе ажыццяўляць невялiкiя, да 7 тысяч тон, пастаўкi ўгнаенняў у Еўропу, паведамiў мiнiстр транспарту i камунiкацый Беларусi Мiхаiл Баравы, i паступова набiрацца вопыту. У перспектыве плануецца набыць уласны карабель грузапад’ёмнасцю 25—30 тысяч тон. Гэта будзе судна, якое адпрацавала 8—10 гадоў, а таму абыдзецца ў тры разы танней за новае. “За апошнiя 6—8 месяцаў мы стварылi ўсю неабходную нарматыўную базу, i сёння няма перашкод для таго, каб развiваць справу”, — адначыў мiнiстр.
Да канца 2006 года, як паведамляла раней “НГ” са спасылкай на намеснiка мiнiстра Уладзiмiра Уласеню, Беларусь разлiчвае набыць як мiнiмум два судны. Акрамя названага, у айчынным флоце можа з’явiцца i карабель класа “рака—мора” дэдвейтам 3—6 тысяч тон. Сярод найбольш верагодных партоў прыпiскi разглядаецца лiтоўская Клайпеда.
Створанаму сёлета БМП у перспектыве адводзiцца роля асноўнага аператара марскiх перавозак. Акрамя параходства, у рэспублiцы таксама працуюць Беларуская суднаходная кампанiя i Беларуска-фрахтава-транспартная кампанiя. Марскiм шляхам наша рэспублiка адпраўляе калiйныя ўгнаеннi, торф, колавую тэхнiку, металапрадукцыю, iншыя грузы. Асноўныя матывы актыўнага развiцця ўласных марскiх перавозак — адмовiцца ад паслуг замежных транспартных арганiзацый i зарабляць самiм.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter