Дзве радзімы, два сусветы паядналіся ў лёсе партызана і паэта Міхаіла Хонінава

Беларускія сосны, калмыцкія цюльпаны

Рыма Ханінава — літаратура­знаўца, кандыдат навук, загадчыца кафедры на філфаку Калмыцкага дзяржуніверсітэта. Паэтка, перакладчыца. Піша на рускай і калмыцкай мовах. І — дачка паэта-франтавіка, беларускага партызана Міхаіла Хонінава, легендарнага сына калмыцкага народа. З  ёй наша гутарка.

У месцах партызанскай маладосці. Міхаіл Хонінаў у беларускай вёсцы. 1976 г.
У месцах партызанскай маладосці. Міхаіл Хонінаў у беларускай вёсцы. 1976 г.

— Рыма, імя Міхаіла Хонінава добра вядома ў Беларусі. Як партызана, як пісьменніка, які сябраваў з беларускімі калегамі, як паэта, якога досыць часта перакладалі на беларускую мову...

— Перш-наперш хачу падзякаваць беларускім сябрам за ўвагу да жыцця і творчасці Міхаіла Хонінава. Трыццаць тры гады яго няма з намі, а гэта, паводле канцэпцыі Веліміра Хлебнікава, ёсць змена аднаго пакалення. Таго пакалення, прадстаўнікі якога асабіста ведалі бацьку, сябравалі з ім, стасаваліся ў творчасці, а ў час вайны разам паўсталі супраць фашызму. Тое пакаленне дало яму легендарнае імя: Міша Чорны.

— Відаць, ніводны з пісьмен­нікаў Калмыкіі не прадстаўлены на беларускай мове ў такім аб’ёме, як Міхаіл Хонінаў: шматлікія публікацыі ў перыёдыцы, два зборнікі паэзіі выйшлі ў Мінску…

— Цалкам згодна з вамі. Паняцці Міхаіл Хонінаў — Міша Чорны — Беларусь складаюць непадзельную трыяду. У нас, у Калмыкіі, Міхаіл Хонінаў і Беларусь звязаны перш за ўсё з ваенным перыядам, а таксама з беларускай тэмай у творчасці бацькі. Калі ў Элісце ў 70-я гады выйшаў калектыўны зборнік “Маці мая, Беларусь”, поруч з вершамі беларускіх паэтаў знайшлі месца і вершы бацькі. Знакаміты верш “Маці з Беразіны”, прысвечаны Праскоў’і Андрэеўне Віліткевіч з вёскі Месціна, якая выратавала бацьку (ён вырваўся з смаленскага акружэння), чытаўся заўсёды ім на кожнай сустрэчы з чытачамі. У верасні 44-га, пасля вызвалення Беларусі, ён быў дэмабілізаваны з арміі ў званні лейтэнанта і прабыў трынаццаць гадоў у Сібіры: гэта быў перыяд сталінскіх рэпрэсій, калі калмыцкі народ быў несправядліва дэпарціраваны. У 57-м, пасля вяртання на радзіму, узнавіліся яго кантакты з беларусамі. З 1960 года і да канца жыцця ён часта бываў на беларускай зямлі, сустракаўся з баявымі таварышамі, калегамі, браў з сабою жонку і малодшага сына. У сямейным архіве беражліва захоўваюцца матэрыялы: перыёдыка з яго інтэрв’ю, успамінамі, вершамі і прозай у перакладах на рускую і беларускую мовы. Асабліва цікавыя заметкі і нарысы журналістаў пра сустрэчы Мішы Чорнага з вернымі пабрацімамі і жыхарамі тых вёсак, якія ён выратаваў ад пагібелі, а іх жыхароў — ад катаванняў ці адпраўкі на чужыну, і якія надзвычай дапамагалі партызанам. Газетныя здымкі таго часу перадаюць радасць і шчасце агульных стасункаў, яны занатавалі душэўную атмасферу: здаецца, чуеш нават галасы скрозь час... Гэта не пастановачныя арганізаваныя кадры, а само жыццё — шчырае, адкрытае, напоўненае ўзаемнай павагі і любоўю.

— Як ставіўся бацька да таго, што яго творы выдаюцца ў Беларусі?

— Вельмі ганарыўся ён двума мінскімі зборнікамі! Яны, як вядома, складзены з яго вершаў, перакладзеных сябрамі-паэтамі, сярод іх, напрыклад, Максім Танк, Сяргей Грахоўскі, Рыгор Барадулін, Аляксей Пысін. Калі “Сосны і цюльпаны” пераклалі дзясятак паэтаў, то “Журавы над стэпам” — адзін Аляксей Пысін. Бацька пайшоў з жыцця 22 верасня, а летам даведаўся пра смерць гэтага сябра і быў вельмі азмрочаны. Нядаўна ў Маскве ў 2-м томе Збору твораў Пысіна (1989 год) я пабачыла тыя пераклады з “Журавоў…” і была вельмі рада такой сустрэчы.

— У “Магілёўскай праўдзе” на беларускай мове ў скарачэнні друкавалася дакументальная аповесць Хонінава “Міша Чорны — гэта я!”...

— У 2013-м я выпусціла манаграфію пра бацьку “Мець лёс не проста…”, і яшчэ раней — тры манаграфіі, адна з іх — у сааўтарстве з сястрой Эльзай. Летась з падтрымкай беларускіх калег я распачала падрыхтоўку да збірання новай “беларускай” кнігі Міхаіла Хонінава. Пад адной вокладкай будуць змешчаны новыя пераклады паэзіі і прозы, у тым ліку і згаданая аповесць. Добра б звярнуцца да артыкулаў пра жыццё і творчасць бацькі, аўтары якіх — Пятрусь Броўка, Аляксей Пысін, Васіль Матэвушаў, уключыць і рэцэнзіі, беларускія інтэрв’ю бацькі, яго ўспаміны, нататкі, фрагменты пісьмаў, напрыклад, Максіма Танка, каб больш шырока і разнастайна паказаць узаемныя літаратурныя кантакты. Будзе месца ў новай кнізе і здымкам розных гадоў, зробленым у Беларусі. Хочацца, каб дзеці, унукі бацькавых сяброў, якія прачытаюць кнігу, ганарыліся сваімі славутымі продкамі.

— Лёс Хонінава ваенных гадоў наклаў своеасаблівую пячатку на яго творчасць, на ўсё наступнае жыццё. Чым увогуле была Беларусь для вашага бацькі? Як часта ён успамінаў партызанскія гады ў нашай старонцы?

Лейтэнант М. Хонінаў. 1943
Лейтэнант М. Хонінаў. 1943

— Малодшым лейтэнантам бацька сустрэў вестку пра вайну ў Ташкенце. Яго полк кінулі на Захад, і 10 ліпеня 41-га ён удзельнічаў у баях за гарады Дзямідаў і Смаленск. Пасля акружэння ваяваў у партызанскіх атрадах на смаленскай і беларускай зямлі. Яго роту фашысты называлі дзікай дывізіяй, а за яго галаву давалі 10000 акупацыйных марак. Ён ваяваў на Міншчыне і Магілёўшчыне. Пасля вайны стаў Ганаровым грамадзянінам горада Беразіно. Не быў дома шэсць гадоў, а вярнуўся — у Сібір, дзе тады жыла яго сям’я. У верасні 44-га ён піша пісьмо пад назвай “Бывай, родны стэп!”, у якім спрабуе разабрацца ў прычынах сталінскага генацыду, імкнецца заступіцца за праўду. Гэтае пісьмо цяпер — у Нацыянальным архіве Рэспублікі Калмыкія. Захоўваў ён тое пісьмо ўсю ссылку, хоць ведаў: могуць быць суровыя наступствы. Тэме дэпартацыі бацька прысвяціў забароненую паэму “Мой шлях”, якую пасля яго смерці ўжо я надрукавала як вернуты да жыцця твор: спярша — у арыгінале, а затым пераклала на рускую мову. Вялікае месца ў паэме займае ваенная тэма, звязаная з Беларуссю. У ягоным рамане “Памятаеш, зямля смаленская...” героя завуць Мутул Хоніеў. У творы ёсць і старонкі беларускага перыяду яго жыцця. Без яго ўжо была надрукавана дакументальная аповесць “Бітва працягваецца”, і ў ёй таксама гучыць беларуская тэма. Не толькі вершы, не толькі паэмы прысвечаны вайне — “Званы Хатыні”, “Мой райкам”, але і вершаваная аповесць “Не страляйце ў радзіму маю”, не перакладзеная на рускую мову паэма “Ніна Рак — беларуска”, і апавяданні (напрыклад, “Як я быў канакрадам”), нарысы. Ён нам, дзецям, шмат расказваў пра Беларусь, ды так выразна, што мы завочна палюбілі вашу старонку. Мы чыталі кнігі беларускіх аўтараў, якія і цяпер ёсць у нашай бібліятэцы. Разглядвалі фотаздымкі з бацькоўскіх паездак па Беларусі. Слухалі і спявалі беларускія песні. Любімым ансамблем бацькі былі “Песняры” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна, любімай песняй — “Белоруссия” Ігара Лучанка. У нас і цяпер зберагаюцца падараваныя бацьку шахматы з дрэва, выразаныя беларускім майстрам: фігуркі там “апранутыя” ў нацыянальныя касцюмы.

Беларусь сапраўды стала другой радзімай майму тату, Міхаілу Хонінаву. Ён заўсёды прыязджаў ад вас, з Беларусі, як быццам насычаны, падсілкаваны любоўю і павагай дарагіх яму людзей. Мне здаецца, што больш за ўсё ў жыцці ён шанаваў гэтую повязь. У сябе, на радзіме, ён часта сутыкаўся з нядобразычлівасцю, праследваннямі, даносамі, што, канешне ж, скараціла яму жыццё.

— У пасляваенныя гады не аднойчы прадпрымаліся крокі па прысваенні Міхаілу Хонінаву звання Героя Савецкага Саюза. Раскажыце, калі ласка, пра гэта болей падрабязна.

Р. Ханінава — дачка ветэрана

— Бацька заўсёды даражыў тым, што яго ведаюць не толькі як Міхаіла Хонінава, але і як Мішу Чорнага. На яго надмагіллі гэтыя імёны — побач. Як і было на самай справе пры жыцці. У 1957-м яго былыя партызанскія камандзіры Савелій Герасімавіч Сідарэнка, Пётр Антонавіч Віліткевіч, Раман Іванавіч Шчарбакоў пісьмова звярнуліся ў Калмыцкі абкам КПСС з просьбай: хадайнічаць аб прысваенні М. Хонінаву звання Героя Савецкага Саюза. Да звароту прыклалі красамоўныя баявыя характарыстыкі. Падкрэсліваю, адбылося тое адразу пасля вяртання на радзіму калмыцкага народа, які быў абвінавачаны ў здрадзе ў гады вайны, сасланы навечна. Гэта ж як трэба было верыць у гістарычную справядлівасць і ў дачыненні да народа, і ў дачыненні да яго прадстаўніка, якую трэба было мець уласную грамадзянскую і патрыятычную пазіцыю, каб праявіць такую рашучасць! Землякі ж лічаць Міхаіла Хонінава народным героем, хаця шкадуюць, што няма афіцыйнага пацвярджэння. Цяпер спрабуюць у чацвёрты раз аднавіць справядлівасць у гэтым пытанні. Ужо ёсць вялікая публіцыстыка на гэтую тэму ў нашай рэспубліцы.

— Паэма Міхаіла Хонінава пра Хатынь: як з’явілася ў яго такая задума?

— Паэму бацька задумаў даўно. У 1969-м ён разам з жонкай быў запрошаны на адкрыццё Мемарыяльнага комплексу ў Хатыні. Тады ж у інтэрв’ю паэту і публіцысту Антону Бялевічу і расказаў пра сваю творчую задумку. Бялевіч, дарэчы, адным з першых напісаў невялікую публіцыстычную кнігу пра Хатынь — “Хатынь: боль і гнеў” (1971 год). Яна выйшла і ў Маскве масавым тыражом. На рускую мову паэму Міхаіла Хонінава пераклаў маскоўскі паэт-франтавік Аляксандр Нікалаеў, які таксама ваяваў у Беларусі. У бацькі быў, кажучы сучаснаю моваю, такі творчы праект: стварыць трыпціх пра спаленыя вёскі Лідзіцу, Сангмі, Хатынь. У 1975-м ён пабываў у В’етнаме. Але створана была толькі першая частка: “Званы Хатыні”. У сваім творы ён піша пра тое, што быў знаёмы з жыхарамі гэтай беларускай вёскі, якую спалілі разам з жыхарамі. У мяне ёсць артыкул на тэму Хатыні ў творчасці Міхаіла Хонінава і Давіда Кугульцінава — апошні прысвяціў гэтай трагедыі верш “Хатынь”.

Гутарыў Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter