Беларус у яўрэйскiм аблiччы

Менавiта так пiсьменнiк Пятро Васючэнка назваў свайго земляка паэта, пiсьменнiка, галоўнага дырэктара замежнага вяшчання Беларускага радыё Навума Гальпяровiча.

— Я нiколi не ўтойваў свайго паходжання, — расказвае Навум Якаўлевiч. — Не перапiсваў сваё прозвiшча. Лiчыў, што пакрыўджу гэтым свайго бацьку. У нашым пасёлку ля Полацка, дзе я нарадзiўся i вырас, асаблiва нiхто не цiкавiўся, якой хто нацыянальнасцi. Але памятаю, як тата вадзiў мяне ў цэнтр горада, дзе жыла мая бабуля, як ён размаўляў з ёй на iдыш. Я нiчога з iх слоў не разумеў. Бабуля гладзiла мяне па галаве i казала: “Ой, маленькi iдыш гой”. Я пытаўся ў бацькi: “Хто такi гой?” А ён мне тлумачыў, што гэта значыць iншаверац.
Ужо потым да мяне прыйшло ўсведамленне гiсторыi яўрэйскага народа. I я, канешне, як i многiя, ганаруся тым, што лепшыя прадстаўнiкi яўрэйскай нацыянальнасцi зрабiлi вялiкi ўнёсак у беларускую i сусветную культуру. Лiчу адзiнай Радзiмай тую зямлю, што дадзена мне лёсам. Тут жылi мае продкi, многiя з родзiчаў, як i мой бацька, ахвяруючы сваiм жыццём, у часы Вялiкай Айчыннай абаранялi родны край. Вельмi люблю нашу беларускую мову. На ёй гаворыць уся мая сям’я, дзецi, якiя, як i iх мацi, беларусы. Але больш пра гэта скажуць мае вершы:

“Ратаваннем ад нематы
Я свой лёс назаўжды
                                прыдумаў,
Беларускай душы матыў
Тут з бiблейскiм мяжуе сумам.
Бо адкуль даўнi продак мой:
З Вiфлеему цi Назарэту?..
Родны горад мой над
                                   Дзвiной,
Разгадаў ты загадку гэту...”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter