БДЛТ ідзе ў нагу з часам

Сваё 75-годдзе адзначае Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны тэхнікум.

Сваё 75-годдзе адзначае Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны тэхнікум. А пачыналася ягоная біяграфія разам з базавым фанерна-дрэваапрацоўчым камбінатам, які неўзабаве стане адным з буйнейшых у Еўропе. Навучальная ўстанова забяспечвала “ФанДок” і іншыя прадпрыемствы краіны кваліфікаванымі кадрамі.

І далей бы, як кажуць, расці, удасканальвацца, але настала чорная дата – 22 чэрвеня 1941-га... Выкладчыкі, былыя і цяперашнія навучэнцы ўзняліся абарону Айчыны. Хто змагаўся з ворагам у Чырвонай арміі, хто ў партызанскім атрадзе, падполлі. У баях загінулі смерцю храбрых дырэктар тэхнікума П.І. Штыцко, сакратар партарганізацыі Н.М. Гарэлік, былыя навучэнцы А.Н. Туравец, Н.А. Лапата, В.А. Мацкевіч і іншыя. А танкісту, выпускніку тэхнікума перадваеннага года Паўлу Крываносу, які зрабіў гераічны ўчынак, было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (яго імем названа адна з вуліц і школа ў горадзе Клічаве, адкуль ён родам).

Пасля выгнання чужынцаў з роднага горада педагогі і навучэнцы, апрача таго, што аднаўлялі сваю вучэбную базу, яшчэ ўдзельнічалі ва ўзвядзенні гарадскіх аб’ектаў, у прыватнасці, чыгуначнага маста цераз раку Бярэзіну, вытворчых цэхаў базавага прадпрыемства, фандокаўскага стадыёна... Як кажуць, на ўсё іх хапала. Нездарма за такі ўклад тэхнікум атрымаў узнагароду Міністэрства адукацыі – радыёлу “Беларусь”, якая, між іншым, да гэтага часу захоўваецца ў музеі навучальнай установы.

Што ж датычыць першых пасляваенных выпускнікоў, то яны ў асноўным былі з тых, чыю вучобу перарвала вайна, або з былых франтавікоў, партызан. Гэта Е.Ф. Бар-

ташэвіч, Н.Б. Жукоўскі,

Б.М. Хмачынскі, Т.М. Тарабуеў, П.І. Тонкі і многія іншыя. Асабліва высока цанілі Аляксандра Санчукоўскага, які на працягу амаль двух дзесяткаў гадоў узначальваў

“ФанДОК”, пры ім ардэнаноснае прадпрыемства ўзяло пад сваё крыло некалькі мэблевых фабрык, вытворчых цэхаў.

У 1975 годзе тэхнікум быў перададзены Міністэрству лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, у ім адкрылася вячэрняе аддзяленне. Навучэнцы асвойвалі новыя прафесіі, звязаныя з укараненнем на вытворчасці аўтаматычных і паўаўтаматычных ліній, навейшых тэхналогій апрацоўкі драўніны. З таго часу тэхнікум навідавоку, ён неаднаразовы ўдзельнік ВДНГ СССР, прызёр Усесаюзных спаборніцтваў сярод аднатыпных навучальных устаноў. Да бабруйчан ездзілі за вопытам, тут праводзіліся разнастайныя семінары, канферэнцыі. Заўжды з павагай упаміналіся імёны педагогаў, такіх, як М.І. Хадсан, М.Л. Ратнер...

Нельга не адзначыць і таго, што ў тэхнікуме была шырока развіта мастацкая самадзейнасць, спорт. Тут падрыхтавана звыш трыццаці майстроў спорту і кандыдатаў у майстры, яго выпускнік Аляксандр Кісляк стаў чэмпіёнам краіны па веласпорце.

Пасля распаду СССР у тэхнікума былі і лепшыя часіны, і горшыя, але ніколі дрэнных. Вопытны калектыў на чале са сваім дырэктарам Пятром Бабічам рабіў усё, каб iсцi ў нагу з часам, тонка адчуваў патрабаванні часу. Пра гэта сведчыць і той факт, што падрыхтоўка навучэнцаў вядзецца па такіх надзённых спецыяльнасцях, як матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і збыт у дрэваапрацоўцы, менеджмент, прадпрымальніцкая дзейнасць і іншыя. З кожным годам колькасць навучэнцаў павялiчваецца. Сёлета на дзённае аддзяленне прынята 180 чалавек, ды і выбіраць было з каго – амаль тры чалавекі на месца. Моладзь падрыхтаваная, з такой прыемна мець справу. Ёсць платная група эканамістаў, каля двухсот чалавек набываюць веды завочна. Ды і ўмовы палепшыліся: новы трохпавярховы корпус са шматлікімі вучэбнымі кабінетамі, бібліятэкай, камп’ютэрнымі класамі, спартыўнай залай, маецца свой інтэрнат.

А яшчэ ёсць вытворчая

майстэрня. Яна, праўда, абсталявана станкамі, якія раней выкарыстоўваліся на “ФанДОКу”. Тым не менш дзякуючы належнаму догляду абсталяванне яшчэ добра служыць: на ім вырабляюць лыжкі, сталы і многае іншае, што спатрэбіцца ў вучнёўскай гаспадарцы. Аказваюць таксама і платныя паслугі насельніцтву па вырабу дзвярэй, аконных рам, дошкі-шалёўкі і гэтак далей. Капейку, якую выручаюць, укладваюць у аснашчэнне кабінетаў сучаснай тэхнікай, абсталяваннем.

І што асабліва важна, амаль усіх выпускнікоў, якіх бывае штогод да паўтары сотні, размяркоўваюць па бабруйскіх прадпрыемствах, а таксама па ўсёй рэспубліцы. Частка з іх працягвае навучанне ў Санкт-Пецярбургскай лесатэхнічнай акадэміі. Аднак нямала і такіх, хто застаецца ў горадзе на Няве на пастаяннае жыхарства. Ідзе “ўцечка мазгоў”. Гэтага нельга дапускаць. Вось чаму тэхнікум спрабуе ўстанавіць кантакты з Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, каб выпускнікі, якія пажадаюць, змаглі набываць там вышэйшую адукацыю па скарочанай праграме.

А цяпер пра тых, хто забяспечвае такую суладнасць навучальнай установы, верай і праўдай служыць ёй. Гэта такія шматвопытныя педагогі, як Элеанора Бацэноўская, якая перахапіла выкладчыцкую эстафету ў свайго бацькі і дастойна яе нясе, а таксама Васіль Вазракоў, Алег Калоша, Галіна Шавялёва, Наталля Бабаева і іншыя. Была б магчымасць, назвалі б кожнага – заслугоўваюць! Згуртаваны калектыў, у якім жывуць традыцыі, высокая адказнасць, дух творчасці і навізны.

25 лістапада ў тэхнікуме пройдзе святочны вечар з нагоды такой адметнай даты. На яго збяруцца былыя і цяперашнія педагогі, выпускнікі розных гадоў, прадстаўнікі грамадскасці, прадпрыемстваў і арганізацый. Напэўна, не абыдзецца без цёплых слоў, успамiнаў.

Нам толькі застаецца далучыцца да шматлікіх віншаванняў: хай тэхнікум будзе заўжды малады, а ягоныя выпускнікі – акрыленыя, жыццяздольныя!

На здымку: дырэктар тэхнікума Пятро Бабіч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter