Беларускі цырульнік, ці Чым і ад чаго лячыліся нашы продкі

Старажытныя беларусы пакутвалі ад карыесу і артрыту, у пачатку XX стагоддзя жыхары Міншчыны, Гродзеншчыны і Магілёўшчыны часцей хварэлі на гастрыт, чым на туберкулёз, а рак яшчэ стагоддзе таму на Беларусі быў рэдкасцюПра музей гісторыі медыцыны Беларусі ведаюць далёка не ўсе. Між тым гісторыя хвароб нашых продкаў можа расказаць нямала цікавага. У гэтым пераканалася карэспандэнт “НГ” пасля наведвання гэтай незвычайнай экспазіцыі.

Умовы, у якіх жылі людзі на беларускіх землях больш за тысячагоддзе таму, нельга назваць антысанітарнымі: ежа захоўвалася ў глыбокіх халодных скляпах, а пахавальны абрад крэмацыі спрыяў нераспаўсюджванню інфекцый. Анты-санітарыя, сцвярджаюць гісторыкі, з’явілася з развіццём гарадоў. Тады і прыйшлі на нашы землі эпідэміі.
А ў IX стагоддзі жыхары тэрыторыі сучаснай Беларусі скар-дзіліся на карыес і парадантоз, артрыт (вынік нашага вільготнага, халоднага клімату), а дзеці хварэлі на рахіт (недахоп сонца і вітаміна D). І, зразумела, пакутвалі нашы продкі ад ран і траўм. Пераломы ўжо тады лячылі накладваннем шын, і гэта давала добры вынік. У экспазіцыі музея гісторыі медыцыны ёсць косці рук і ног, рэбры “ўзростам” больш за тысячагоддзе, “уладары” якіх (гэта бачна па косных мазалях на месцы пералому) пражылі пасля траўмы яшчэ не адзін дзесятак год.
Ад захворванняў знахары лячылі травамі, прычым фітатэрапія была досыць эфектыўнай. Абярэгі адносіліся хутчэй да прафілактычных сродкаў. На тэрыторыі сучаснай Беларусі папулярнымі былі амулеты-шумёлы (ад слова “шум”): калі чалавек рухаўся, яны меладычна звінелі — сучасныя медыкі кажуць пра гукатэрапію плюс моцнае самаўнушэнне.
Хоць стары медыцынскі анекдот “ну што, калега, будзем лячыць, або хай пацыент яшчэ пажыве?” быў актуальны, бадай, з часоў Гіпакрата і евангеліста Лукі, які па прафесіі быў урач. Старажытныя чарапы з прасвідраванымі ў іх дзірачкамі археолагі знаходзяць па ўсёй Еўропе, Азіі і Афрыцы. Беларускія курганы — не выключэнне. Трэпанацыя чэрапа была распаўсюджаным метадам лячэння, папулярным яшчэ ў старажытным Егіпце і Рымскай імперыі. Але якую хваробу лячылі такім чынам? Ці то высокі ціск, ці чэрапна-мазгавую траўму, а можа, так увогуле выганялі з цела чалавека зло — хваробу?..  Пасля такога “лячэння” выжывала каля 80 працэнтаў пацыентаў, што для старажытнай медыцыны нядрэнны паказчык.
Напрыканцы X стагоддзя на Беларусь прыходзіць хрыс-ціянства. У храмах пачэснае месца займаюць выявы святых лекараў Кузьмы і Дзям’яна Бяссрэбранікаў, а таксама святога Панцеляймона. На іконах яны намаляваны з пасудзінай для лекаў у адной руцэ і лыжачкай у другой. Кананічная выява святога Панцеляймона таксама з правобразам скальпеля — заточаным гусіным пяром у руцэ (такая ікона сёння вісіць у Мінску, у царкве Пятра і Паўла на Нямізе). Пазней узнікае традыцыя пакідаць у касцёлах воцівы — металічныя мініяцюрныя ручкі-ножкі-сэрцы і г.д. (у каго што балела) як падзяку за збаўленне ад хваробы. Заможныя людзі заказвалі воцівы з золата і срэбра.
Часнок супраць “удараў бесаў”
Да пачатку XIX стагоддзя беларускія землі не ведалі сыпнога тыфу і халеры. Гэтыя захворванні трапілі на нашу тэрыторыю толькі з напалеонаўскай арміяй у 1812 годзе. Затое бубонная чума, што спустошвала сярэднявечную Еўропу, не раз збірала шчодры ўраджай і ў Вялікім княстве Літоўскім, і ў Рэчы Паспалітай.
Даследчыкі скардзяцца на вобразнасць летапіснай мовы, што не дазваляе адназначна вызначыць тыповыя сімптомы, напрыклад, той жа “моравай язвы”,  што была занесена ў Мінск у 1505 годзе падчас нападзення сына крымскага хана Махмет-Гірэя, альбо “чорнай смерці”, што выкасіла ў 1348 годзе чвэрць насельніцтва Еўропы. Сучасныя дыягносты з удзячнасцю адзываюцца пра апісанне мора ў Полацку ў 1092 годзе ў Радзівілаўскім летапісе: нягледзячы на фантастычнасць апавядання, клінічная кар-ціна ўсё ж даецца. “Предивно быть Полотьске: бывше в нощи тутен (туман), станящь по улицы, яко человецы рищюще беси; аще кто вылезяше из хоромины, хотя видети, абье уязвлен будяше невидимо от бесов язвою, и с того умираху, и не сташе излазити из хором, но сем же начаша в дне являтися на коних, и не бе их видети самех, но конь их видети копыта; и тако язвляху люди полотьския и его область”. Раптоўнасць захворвання і хуткі смяротны зыход моцна ўразілі летапісца, адсюль і “ўдары бесаў”, і “конныя мерцвякі”. Але ж ёсць і некалькі слоў аб сімптомах: у адным месцы летапісу размова ідзе пра язвы, у другім апісваюцца раны, таму даследчыкі змаглі зрабіць вывад, што ў летапісе расказваецца менавіта пра бубонную чуму.
Барацьба з чумой (ды і з іншымі эпідэміямі) у сярэднявечнай Еўропе, як Заходняй, так і Усходняй, напачатку давала адваротны вынік. Сумесныя малітвы здаровых і хворых у касцёлах і цэрквах спрыялі распаўсюджванню інфекцыі. А знішчэнне “дапаможніц д’ябла і разносчыц заразы” — кошак прыводзіла да росту папуляцыі сапраўдных віноўнікаў эпідэміі — пацукоў.
Паступова прыходзіць уяўленне аб неабходнасці ізаляваць хворых, а таксама аб дэзінфекцыі. На каранцін зачыняліся цэлыя гарады — вакол выстаўляліся заставы.  Чуму сярэдневяковыя эскулапы лячылі, выразаючы і прыпякаючы запалёныя лімфавузлы, а таксама настоямі з часнаку, а да язваў прыкладвалі свежы бурак.
Сярэдневяковая “віягра”
Першае ўпамінанне пра аптэкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі адносіцца да XVI стагоддзя.
Што прапаноўвалі сярэдневяковыя аптэкі пакупніку?  Не мясцовыя гаючыя травы — іх вывучэннем займаліся знахары і варажбіты, што таксама былі запатрабаваны. Афіцыйная фармакапея прапаноўвала “дасягненні сусветнай медыцыны”: пяро фенікса, рог адзінарога (на самай справе — стоўчаны клык маржа), прывезеныя з Італіі альбо азіяцкіх краін карані мандрагоры.
Высокатаксічная расліна мандрагора лічылася магічнай дзякуючы форме яе каранёў, падобных на фігуркі мужчыны і жанчыны. У Грэцыі і Рыме расліну выкарыстоўвалі ў якасці анестэзіі перад хірургічнай аперацыяй. У сярэдневяковай Еўропе сцвярджалі, што мандрагора ўзмацняе мужчынскую сілу і пладавітасць у жанчын, спрыяе ўзнаўленню дзетароднай функцыі. Дабываць мандрагору лічылася справай небяспечнай, бо, калі яе вырываюць з зямлі, яна нібыта пачынае енчыць. Шэкспір у “Рамэа і Джульеце” піша: “Стогны мандрагоры, калі яе з каранямі вырываюць, — гэты гук даводзіць смяротнага да вар’яцтва”. Таму вырывалі чароўныя карані спецыяльна абучаныя сабакі.
Расліна гэтая была таксама абавязковым кампанентам прываротных зелляў. З гэтай мэтай сярэдневяковыя вядзьмаркі ноччу збіралі карані мандрагоры пад шыбеніцамі, на якіх памерлі нераскаяныя злачынцы.
Можна было набыць у аптэках Вялікага княства, як і па ўсёй Заходняй Еўропе, і тэрыякі. Тэрыякі лічыліся універсальным супрацьяддзем ад усіх атрут, у тым ліку і калі арганізм атручвае сам сябе ў выніку захворвання. Існавала многа разнавіднасцяў тэрыякаў, розных па саставу. Абавязковых жа кампанентаў, расказвае загадчыца музея гісторыі медыцыны Беларусі Вера Сысоева, было два — опій (настойка маку) і змяінае мяса (у нашых шыротах — мяса гадзюкі).
Згодна з легендай, першы тэрыяк быў вынайдзены царом Мітрыдатам VI (126—64 гады да н.э.). Прэпарат складаўся з 54 кампанентаў на вінна-мядовай аснове. Рэцэпт тэрыяка Мітрыдата, перапісаны рукою невядомага беларускага сярэдневяковага аптэкара, сёння — экспанат музея.
Паданне распавядае, што цар, баючыся быць атручаным, ставіў вопыты на  злачынцах і стварыў прэпарат, які настолькі добра абараняў ад любых ядаў, што, калі ўзнікла небяспека трапіць у рымскі плен, Мітрыдат вымушаны быў закалоцца мячом, бо на яго не дзейнічала ні адна атрута.
Тэрыякаў у старажытных аптэках прадавалася мноства: з 74 і больш кампанентаў для заможных (у іх склад маглі ўваходзіць золата, срэбра і нават стоўчаныя дыяменты), і з 12 — для тых, хто мог дазволіць сабе толькі танныя лекі.
Ад чаго памёр кароль?
Не будзе перабольшаннем сцвярджаць, што беларуская зямля займае значнае месца ў гісторыі сусветнай медыцыны. Менавіта на Беларусі быў вынайдзены метад лячэння пераломаў з дапамогай гіпсу. Абруселы немец Карл Гібенталь, які шмат гадоў займаўся ўрачэбнай практыкай на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, у першай чвэрці XIX стагоддзя першым у свеце апублікаваў артыкул пра медыцынскае выкарыстанне гіпсу пры пераломах. Доктар Гібенталь быў аматарам скульптуры, вось і нарадзілася ў яго рэвалюцыйная ідэя. У айчыне наватарства не падтрымалі, затое ацанілі ў Заходняй Еўропе. А ў нас гэты спосаб стаў выкарыстоўваць значна пазней знакаміты хірург Пірагоў.
Менавіта наш суайчыннік Рафаіл Юзэф Чарвякоўскі, родам
з-пад Пінска, заснаваў у Кракаўскім універсітэце кафедру анатоміі, хірургіі і акушэрства. Сёння палякі называюць яго бацькам польскага акушэрства.
І менавіта на беларускіх землях, у Гродне, у 1586 годзе адбылося першае ва Усходняй Еўропе анатаміраванне трупа. Было ўскрыта цела памерлага караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Незразумелай была прычына смерці караля, існавала меркаванне, што яго  атруцілі, таму і было вырашана правесці “экспертызу”. З медыцынскага пункту погляду ў тыя часы гэта быў сапраўдны прарыў, хоць устанавіць прычыну смерці не атрымалася. Сучасная медыцына па апісанні стану ўнутраных органаў прыйшла да высновы, што кароль памёр ад захворвання нырак.
Першае ва Усходняй Еўропе анатаміраванне цела прынята звязваць з імёнамі дыпламаваных італьянскіх медыкаў Сімані і Бучэла, але на самай справе ўрачы з вышэйшай адукацыяй у сярэднія вякі нічога не рабілі рукамі. Невыпадкова доктар медыцыны Францыск Скарына вядомы як знакаміты філосаф, гуманіст, першадрукар, а вось пра яго ўрачэбную практыку гісторыя маўчыць. Скарына быў дыпламаваным спецыялістам свайго часу, які мог разважаць пра сімптомы і метады барацьбы з хваробай. Сярэдневяковымі практыкамі медыцыны былі цырульнікі. Каб атрымаць гэтую прафесію, трэба было вучыцца
12 гадоў (у сучасных медунівер-сітэтах вучацца 6 гадоў). Цырульнікі не толькі стрыглі валасы, але і выдалялі хворыя зубы, аперыравалі мазалі і язвы, ампутавалі канечнасці. І першае ў гісторыі Усходняй Еўропы анатаміраванне памерлага, па сутнасці, зрабіў беларускі цырульнік, імя якога да нашых дзён не захавалася.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter