Беларускія народныя казкі: аўдыёверсія

Той, хто з большага цікавіцца кніжным светам, ведае, што цяпер кнігі можна не толькі чытаць, але і слухаць. Такое “завочнае” знаёмства з літаратурай эканоміць час і ўжо стала даволі распаўсюджанай з’явай. Даведацца, што гэта такое, зараз могуць нават самыя маленькія аматары чытання. У Беларусі выпушчаны зборнік аўдыёказак з серыі “Беларускія народныя казкі”. Яго прэзентацыя адбудзецца 8 чэрвеня ў мінскім кінатэатры “Перамога” пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН “ЮНІСЕФ” у Беларусі.

Такая аўдыёкніга з’явілася ў нашай краіне ўпершыню. Яна унікальная не толькі гэтым. Казкі на беларускай мове чытаюць радыёвядучая і пісьменніца Тамара Лісіцкая, мастацкі кіраўнік дзіцячага калектыву “Калыханка” Людміла Рыжкова і музыкант групы “Палац” Алег Хаменка.

“Казкі і сёння вельмі любяць слухаць дзеці, — расказвае Тамара Лісіцкая. — У мяне іх двое, і ўсе тыя дыскі з рускімі казкамі, што ёсць у нас дома, яны з рук не выпускаюць. І я гэтаму вельмі рада. Казкі вучаць дзяцей разумець жыццё, разбірацца ў характарах людзей. Тое, што такі кампакт-дыск з’явіўся ў нашай краіне, — цудоўна. Яго каштоўнасць яшчэ і ў тым, што казкі гучаць на беларускай мове. Нам усім неабходна пачынаць асэнсоўваць тое, што родную мову патрэбна перадаць будучым пакаленням”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter