Байкерам звацца. Вiдаць, кожны хоць раз у жыццi бачыў байкераў: на вулiцы, па тэлевiзары, на якiм-небудзь свяце...

Раней iх называлi рокерамi. Iснуе таксама думка, што ўсе байкеры — п’янчугi ды анархiсты. Цi ж гэта так? “Не”, — упэўнена адказвае старшыня буйнейшага беларускага байкерскага клуба Iron Brothers (“Жалезныя браты”) Валерый БУТКЕВIЧ. Верыць Валерыю можна. Ён — маёр мiлiцыi, старшы оперупаўнаважаны ўпраўлення па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў i злачынстваў у сферы нораваў УУС Мiнаблвыканкама. Да таго ж — кандыдат юрыдычных навук. Згадзiцеся, спалучэнне цiкавае...
— Валерый, патлумачце, калi ласка, якое адрозненне мiж рокерам i байкерам?
— Рокеры, вiдаць, слухаюць рок, а байкеры расказваюць байкi (смяецца). Некаторыя памылкова адносяць да байкераў толькi тых людзей, якiя бяруць стары “Урал” i пачынаюць там нешта круцiць. Рукi па локаць у масле, сам увесь у мазуце... Пасля едзе на iм куды далёка, матацыкл па дарозе разоў 25 ламаецца... Гэта не зусiм байкеры, гэта — мотааматары. Але ёсць сур’ёзныя людзi, магчыма, бiзнесмены, якiя зарабляюць грошы розумам, а душу ўкладваюць у матацыкл. Яны робяць з матацыкла шэдэўр i ездзяць на iм — а не толькi рамантуюць увесь час. З заходнiх фiльмаў склаўся такi вобраз байкера: ездзiць на крутым матацыкле, рабуе банкi, ламае ўсiм скiвiцы... Думаю, цывiлiзаваныя людзi адчуваюць тут сiлу мастацтва.
— Каб быць байкерам, недастаткова мець правы катэгорыi “А”?
— Недастаткова. Трэба ўмець ездзiць. Трэба дайсцi да пэўнага ўзроўню, быць самадастатковым чалавекам, без розных комплексаў. Байкер не можа быць нейкiм зачуханым, брудным...
— Цi было такое, калi вы, як мiлiцыянер, сутыкалiся з “байкерскiмi” праблемамi?..
— Сутыкаўся... Даводзiлася вырашаць праблемы, тлумачыць. З некаторымi на гэтай глебе разышлiся. Бо яны не разумелi, што калi сталi байкерамi, то нясуць вялiкую адказнасць, любым сваiм адмоўным учынкам кiдаюць цень на ўвесь байкерскi рух.
— Даводзiлася, вобразна кажучы, з касухi даставаць мiлiцэйскiя корачкi?
— Даводзiлася. Калi, да прыкладу, супрацоўнiкi мiлiцыi самi перагiналi палку... Так было на адным фестывалi, калi прыйшоў нейкi п’яны ўчастковы i пачаў махаць пасведчаннем. Давялося забраць у яго пасведчанне... Працверазеў — аддалi. Скажу так: мне бывае часцей сорамна за сваiх калег, чым за байкераў... Захапленне матацыкламi дазваляе мне больш цвяроза глядзець на сваю працу i многiя рэчы.
— Колькi на Беларусi байкерскiх клубаў?
— Рэальных — 4. “Жалезныя браты”, “Псы дарог”, “Дысперадас” (“Адчайныя” — ездзяць на “Уралах”), “Ролiнг энэрхi”. Але зарэгiстраваны толькi наш.
— Сёння байкерскi клуб Iron Brothers (“Жалезныя браты”) — бадай, самы прэстыжны, масавы i вядомы мотаклуб Беларусi. А як усё пачыналася?
— Недзе ў 1980-я гады пачалi яднацца людзi, якiя мелi матацыклы, умоўна кажучы, “не толькi для паездак на лецiшча”. Мотааматары збiралiся ля Акадэмii навук, на пляцоўцы, адкуль цяпер адпраўляюцца турыстычныя аўтобусы за мяжу. Кожны год 1 красавiка яны адкрывалi байкерскi сезон. Гэта адбывалася i ў снег, i ў дождж, i пры любым надвор’i. Мы таксама шануем гэтую традыцыю. У 1996 годзе было створана тады яшчэ нефармальная аб’яднанне мотаклуб Iron Brothers. Чалавекам, якi гэта прыдумаў, быў Змiцер “Хэнк”.
— Раскажыце, калi ласка, пра сваю ролю ў клубе.
— Я прыйшоў у клуб у 1998 годзе. Тады ж мяне абралi старшынёй. Сёння наш клуб — гэта салiдная арганiзацыя, якую запрашаюць на такiя важныя мерапрыемствы, як Дзень горада, Дзень Незалежнасцi, Дзень вызвалення Беларусi. У Дзень горада на маiм матацыкле пасядзела пяць соцень чалавек! Мы заслужылi давер, у тым лiку i ў мiлiцыi, сваёй арганiзаванасцю i дысцыплiнай.
— А для байкера “па паняццях” займацца “сацыялкай” — удзельнiчаць у канцэртах, святах, “афiцыйных” мерапрыемствах?
— А што тут кепскага? Хiба дрэнна, калi мы, да прыкладу, апякаем дзiцячы дом у вёсцы Станькава? Ведаеце, колькi радасцi ў гэтых дзетак, калi мы прыязджаем з падарункамi, катаем iх на сваiх байках...
— Што для байкера ганебна?
— Ганебна не спынiцца на дарозе, калi на ўзбочыне ў некага сапсаваўся “жалезны конь”. Ганебна выпiць i сесцi на матацыкл. Такiм байкерам мы тлумачым, што гэта непавага да матора. Ганебна згубiць камiзэльку з эмблемай клуба — за гэта ўвогуле могуць выключыць з “Жалезных братоў”.
— Можаце злавiць момант, калi байкера ў Беларусi сталi паважаць?
— Прыблiзна. У 2000 годзе нам упершыню дазволiлi правесцi парад на праспекце Скарыны. Уяўляеце: сотнi шыкоўных блiскучых байкераў трыумфальна едуць па галоўным праспекце краiны!.. У той год у мяне нарадзiлася дачка — я назваў яе Вiкторыя. Бо гэта была сапраўдная перамога!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter