Белае маўчанне, або самая доўгая зiма Аляксандра Ганчарова

Сёлета адзначаецца Мiжнародны год Антарктыды. Самае непасрэднае дачыненне да гэтай падзеi мае бабруйчанiн Аляксандр Ганчароў. Тры дзесяткi гадоў таму ён у складзе навуковай экспедыцыi пабываў на белым кантыненце

Сёлета адзначаецца Мiжнародны год Антарктыды. Самае непасрэднае дачыненне да гэтай падзеi мае бабруйчанiн Аляксандр Ганчароў. Тры дзесяткi гадоў таму ён у складзе навуковай экспедыцыi пабываў на белым кантыненце.

— Мы прыбылi ў пасёлак Мiрны, — расказвае Аляксандр Фёдаравiч. – Шэсцьдзесят чалавек зiмоўшчыкаў. Дабiралiся i морам, аж тры месяцы гойдаючыся па хвалях Атлантыкi, i верталётам, калi наш «Мiхаiл Калiнiн» з-за суцэльнага ледастою не мог рухацца далей. Першае ўражанне ад Антарктыды — асаблiвая цiша, бы прыслухоўваецца да цябе, адкуль i чаго прыехаў. Снег, снег i шмат работы! Таму доўга i не расседжвалiся, а ўзялiся прымаць справы ў ранейшай вахты. Адны працавалi днём, другiя – ноччу. Як мы, геадэзiсты, напрыклад. Бо нам трэба было дакладна вызначыць становiшча спадарожнiкаў i перадаць свае разлiкi на Вялiкую зямлю. 

Метэаролагi свiдравалi лёд на розных глыбiнях, здабывалi пробы, па саставу iх вызначалi, якi быў раней клiмат на Зямлi. А праз мiнулае пазнавалi i наш час. Цiкавы занятак. Трохi iм зайздросцiў. Аднак працавалi метэаролагi не ноччу, а днём. Агульнае для ўсiх нас – спрыяльныя ўмовы надвор’я. Бо калi ўзнiмалася мяцелiца, на двор лепей i не паказвайся... 

Памятаю, адзiн з нашых вах­тавiкоў не ўлiчыў гэтага. Амаль праз суткi яго знайшлi. Абмарожаны, але жывы: «Хлопцы, на вас малiцца буду!» Аказалася, з метр адышоў ад жытла ды згубiў арыенцiроўку. Рушыў у бок «купала», як называюць палярнiкi Паўднёвы полюс. Добра, што так усё скончылася, а калi б iнакш... Нябожчыкаў з белага кантынента не вяртаюць. Пакiдаюць там назаўсёды. У той час, тры дзесяткi гадоў таму назад, у Мiрным налiчвалася адзiнаццаць магiл, якiя высякалi ў скальных пародах. 

Небяспека iншым разам пад­пiльноўвала там, дзе i не чакалi. Перш за ўсё расколiны, якiя нярэдка ўтвараюцца ў iльдах. Нi з таго нi з сяго — б-бах... Бывалi выпадкi, калi ў iх правальвалiся цэлыя трактары. Многiя вадзiцелi нават у самы люты мароз адкрывалi кабiны, каб у выпадку чаго выскачыць з iх. 

Як адаптавалiся ў новых умовах? Па-рознаму. Залежыць ад таго, наколькi ты фiзiчна i маральна загартаваны. Справа не толькi ў нiзкiх тэмпературах, але яшчэ i ў тым, што даводзiлася пражываць фактычна ў замкнутым асяроддзi, сярод адных i тых жа людзей. Гэта складана. «Успылiш», не так, як трэба, сябе павядзеш — з табой меней пачнуць кантактаваць. Нейкiх значных канфлiктаў у нас не здаралася. Тады не было «рыначнiкаў», душы былi, як той снег, чыстыя. Канешне, арганiзм падвяргаўся сур’­ёзным выпрабаванням — гэта ж Антарктыда. А тут яшчэ вада дыстыляваная, якую «выга­нялi» са снегу. Дабаўлялi лёд, марскую ваду, аднак гэта мала выратоўвала. Трэба было абвыкнуцца. I не кожны арганiзм спяшаўся рабiць гэта. 

Выпякалi нават свой хлеб. Ну а курацiна, дык тая ўжо i адварочвала. Каб зрабiць меню больш разнастайным, яшчэ i свежую рыбу лавiлi. Марскiх бычкоў i ёршыкаў. Спачатку ў якасцi прыманкi выкарыстоўвалi звычайны паралон, а потым кавалачкi самой рыбы. Лёд прабiвалi спецыяльным свердзелам на глыбiню да трох i болей метраў. Някепска iшла лоўля. Але гэта болей рабiлi для забавы, каб нечым сябе заняць. 

Са спiртным i курывам — праблемы. Iх выдавалi ў абмежаванай колькасцi. Той жа гарэлкi – паў­пляшкi кожнаму на ўсю зiмоўку. Пiнгвiнам на смех, як мы казалi. Што было рабiць? Прыдумвалi, цукар жа быў пад рукой. Ды i адсутнасць жанчын – немалаважнае пытанне. У асноўным зiмоўшчыкi – маладыя мужчыны. Спачатку было цяжкавата, а потым лягчэй стала. Да канца года мужчынскiя пачуццi зусiм «улег­лiся». Хоць у любы момант маглi ўспыхнуць... I калi вясной прыйшоў карабель i жанчыны, якiя былi ў саставе каманды, захацелi паглядзець, як жывуць доблесныя палярнiкi, iх суправаджала ахова. «Для перастрахоўкi, — казалi, — зiмоўшчыкi хлопцы добрыя, але...» 

У нас у экспедыцыi былi два сабакi, якiя дасталiся ад мiнулай вахты. Нехта з зiмоўшчыкаў прывёз крыху зямлi, i мы вырошчвалi гуркi. Не столькi тых агуркоў, колькi iх пах. Нават муху, якая жыла, вунь як аберагалi. Без родных сумавалi. А тут мая жонка цяжарная. Вось-вось павiнна была нарадзiць дзiця. I калi яе забралi ў радзiльны дом, мацi адбiла мне тэлеграму. Але пошта паступала ў Iнстытут Арктыкi i Антарктыкi i там «прасейвалася». I перадалi мне тэлеграму пасля таго, як роды добра прайшлi i нарадзiўся сын. Каб лiшне не хваляваць. 

Памятаю яшчэ адзiн выпадак. Быў у нас хлопец з Ленiнграда. У аўтамабiльнай катастрофе загiнула яго мацi. Яму паведамiлi аб гэтай трагедыi толькi тады, калi мы вярталiся назад. Ну а калi б раней, што б ён — назад паехаў? Не, бо да наступнай вясны нiякi транспарт не хадзiў. Толькi б пакутаваў, нерваваўся, чаго нельга было дапускаць. 

Зiмой маразы пад 60—70 градусаў, а летам яны спадалi i да дзесяцi, пятнаццацi. Некаторыя спрабавалi нават загараць, нейкую асалоду ад гэтага атрымлiвалi. 

Нам прадбачылася камандзi­роўка на станцыю «Усход», якая размяшчалася ў глыбiнi мацерыка. Да яе з грузам, канешне, iсцi месяц. А мы вырашылi «зрэзаць вуглы» i за тры тыднi ўправiцца. Якраз пераднавагоддзе. Самалёт павiнен быў вылецець да нас з падарункамi. А тут, на тое лiха, як завiхурыць – за метр нiчога не вiдаць... Можна сказаць, навобмацак рухалiся. I вось – гул самалёта. Мы давай факелы палiць. Усё, што было пад рукой (я нават курткi пазбавiўся). Прамахнiся хоць крыху пiлот – нам бы не ўбачыць падарункаў. А ён ладна пацэлiў. За гэта яму былi вельмi ўдзячны. Асаблiва я, бо ў пiсьме жонка выслала пасмачку валасоў нованароджанага дзiцяцi. 

Дзве з паловай тысячы рублёў за Антарктыду мне пе­равялi на ашчадную кнiжку. Не ведаю, многа гэта цi мала. Мабыць, сярэдне. Бо калi я захацеў купiць аўтамабiль «масквiч», грошай не хапiла i давялося пазычыць у знаёмых. А самае каштоўнае, што засталося, — гэта ўспамiны. Нярэдка згадваю членаў нашай экспеды­цыi, яе кiраўнiцтва. Вось бы з iмi сустрэцца! 

Неўзабаве пераехаў у Беларусь, у свой родны Бабруйск. Жыву тут i да гэтага часу. Працую ў вытворчым аб’яднаннi «Белшына».  Ёсць унук. Спадзяюся, што ён, як i некалi дзядуля, будзе палярнiкам i ўбачыць лёдавы мацярык. 

На здымку: Аляксандр Ганчароў (фота з яго архiва) каля экспедыцыйнай тэхнiкi.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter