Бацькоўскія карані. Менавіта яны і ўпэўненасць у заўтрашнім дні трымаюць людзей на зямлі.

Пры ўваходзе ў адміністрацыйны будынак СПК “Кастрычнік-Гродна” — помнік у палову чалавечай постаці. А на ім надпіс: “Крэмко Віталь Ільіч”. Міжволі ўспамінаеш прозвішча цяперашняга кіраўніка сельгаскааператыва.

Аказваецца, бацькоў-скую справу працягвае сярэдні сын славутага старшыні, Героя Беларусі — Сяргей. І яшчэ больш здзіўляешся, калі даведваешся, што ў гаспадарцы, якой Віталь Ільіч аддаў чвэрць стагоддзя, працуюць яшчэ два яго сыны — старэйшы Андрэй загадвае гароднінасховішчам, а малодшы Дзяніс — галоўны аграном “Кастрычніка-Гродна”.
Кажуць, сапраўдны мужчына выканае жыццёвыя функцыі, калі за свой век зможа пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выхаваць сына.
Калі зыходзіць з гэтых крытэрыяў, то славуты старшыня перакрыў іх шматразова. Ён не толькі дом пабудаваў. Ён пабудаваў сельскі вытворчы калектыў і зрабіў яго адным з лепшых у краіне. Тут, здаецца, спасціглі ўсе сакрэты сялянскай працы. Ураджайнасць збожжавых сёлета перавысіла 83 цэнтнеры з гектара, зерня кукурузы сабралі на круг па 112,7 цэнтнера. Усяго ў свірны засыпана больш як 33,5 тысячы тон збожжа. І гэта, сцвярджае намеснік старшыні Іван Швайбовіч, значна лепшы паказчык, чым у мінулым годзе.
— Жніво праводзім за тыдзень-паўтара, — зазначае Іван Леанідавіч.
З такой хуткасцю ўбіраюцца і іншыя палеткі гаспадаркі, бо тэхнічная ўзброенасць “кастрычнікаўцаў” высокая. Сёлета калгасныя эканамісты прагназуюць чысты прыбытак у 14,5 млрд рублёў, што амаль у тры разы большы за леташні.
Хоць жывёлагадоўля — не галоўная даходная галіна, але і яна робіць дастойны ўнёсак у калгасную скарбонку. Бо як ні круці, а на чатырох малочнатаварных фермах з сучасна абсталяванымі даільнымі заламі штодзень поўняць агульную даёнку 2055 кароў. А на пяці фермах і свінакомплексе нагульваюць мяса 7700 галоў цялят і 25 тысяч свіней. Аб прадукцыйнасці малочнага пагалоўя можна меркаваць па тым, што лепшы аператар МТФ Валянціна Куніцкая надойвае за год ад кожнай каровы ў сваёй групе па 8054 літры малака. Гэта, можна сказаць, “жывыя” штодзённыя грошы.
І Квасоўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе, дзе навучаецца 279 школьнікаў з калгасных вёсак, і дзіцячаму садку з яго 90 выхаванцамі з калгаснага кашалька перападзе. Яны і так жывуць без вялікіх праблем: у школе класныя пакоі, спартыўная і трэнажорная залы, бібліятэка абсталяваны па еўрапейскіх стандартах. Вучні беражліва захоўваюць гэткую прыгажосць і ўладкаванасць. Тут нават свая студыя тэлебачання “Каскад” ёсць. Што ж да садка, дык ён наогул на балансе гаспадаркі. Інакш, лічаць, нельга: гэта будучыня “Кастрычніка-Гродна”.
Пэўна, пра будучыню СПК дбаў і Віталь Крэмко, калі закладваў малады сад. Зараз ён займае плошчу 254 гектары і прыносіць калгасу разам з цукровымі буракамі самы важкі прыбытак, бо мае рэнтабельнасць 54 працэнты. А яшчэ круглы год школьная і садаўская дзятва мае бясплатную садавіну.
Хапае яе і гараджанам, і вясковым жыхарам. Чатыры фірменныя магазіны ў Гродне ды ўласны — у Квасоўцы, аграгарадку і цэнтры гаспадаркі, таксама рэалізуюць садавіну амаль круглы год і па значна больш нізкіх цэнах, чым каштуюць завазныя яблыкі: па 2100—2200 рублёў за кілаграм. Ды і па смаку ці ж іх параўнаеш?!
Таму невыпадкова сталі яны прадметам экспарту. Купляюць садавіну і расіяне.
А сакрэт добрай захавальнасці садовай прадукцыі вельмі просты. У кааператыве пабудавана спецыяльнае сховішча, якое і дазваляе зберагчы спажыўныя якасці яблыкаў аж да вясны. Развіваць гэтую галіну думаюць і далей. Зараз ідзе рэканструкцыя памяшкання былой цукерачнай фабрыкі, у якім размесціцца цэх па замарозцы ягад, пэўных відаў гародніны, расфасоўцы іх. Тады ўжо сапраўды можна будзе гандляваць імі да наступнага ўра-джаю. Ды і пастаўкі на экспарт павялічацца.
Крыху ўбок ад галоўнай вуліцы размясціўся ў гаспадарцы і яшчэ адзін сад — заалагічны. Як патлумачыў яго кіраўнік Аляксандр Баковіч, гадоў з дзясятак назад пачынаўся ён з двух маленькіх дзікоў, якіх злавілі паляўнічыя. Іх маці, відаць, загінула ці то ад браканьераў, ці ад ваўкоў. Потым неўзабаве пагранічнікі прывезлі медзведзяня, якое таксама адбілася ад дарослых звяроў. Леснікі знайшлі хворую аленіху. Так часовы звярыны прытулак пашыраўся, прымаючы новых выхаванцаў. Зараз тут вольна адчуваюць сябе яшчэ 10 высакародных і 3 плямістыя алені, 15 маралаў, 14 дзікоў, рысь, янот. У мінулым годзе з’явілася пара казуль. А зараз іх ужо чатыры.
Побач з вальерамі невялікае азярцо. Да маразоў на ім прыпыняюцца дзясяткі дзікіх качак. І адчуваюць птушкі тут сябе вельмі бяспечна.
Пытанне аб тым, які прыбытак прыносіць заасад, вельмі здзівіла Баковіча. Не доўга думаючы, ён адказаў:
— Душэўную асалоду і задавальненне. А яшчэ вы пабачылі б, з якой цікавасцю наведваюць звярынец дзеці. У Гродна ёсць сапраўдны заапарк, аднак да нас дзятва прыязджае часцей...
...Акрамя калгаснага саду былы старшыня, памяць аб якім захоўваецца, што адчуваеш на кожным кроку, трывала пасадзіў і сваё родавае дрэва. І моцнае яно, як і любое іншае, не тоўстым ствалом, не галінастай кронай, а каранямі. Менавіта яны сілкуюць усё астатняе. У Крэмко моцныя карані — тры сыны. І сілкуюцца яны ад роднай зямлі. Значыць, родаваму дрэву мацнець і надалей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter