Базавая стратэгія

У Гомелі пачала працаваць новая вяслярная база СДЮСШАР

У горадзе над Сожам уведзена ў эксплуатацыю новая вяслярная база СДЮСШ алімпійскага рэзерву

Адкрыццё ў Гомелі вяслярнай базы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 6 стала не выпадкова адным з цэнтральных мерапрыемстваў святкавання 75-годдзя з дня ўтварэння Гомельскай вобласці.

Менавіта ўраджэнцы паўднёва-ўсходняй вобласці ў акадэмічным веславанні і веславанні на байдарках і каноэ ў спартыўным дывізіёне нашай краіны атрымліваюць ільвіную долю ўзнагарод высокай пробы на чэмпіянатах міру, Еўропы і на Алімпійскіх гульнях. Толькі на апошняй Алімпіядзе ў Лондане медалі ў скарбонку беларускай зборнай прынеслі Раман Петрушэнка, Марына Палтаран, Надзея Папок, Вольга Худэнка... Паводле слоў старшыні Беларускай асацыяцыі каноэ Уладзіміра Цалко, водныя спартыўныя віды сталі па-сапраўднаму брэндавымі для Гомельшчыны. Большасць з пералічаных алімпійцаў на чале з галоўным трэнерам нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ мазыранінам Уладзімірам Шантаровічам прынялі ўдзел ва ўрачыстасці.

— Гэты ўнікальны аб’ект дазволіць прыцягнуць да заняткаў спортам вялікую колькасць дзяцей і моладзі, — зазначыў на цырымоніі старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. — І надзвычай важна, што дзяржава накіроўвае значныя сродкі ў развіццё спартыўнай інфраструктуры. Грошы, якія ўкладваюцца ў тое, каб развівалася моладзь, па сутнасці, з’яўляюцца самым надзейным унёскам у будучыню...

Дарэчы, новая вяслярная база ў гомельскім гарадскім раёне Якубоўка, на будаўніцтве якой асвоена 28 мільярдаў рублёў (у большасці выдаткаў з абласнога бюджэту, а таксама крэдытных сродкаў), стала пятым аб’ектам для воднікаў, уведзеным у рэгіёне за апошнюю пяцігодку. «Базавыя» пункты для весляроў раней з’яўляліся як у самім абласным цэнтры, так і ў Мазыры, Калінкавічах, Жлобіне. Адкрыццю ж апошняй базы ў горадзе над Сожам папярэднічала сур’ёзная рэканструкцыя непасрэдна гарадскога вяслярнага канала, што цяпер дазволіць не толькі арганізоўваць на належным узроўні трэніровачны працэс спартсменаў і весці падрыхтоўку рэзерву нацыянальнай каманды па веславанні, але і праводзіць тут спаборніцтвы самага прэстыжнага ўзроўню. Апрача таго, з новым аб’ектам з’явілася рэальная магчымасць павялічыць колькасць набору ў СДЮСШАР з 300 да 500 навучэнцаў: сярод 20 прадугледжаных тут новых рабочых месц значацца і стаўкі трох трэнераў па акадэмічным веславанні.

Увогуле ж, паводле звестак упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама, на Гомельшчыне веславаннем сёння займаюцца каля трох тысяч спартсменаў, 145 з іх уваходзяць у склад нацыянальнай каманды. Адзін з яркіх прадстаўнікоў гэтай кагорты — бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў-2012 Раман Петрушэнка разам з ганаровымі гасцямі ўрачыстасці адным з першых пазнаёміўся з умовамі, створанымі на новай вяслярнай базе. Якія гэта знаёмства пакінула думкі?

— Убачанае прыемна ўражвае, — зазначае спартсмен. — Тут ёсць гульневая зала плошчай звыш 400 квадратных метраў, зала сілавой падрыхтоўкі з наборам трэнажораў, элінгі для захавання вяслярнага інвентару, душавыя, сушылкі, пакой адпачынку. Да таго ж выхаванцы школы і простыя гамяльчане змогуць карыстацца паслугамі медыцынскага цэнтра, рамонтных майстэрняў. Словам, усё прадумана і зроблена на грунтоўным узроўні, і гэта не можа нас не радаваць...

На здымку: у трэнажорнай зале ёсць усе ўмовы для фізічнай падрыхтоўкі спартсменаў.

Фота: Вячаслаў КАЛАМІЕЦ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter