Беларусь—Расія—Украіна. Ураджэнцы Расіі, якія абралі месцам жыхарства Беларусь і Украіну, непарыўна звязаны школьнай дружбай.

Чытач “Народнай газеты” Уладзімір Сямёнавіч Рубан, жыхар вёскі Рэкта Жлобінскага раёна, верыць у сустрэчу з сябрам Мікалаем Яфрэмавічам Марчанкам, які павінен жыць ва Украіне, у Данбасе. Радзіма абодвух — Краснагорскі раён Бранскай вобласці (Расія).
— Мы аднакласнікі, сябравалі з восьмага класа,  вучыліся ў Калюдаўскай сярэдняй школе Краснагорскага раёна, якую скончылі ў 1953 годзе, — паведамляе Уладзімір Сямёнавіч. — Сябар скончыў Львоўскі горны тэхнікум, стаў шахцёрам. У 1955 годзе я атрымліваў ад яго пісьмы, а прыкладна з 1956-га сувязь перарвалася. Магчыма, Мікалай лічыць, што мяне ўжо няма на гэтым свеце, бо я вельмі цяжка хварэў, амаль год ляжаў у бальніцы.
Але, дзякаваць богу, хвароба адступіла. Уладзімір Сямёнавіч атрымаў адукацыю ў сельгасакадэміі ў Горках, увесь час працаваў у Беларусі, у сельскай гаспадарцы, зарэкамендаваў сябе высокакваліфікаваным спецыялістам, добрым кіраўніком, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Разам з жонкай Людмілай Сяргееўнай выгадавалі дачку, маюць двое ўнукаў. Цяпер на пенсіі, але не сядзяць без справы. Апрацоўваюць гектар зямлі, трымаюць карову, каня, быка, даглядаюць агарод, маюць добры сад каля дому, вельмі шмат кветак, нават дзеці ў пачатку навучальнага года прыбягаюць за букетамі.
— Час ідзе, мне нядаўна споўнілася 76 гадоў. Вельмі спадзяваўся, што да дня нараджэння змагу адшукаць сябра, але пакуль што не ўдалося. На нашай радзіме засталіся толькі старэнькія людзі, якія не ведаюць пра Мікалая. Аднак я веру, што сустрэча адбудзецца, і дапаможа ў гэтым праект “Помні імя сваё”, выпускі якога я ўважліва слухаю і чытаю, — дадае У.С. Рубан.
Мы з калегамі пастараемся дапамагчы сябрам знайсці адзін аднаго і сустрэцца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter