Міхаіл Краснік мог стаць кадравым ваенным, кар’ерным кіраўніком, а стаў непераможным і радавым механізатарам

Бацькоўскi поклiч

Міхаіл Краснік мог стаць кадравым ваенным, кар’ерным кіраўніком, а стаў непераможным і радавым механізатарам


ВЫБРАЎ сцяжыну простага хлебароба на сваёй малой радзіме — у адкрытым акцыянерным таварыстве “Іванскі” Чашнікскага раёна. І не шкадуе да гэтай пары. Мае два ордэны Працоўнай Славы, быў  дэлегатам II Усебеларускага Сходу. Стройны, падцягнуты. Не гаваркі, але кожнае слова важкае, нібыта колас на палях роднай гаспадаркі. Сустрэчы з такімі людзьмі, як ён, узбагачаюць, прымушаюць задумацца.

У СЯМ’І, дзе ён вырас, было восем дзяцей: дзве дачкі і шасцёра сыноў. Міша — першынец. Вучыўся  амаль на адны пяцёркі, паспяваў і паплаваць, і пагуляць у футбол, і на бацькоўскім сталярным станку зрабіць шпакоўню або табурэтку.

Па гуманітарных прадметах  Міхаіл быў першым у класе, ды і ў матэматыцы нядрэнна разбіраўся. А выкладчык фізкультуры прыкмеціў яго варатарскае майстэрства і  ўключыў у футбольную каманду школы. Балельшчыкі на матчах крычалі:

— Краснік гуляе класна!

Але якраз у старэйшых класах школы ў яго праявілася цяга да тэхнікі. І з атэстатам ён атрымаў правы вадзіцеля. Нярэдка падмяняў бацьку на трактары: араў, перавозіў грузы.

Міхаіл КРАСНІК. 2005 год.

Сябры неяк угаварылі Мішу паступаць у вышэйшае Львоўскае ваенна-палітычнае вучылішча. Паехалі пяцёра, а экзамены вытрымаў толькі ён адзін.

— Чакайце выклік, — сказаў яму на развітанне старшыня камісіі.

Шчаслівы вяртаўся  дахаты, ужо бачыў сябе палітработнікам. 

Маці, даведаўшыся, што сын паступіў у ваеннае вучылішча, занепакоілася. Упершыню думкі маці і бацькі разышліся не ў дробязях, а ў галоўным. Леаніду Цімафеевічу хацелася, каб сын выйшаў у людзі, атрымаў вышэйшую адукацыю. Маці ж штодня плакала, прасіла Мішу не ехаць у ваеннае вучылішча. І ён здаўся. Адправіў тэлеграму з просьбай выслаць дакументы назад.

А неўзабаве прызвалі ў армію. Служыў механікам-вадзіцелем ракетнай устаноўкі.  

— Служылася лёгка, — усміхаецца Міхаіл. — Тры разы пабываў у водпуску. Што за службу, а што — за футбол. Быў варатаром Паўднёвай групы войск.

Відаць, так і застаўся б Міхаіл Краснік у арміі. Яго адправілі на афіцэрскія курсы, прысвоілі званне лейтэнанта. Але тут — тэлеграма ад бацькоў. На гэты раз клікаў бацька: “Згарэў дом. Вяртайся, сынок, без цябе не ўправімся”. 

І ўжо другі раз на ваеннай кар’еры Красніка была пастаўлена тлустая кропка. Самае цікавае, што Міхаіл ці не адзіны ў Беларусі механізатар — маёр запасу.

ДОМ пабудавалі. Міхаіл уладкаваўся ў сельгаскааператыў механізатарам, нядрэнна зарабляў. Кіраўніцтва не магло не прыкмеціць яго, не прыняць у партыю, не рэкамендаваць у дэпутаты аблсавета. А потым паступіла прапанова адправіць ардэнаносца Красніка ў Маскву на вучобу ў Вышэйшую партыйную школу. Стыпендыю назначалі такую ж, як і яго механізатарская зарплата. А па заканчэнні вучобы “свяціла” пасада кіраўніка, кар’ерны рост. Гэта было больш перспектыўна ў параўнанні з Львоўскім ваенна-палітычным вучылішчам і прапановай застацца ў арміі. На падобнае маглі разлічваць адзінкі. 

Зноў лёс рабіў рэверанс у бок Красніка. К гэтаму часу Міхаіл Леанідавіч ажаніўся, атрымаў жыллё ў цэнтры гаспадаркі, расціў траіх дзяцей. Прыкінуўшы ўсе “за” і “супраць”, урэшце-рэшт не адважыўся пакінуць адну жонку з маленькімі дзецьмі — так і застаўся радавым механізатарам.

СВАЮ славу ён знайшоў на хлебнай ніве. Доўгі час яму не было роўных ні ў сваёй гаспадарцы, ні ў раёне. Намалаціць тысячу тон збожжа ў СВК “Іванскі”( так ён называўся раней) было вельмі цяжка. Палі тут пераважна дробнаконтурныя, невялікімі кавалачкамі, дзе і камбайну не развярнуцца. Яшчэ ўсяго паўтара дзясятка гадоў назад самы высокі намалот у гаспадарцы не перавышаў чатырохсот тон. А Краснік намалочваў у тры разы больш, браў сваю тысячу. 

— На хлебнай ніве перамагаюць тыя, хто выдатна ведае агрэгат. Як правіла, ім і давяраюць убіраць больш высокаўраджайныя ўчасткі, дапамагаць суседзям.

Міхаіл Краснік так і пайшоў з хлебнай нівы непераможным. Толькі не на заслужаны адпачынак, хоць якраз і падышла пара.

— Пяць гадоў таму пабудавалі мы сучасны малочна-таварны комплекс на тысячу кароў, — расказвае дырэктар гаспадаркі Віктар Унуковіч. — І адным з самых вострых пытанняў было: каму даверыць кармленне жывёлы? Прыйшлі да высновы, што лепш Міхаіла Красніка з гэтым ніхто не справіцца. 

Рабочы дзень Міхаіла пачынаецца ў 4 гадзіны раніцы. Ён загружае пры дапамозе спецыяльнага абсталявання з траншэй у агрэгат сянаж, сілас, перамешвае масу з камбікормам і развозіць каровам. Здаецца, усё даволі проста. Але гэта толькі на першы погляд, бо ў кожнай групы — свой рацыён. 

На тэхніку таксама неабходна выкраіць час. Трактар — новы, тут праблем няма. А вось у змешвальніку кармоў, на які надта вялікая нагрузка, хутка зношваюцца ланцугі. 

У ВОЛЬНЫ час, якога не так багата, Міхаіл любіць узяць у рукі добрую кнігу або пастругаць ці папіліць. Жыве адзін. Жонка, верная спадарожніца і дарадчыца, нядаўна пайшла з жыцця. Не забываюць дзеці: сын Аляксей, дочкі — Наташа, брыгадзір будаўнічай брыгады, і Надзея, выхавацельніца ў садзіку. У яго ажно шэсць унучак і ўнук Косця, і таму ў выхадныя ў хаце шумна і весела...

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter