III Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Зов Полесья» пройдзе 13 верасня 2014 года ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна

Беларусь мая, Палессе!

Петрыкаўскi раён



У раёне пражывае да 30 тысяч чалавек, сярод якіх 16,5 тысячы — у вясковай мясцовасці. На Петрыкаўшчыне адкрыты 15 дамоў культуры, два дамы рамёстваў, тры цэнтры культуры і вольнага часу, тры сельскія дамы народнай творчасці і столькі ж клубаў народных традыцый. А таксама культурна-спартыўны цэнтр, аўтаклуб, чатыры сельскія клубы і пяць клубаў-бібліятэк. Толькі за першае паўгоддзе 2014 года ў раёне прайшло больш за 600 канцэртаў і да 4 тысяч іншых культурных форумаў і сустрэч. Самадзейныя калектывы, сярод якіх 12 са званнем народны і   ўзорны,   штогод   прымаюць удзел у рэспубліканскіх, абласных, раённых і міжнародных фестывалях і конкурсах. 

Восем дзевак, адзін я. З бубнам



«Спадчына» свае песні спявае не пад фанаграму, а пад гармонік


Прыехаўшы ў Курыцічы, якія знаходзяцца прыкладна ў дваццаці кіламетрах ад райцэнтра, адразу іду ў Дом культуры. Адтуль ужо даносяцца галасы мясцовых самадзейных артыстак. Як раскажуць мне пазней, тут заўсёды гасцей сустракаюць песняй, і ў гэтым адметнасць петрыкаўскіх палешукоў.


Гісторыя фальклорнага ансамбля «Спадчына», у якога сёння 15 артыстаў, пачыналася ў 1975 годзе. Аднойчы ў клубе сабраліся мясцовыя таленты і вырашылі, што з гэтага часу спяваць будуць разам. Рэпертуар знайшоўся хутка, бо кожны ведаў з дзясятак народных песень. А вось як назвацца? Хацелася, каб традыцыі і фальклор Курыцічаў перадаваўся з пакалення ў пакаленне, а імя «Спадчына» лепш за ўсё да гэтага падышло. Так даспяваліся да звання народнага — прысвоілі ў 1992 годзе. 


Кіраўнік ансамбля Тамара Хаменя на пытанне, ці ёсць у калектыве працаўнікі  сельскай гаспадаркі, смяецца: «Ды ў нас усе даяркі былыя ў калектыве!»


— Толькі Пятровіч — механізатар-камбайнер, — дадаюць артысткі і дружна прымаюцца за новую песню. Ім размаўляць некалі, трэба рэпеціраваць. 


Мікалай Крэс, ці Пятровіч, адзін з двух кавалераў «Спадчыны». Яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя быў запявалам і галоўным барабаншчыкам у вайсковым ансамблі песні і танца на Курыльскіх астравах. 


— А калі вярнуўся ў родную вёску, адразу ж прыйшоў у «Спадчыну», — гаворыць. — Тут і спяваю, і ў бубен б’ю. Выступаць разам з гэтымі маладымі дзяўчатамі выдатна. 


А ў «маладых дзяўчат», між іншым, ужо і ўнукі, і праўнукі ёсць. «Рэкардсменка» сярод усіх — Вера Шэлег. У яе 6 дзяцей, 12 унукаў і ўжо 15 праўнукаў. 


— Была ў канцлагеры ў Германіі. Вярнулася дадому і прапрацавала да пенсіі даяркай. Трымала трох кароў, курэй, гусей... А песня для мяне — гэта як аддушына, заўсёды радасць прыносіць, — распавяла Вера Цітаўна. — Мы і самі складаем песні, а спяваем не пад фанаграмы нейкія, а пад гармонік. На «Зове Полесья», каб ні з кім не паўтарыцца, выканаем песні ўласнага сачынення.

культура-фестиваль-полесье-02-200814 (Копировать).jpg

Запараная лаза і бліны на пні


На святочным падворку раёна «прапішуцца» буслы, стравы прыгатуюць на пні, а яшчэ адкрыецца фотавуліца. А колькі рэчаў палескага побыту: куфры, шафы, ложкі, тумбачкі і посуд для дома гаспадара, які стане цэнтральным на падворку. Збіралі іх з усяго раёна. Многія прадметы сапраўдныя рарытэты. 


Загадчыца сектарам культуры аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Петрыкаўскага райвыканкама Жанна Адаменка распавяла, што нават кінулі кліч па раёне, так хацелася зрабіць самабытны дом, з традыцыйнай мэбляй. У каго захаваліся ад бабуль і прабабуль цікавыя дэталі інтэр’еру, прыносілі да нас. 


Побач з рарытэтнымі ложкамі і канапамі мэбля і ўпрыгожванні з лазы. Іх у Петрыкаўскім раёне робяць два майстры, абодва вяскоўцы, Аляксей Чарнішэвіч і Вячаслаў Абрамцаў. Яны ж на фестывалі правядуць майстар-клас. Не толькі пакажуць, як можна сплесці нешта з лазы, але і навучаць правільна нарыхтоўваць прыродны матэрыял. Майстры прызнаюцца, тэхналогія не з простых. Трэба, каб лаза запарылася, «цеплавы ўдар» атрымала, ды пра ашкурванне не забывайце... Усе хітрасці, зрэшты, мне не раскрываюць, каб на «Зове Полесья» цікава было.


Яшчэ адзін сюрпрыз ад петрыкаўчан — фотавуліца. Вялікія стэнды для яе малюе мастак Дзмітрый Струк:


— Кожны хоча атрымаць запамінальную фатаграфію з фестывалю. Фотастэнд — гэта такія карцінкі без твараў. У адну хвіліну каля нашага падворка любы зможа «пераапрануцца» ў нацыянальны касцюм і зрабіць здымак у «дрэва жыцця». 


Ужо другі месяц да фестывалю рыхтуецца і майстар разьбы па дрэве Аляксандр Батан. «Выразаю вялікіх буслоў і гнёзды для іх. Як жа на Палессі без гэтай птушкі? Мабыць, у нас белых сімвалаў краіны будзе больш за ўсіх», — заўважае аўтар белакрылых.

культура-фестиваль-полесье-04-200814 (Копировать).jpg

Каму Ліхаманку і Рыжае шчасце?



Каб трапiць на петрыкаўскі падворак, якому ўжо можна прысвоіць званне самага ахоўнага на фестывалі, давядзецца прайсці сапраўдны фэйс-кантроль. Праскочыць не атрымаецца, бо патрабаванні да самой аховы выпрацоўваліся тут не гадамі, а цэлымі стагоддзямі. 

IMG_1444 (Копировать).jpg

Але не трэба турбавацца. Як распавяла майстар-метадыст Дома рамёстваў Надзея Жукавец, адна са стваральніц лялек-абярэгаў, дастаткова прыйсці на фестываль у вясёлым настроі і з добрымі думкамі:


— Кожны з абярэгаў, якія будуць не толькі ўпрыгожваць, а і ахоўваць наш падворак, нясе пэўны сэнс. Напрыклад, Ліхаманкі вешаліся ў доме ў пачатку зімы, а на Масленіцу спальваліся. Ляльку пад назвай Рыжае шчасце дзяўчаты бралі з сабой у дарогу, каб яна давала энергію гаспадыні. Абавязкова павінна ў доме быць і Берагіня, каб пасля сыходу дрэннага чалавека ўсё нядобрае за ім падмесці. 


Абярэгі дэлегацыі раёна заўсёды бяруць з сабой на любыя конкурсы, фестывалі і святы. Вырабляюцца яны ў Доме рамёстваў па традыцыйнай петрыкаўскай тэхналогіі. 


Абярэг, тлумачаць майстры, павінен быць безаблічным, каб злыя духі не ўсяляліся. Як правіла, усе лялькі прадстаўляюцца ў жаночых вобразах. Мабыць, выключэнне толькі Сонцаварот. Апранаюць жа абярэгі так, як характэрна заўсёды для жыхароў раёна, — вопратка абавязкова з поясам.


Самі рамеснікі будуць пад добрай абаронай. А забяспечаць яе строі, у якія апрануцца майстры. Іх таксама можна назваць сакральнымі, бо кожны шывок мае сэнс. Напрыклад, спецыяльна для «Зова Полесья» майстар-метадыст па саломапляценні Валянціна Фалеева, якая правядзе ў Ляскавічах майстар-клас і раскрые сакрэты вырабаў з саломкі, пашыла сабе ўнікальны ўбор. 


— У кожнага майстра павінен быць свой творчы вобраз. Касцюм пашыла з натуральных тканін, сёння іх проста купіць у беларускіх крамах, а ў дадатак да яго прыдумала каралі з воўны і тканы пояс. Вобраз атрымаўся па-сапраўднаму самабытным, — пахвалілася эксклюзівам Валянціна Леанідаўна.

 Фота Паўла ЧУЙКО

Падрыхтавала Наталля БАРЫСАВЕЦ, «СГ».


Фота Паўла ЧУЙКО, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter