Беларускі карнавал запрашае

Заўтра на свяце пісьменства ў Барысаве можна будзе “з’ездзіць” на бясплатную экскурсію па трынаццаці старажытных гарадах і ўзяць аўтограф у Францыска СкарыныЮбілейны, 15-ы Дзень беларускага пісьменства анансуецца як “самы-самы”: упершыню нам пакажуць знак-сімвал свята, наладзяць дагэтуль нябачанае тэатралізаванае шэсце, разгорнуць на плошчы імправізаваную карту краіны з 13 гарадамі — сталіцамі Дня беларускага пісьменства і пакажуць незвычайны канцэрт вечарам. Чакаць усяго гэтага дзейства засталося менш за суткі — заўтра невялікі Барысаў напоўніцца такой колькасцю людзей, якой не бачыў яшчэ ніводны горад — сталіца гэтага свята. Добрая падстава з’ездзіць у горад на Бярэзіне і выдатна правесці выхадны дзень? Каб вам было прасцей арыентавацца “на мясцовасці” і не прапусціць самае цікавае, карэспандэнт “НГ” загадзя наведала Барысаў і даведалася, дзе і на што паглядзець.

Праменад з Міколам Гусоўскім
Самай відовішчнай і самай нечаканай падзеяй заўтрашняга дня ў Барысаве стане фестываль усіх былых сталіц свята пісьменства. Відовішча абяцае ўжо толькі колькасць удзельнікаў тэатралізаванага дзейства — каля 500 чалавек, а нечаканасць тоіцца ў тым, што нават самі арганізатары дагэтуль не ведаюць, якую менавіта прэзентацыю свайго горада наладзіць кожная з дэлегацый. Аднак сёе-тое разведаць усё ж удалося.
На цэнтральнай плошчы Барысава зробяць “выбарачную” карту нашай краіны: у кожнай былой сталіцы Дня пісьменства там будзе свая пляцоўка — гэткі горад у горадзе. Дэлегацыі ўжо рыхтуюць там свае выставы, мясцовыя прысмакі і выступленні ўласных артыстаў. Дарэчы, спіртное на свяце прадаваць не будуць, што лёгка тлумачыцца сутнасцю ўрачыстасці — дзень кнігі і духоўнага развіцця. Але да таго, як распачаць “экспрэс-экскурсію” па беларускіх гарадах,  вельмі  раім  не  прапусціць яшчэ адно шыкоўнае прадстаўленне, падрыхтоўка да якога ішла не адзін месяц. Упершыню ў гісторыі святкавання Дня пісьменства арганізатары вырашылі правесці тэатралізаванае шэсце афіцыйных дэлегацый, пісьменнікаў, дыпламатаў і іншых гасцей па імправізаванай алеі гарадоў — сталіц свята (шэсце пачнецца на праспекце Рэвалюцыі ў 11.45 і пяройдзе ў тэатралізаванае прадстаўленне на плошчы, якое прадоўжыцца да 14.00). Шлях праходжання калоны па часе будзе нядоўгі, але арганізатары абяцаюць, што відовішча будзе не горшым, чым славуты бразільскі карнавал, толькі з нашым беларускім каларытам. Героямі прадстаўлення стануць Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына, Кірыла Тураўскі, Пётр Мсціславец, Давыд Гарадзенскі, а таксама дачка князя Барыса, духоўная паплечніца Еўфрасінні Полацкай Звяніслава — усе амаль што сапраўдныя!
Дарэчы, пра гасцей: усім збіральнікам аўтографаў сучасных славутасцей адназначна трэба прыехаць у Барысаў, таму што такой вялікай колькасці вядомых прадстаўнікоў самых розных сфер у гісторыі святкавання Дня беларускага пісьменства не было яшчэ ніколі. На свяце чакаюцца пісьменнікі з Расіі, Украіны, Сербіі, краін Балтыі, Малдовы. гасцямі стануць каля 30 дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі. Як ніколі раней вялікая дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў збіраецца наведаць Барысаў — каля 130 членаў Саюза пісьменнікаў нашай краіны. Гэта не гаворачы пра эстрадных зорак, спартсменаў і іншых знакамітых гасцей — усяго каля тысячы чалавек.
Дзяўчына вагой 4 тоны
Юбілейны год правядзення Дня беларускага пісьменства наогул вырашылі зрабіць багатым на ўсялякія “фішкі” і “разынкі”. Пры гэтым адна з іх абяцае застацца з барысаўчанамі нават пасля таго, як свята пакіне горад. Гаворка ідзе пра адкрыццё ў гарадскім парку знака-сімвала пісьменства, якому з-за памеру і вагі цяпер больш падыходзіць вызначэнне “помнік”.
Гісторыя ў скульптуры яшчэ нядоўгая, але ўжо вельмі багатая, бо спачатку планавалася проста стварыць які-небудзь абстрактны знак у гонар 15-гадовага юбілею Дня беларускага пісьменства, на якім указаць усе гарады, дзе праводзілася свята. Разглядалі варыянт “букета” з металічных жэзлаў, кожны з якіх увасабляў бы адзін з гарадоў — сталіц Дня пісьменства. Але потым падумалі і вырашылі, што нядрэнна было б завесці традыцыю і ў кожным наступным месцы правядзення свята пакідаць які-небудзь сімвал. Не ўстаўляць жа ва ўжо існуючы “букет” кожны год новы жэзл! Так што першая ідэя памерла, не паспеўшы нарадзіцца, але ёй на змену прыйшло простае і сімвалічнае рашэнне. Хто сочыць за гісторыяй святкавання Дня беларускага пісьменства, зараз прыгадае, што ў Паставах у рамках урачыстасці пераможцам конкурсу “Мастацтва кнігі” пачалі ўручаць статуэтку “Залаты фаліянт”. Паколькі ўручэнне “фаліянта” тады вырашылі зрабіць традыцыйным, то менавіта вобраз статуэткі і прыйшоў у галаву аўтарам помніка.
“Дзяўчына з кнігай” у скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, трэба сказаць, атрымалася нядробная: разам з пастаментам яна важыць каля 4 тон і будзе глядзець на прахожых у гарадскім   парку   Барысава   з   вышыні 4 метраў! Якраз днямі скульптуру прывезлі на пастаяннае “месца жыхарства”, але бронзавую скульптуру пакажуць свету толькі заўтра ў 14.50 у гарадскім парку. Зараз арганізатары думаюць над тым, ці варта “кланіраваць” такія кампазіцыі для ўстаноўкі ва ўсіх наступных гарадах — сталіцах дня пісьменства, альбо ў кожным новым месцы прыдумваць штосьці арыгінальнае, каб у гараджан на памяць заставаўся свой унікальны сімвал свята.
Мастак стане экскурсаводам
Адразу два цікавыя мерапрыемствы пройдуць заўтра ў цэнтральнай раённай бібліятэцы ў Барысаве. Па-першае, будзе адкрыта мемарыяльная дошка мецэната і грамадскага дзеяча Івана Каладзеева. Як расказала дырэктар бібліятэкі Галіна Слесарэнка, Іван Каладзееў паходзіў з патомных дваран Чарнігаўскай губерні і з пачатку 70-х гадоў XIX стагоддзя быў звязаны з Барысаўшчынай. Імператар Аляксандр II за руплівую службу нават падараваў яму землі вакол тутэйшых вёсак Упірэвічы і Краснае. Каладзееў разгарнуў шырокую дзейнасць: быў сузаснавальнікам і акцыянерам прамысловых прадпрыемстваў у новай частцы гэтага павятовага горада, з яго лёгкай рукі пачалася тэлефанізацыя, і менавіта ён, з’яўляючыся знаўцам гісторыі вайны 1812 года, стварыў “Нова-Барысаўскі збор кніг, рукапісаў, гравюр, планаў і карт памешчыка Мінскай губерні І.Х.Каладзеева”. Пакуль гэтыя факты вядомы толькі вузкаму колу спецыялістаў, але заўтра справядлівасць будзе адноўлена — імя мецэната ў 14.00 з’явіцца на будынку бібліятэкі. А крыху пазней, у 14.20, у гэтай жа бібліятэцы ў гасцей горада будзе унікальная магчымасць трапіць на выставу беларускага мастака Валерыя Шкарубы — у суправаджэнні самога аўтара. Галіна Слесарэнка адзначыла, што ў сусветным асяроддзі мастак пазіцыяніруецца як адзін з самых цікавых пейзажыстаў Беларусі. Яго персанальныя выставы праходзілі ў прэстыжных музеях і галерэях Расіі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Японіі, многія карціны захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой, некаторыя знаходзяцца ў Нацыянальным музеі ў Мінску, таму магчымасць паглядзець на творы ў Барысаве, дзе мастак нарадзіўся, можна назваць унікальнай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter