Беларускі «Офіс» у Малдове

Моладзь Купалаўскага заўважана экспертным саветам

Моладзь Купалаўскага заўважана экспертным саветам

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадстаўляе Беларусь на Маладзёжным тэатральным форуме, які адкрыўся ў Кішынёве. Як паведаміла “Р” прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб, 10 чэрвеня журы і гледачы ўбачаць спектакль “Офіс” паводле Інгрыд Лаўзунд у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай. Паказ адбудзецца на сцэне Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя А.П.Чэхава. У спектаклі прымуць удзел Міхаіл Зуй, Сяргей Рудэня, Вольга Скварцова-Кавальская, Павел Харланчук і Вікторыя Чаўлытка.

У праграму форуму спектакль быў адабраны экспертным саветам, які спецыяльна адглядаў пастаноўкі маладых рэжысёраў у краінах СНД, Балтыі і Грузіі. З 61 спектакля экспертны савет адабраў 12 найлепшых пастановак, у тым ліку “Офіс” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дарэчы, гэты спектакль ужо мае некалькі адзнак. Яму быў прысуджаны Гран-пры VI Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М@рт. Кантакт-2011». На гэтым жа фестывалі спектакль атрымаў прыз у намінацыі “Падзея форуму”. А ў сакавіку 2011 года за афармленне “Офіса” Алена Ігруша — сцэнограф і мастак па касцюмах спектакля — атрымала прэмію імя І. Ушакова.

Разам з работай Кацярыны Аверкавай у праграму ўключаны яшчэ 11 пастановак маладых рэжысёраў з Масквы, Бішкека, Баку, Вільнюса, Тбілісі, Кішынёва, Харкава, Ерэвана, Рыгі, Пракоп’еўска, Каршы. Па выніках форуму спектакль-пераможца прыме ўдзел у Міжнародным тэатральным фестывалі імя А.П.Чэхава, які адбудзецца ў наступным годзе ў Маскве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter