Беларусь, Фiнляндыя i Еўрапейскi саюз

Фiнляндыя адзначыла 93–я ўгодкi сваёй дзяржаўнай незалежнасцi...

Фiнляндыя адзначыла 93–я ўгодкi сваёй дзяржаўнай незалежнасцi. Мы ганарымся сваёй паўночнай дзяржавай, якая ў 1917 годзе ў адгалоссi Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Расii здабыла незалежнасць, змагалася за яе ў гады Другой сусветнай вайны i развiлася з беднай сельскагаспадарчай краiны ў адну з найбольш заможных краiнаў свету. Сёння мы шануем памяць тых, хто загiнуў у войнах, i выказваем падзяку тым ветэранам, якiя яшчэ жывуць.


Што тычыцца Фiнляндыi i Беларусi, мы часцяком заўважаем, што гiсторыя нашых краiн мае цiкавыя паралелi. Бо абедзве яны ў мiнулым уваходзiлi ў склад магутных заходнiх дзяржаваў: Беларусь — у склад Вялiкага княства Лiтоўскага, а Фiнляндыя — у склад Швецыi на працягу амаль 700 гадоў. Па меры паслаблення гэтых заходнiх дзяржаваў нашы краiны патрапiлi пад уплыў магутнай дзяржавы, якая зараджалася на ўсходзе, г. зн. Расii: у 1795 годзе — Беларусь, а ў 1809 годзе — Фiнляндыя. Падчас рэвалюцыйных падзеяў у Расii ў 1917 — 1918 гг. абедзве краiны дамагалiся незалежнасцi. Фiнляндыя дасягнула незалежнасцi ў 1917 годзе i здолела яе захаваць. Лёс Беларусi складаўся па–iншаму, пакуль распад Савецкага Саюза ў 1991 годзе не змянiў сусветны парадак.


Беларусь — еўрапейская дзяржава, якая мае права на еўрапейскую будучыню. Беларусь — частка Еўропы як дзякуючы свайму геаграфiчнаму палажэнню, сваёй гiсторыi i культуры, так i — што яшчэ больш важна — таксама дзякуючы сваёй асабiстай волi. Спадзяемся, што Беларусь будзе эфектыўна праводзiць рэформы для забеспячэння больш шчыльнага супрацоўнiцтва з Еўрапейскiм саюзам. Прыклад Фiнляндыi мог бы служыць свайго кшталту арыенцiрам, бо iнтэграцыя Фiнляндыi ў еўрапейскiя структуры праходзiла паступова i стала часткай доўгатэрмiновага працэсу.


Прамежак памiж удзелам Фiнляндыi ў ГПТГ (Генеральнае пагадненне па тарыфах i гандлi — англ. GATT) i ўдзелам у Еўрапейскiм саюзе склаў 39 гадоў. У 1956 годзе Фiнляндыя зрабiлася сябрам ГПТГ, арганiзацыi — папярэднiцы Сусветнай гандлёвай арганiзацыi (англ. WTO). Iнтэграцыя Фiнляндыi ў Еўропу пачалася ў 1961 годзе, калi Фiнляндыя зрабiлася асацыяваным сябрам Еўрапейскай асацыяцыi свабоднага гандлю (анг. EFTA). У 1972 годзе было падпiсана пагадненне аб свабодным гандлi з Еўрапейскай эканамiчнай супольнасцю (англ. EEC) i адначасова з iм пагадненне аб супрацоўнiцтве з Саветам эканамiчнай узаемадапамогi (англ. CMEA). У 1986 годзе Фiнляндыя зрабiлася паўнавартым сябрам Еўрапейскай асацыяцыi свабоднага гандлю. У 1992 годзе Фiнляндыя падала сваю заяву на сяброўства ў Еўрапейскiм саюзе — i ў 1995 годзе ўвайшла ў склад ЕС.


Iнтэграцыйны шлях Фiнляндыi быў доўгiм i часам складаным у сувязi з тым, што яшчэ з часоў Савецкага Саюза стаўленне да вольнага гандлю ў межах ЕЭС было негатыўным. Фiнляндыя здолела дзякуючы свабоднаму гандлю i iнтэграцыi мадэрнiзаваць сваю эканомiку i выйсцi шырокiм фронтам на еўрапейскiя рынкi. З прычыны працяглага падрыхтоўчага перыяду сам працэс атрымання статусу сябра ў ЕС у 1990–я гады прайшоў хутка i адносна бязбольна. Тут можна адзначыць, што iнтэграцыя Фiнляндыi ў еўрапейскiя структуры праходзiла з адначасовым захаваннем добрых стасункаў з Савецкiм Саюзам, а потым — з Расiяй. Гандаль з усходнiм суседам заўсёды быў надзвычай iстотным для Фiнляндыi. Расiя i сёння з’яўляецца буйнейшым гандлёвым партнёрам Фiнляндыi.


На падставе фiнскага досведу магу з перакананасцю рэкамендаваць Беларусi сур’ёзна абмеркаваць прапановы Еўрапейскага cаюза, максiмальна выкарыстоўваючы ўсе наяўныя магчымасцi, здзяйсняючы рэформы хуткiмi тэмпамi i выконваючы неабходныя патрабаваннi. Гэта магло б шматкроць павялiчыць аб’ёмы гандлю i iнвестыцый памiж Беларуссю i краiнамi ЕС.


Фiнляндыя выступае прыхiльнiцай вольнага перамяшчэння грамадзян i спадзяецца, што Беларусь можа рухацца ў бок увядзення бязвiзавага рэжыму. Вольнае перамяшчэнне людзей уваходзiць у лiк базавых прынцыпаў Еўрапейскага саюза.


У межах Еўрапейскага саюза Фiнляндыя актыўна падтрымлiвае праграму «Усходняе партнёрства». Мы жадаем зрабiць свой унёсак у працэс, якi спрыяе зблiжэнню Украiны, Малдовы i Беларусi, а таксама Арменii, Азербайджана i Грузii з Еўрапейскiм cаюзам. Фiнляндыя прытрымлiваецца таго пункту гледжання, што Еўрапейскi cаюз мусiць надалей даваць больш адчувальную падтрымку рэформам краiнаў–партнёрак. Рэформы адпавядаюць iнтарэсам як вышэй азначаных краiнаў, такi i краiнаў Еўрапейскага саюза. Мы падтрымлiваем бягучыя перамовы аб заключэннi пагадненняў аб асацыяцыi. Лiчым, што бязвiзавы рэжым з’яўляецца мэтай доўгатэрмiновай перспектывы ў дачыненнi кожнай з шасцi краiнаў–партнёрак.


На падставе сваёй уласнай гiсторыi мы, фiны, непарушна верым у прынцыпы дэмакратыi, вяршэнства закону i грамадзянскай супольнасцi. Мы высока ацэньваем грамадскую ролю няўрадавых арганiзацый i СМi. Мы спадзяемся, што няўрадавыя арганiзацыi будуць шырока далучаныя да сферы дзейнасцi «Усходняга партнёрства».


Гэтымi словамi я хацеў бы заахвоцiць Беларусь да далейшых рэформаў. Беларусь мае ўсе падставы, каб ганарыцца сваiмi дасягненнямi. Беларусы, якiя прайшлi праз цяжкую гiсторыю, зарабiлi свае дасягненнi, на фундаменце якiх краiна можа будаваць стабiльную еўрапейскую будучыню. Мы, фiны, жадаем i надалей заставацца сябрамi Беларусi як у межах Еўрапейскага саюза, так i праз нашыя прамыя кантакты.


Аляксандр Стуб, мiнiстр замежных спраў Фiнляндыi


***


Этот материал был любезно предоставлен Посольством Швеции в Республике Беларусь.


Редакция выражает признательность уважаемому господину Александру Стубу за сотрудничество с газетой.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter