Когда стоит начинать религиозное воспитание ребенка

Бацькі як настаўнікі

Правам і абавязкам бацькоў з’яўляецца выхаванне дзяцей. Бацькі-хрысціяне маюць права і абавязак выхоўваць сваіх дзяцей згодна з хрысціянскімі перакананнямі. У першую чаргу гэтае выхаванне адбываецца ў сям’і. На жаль, некаторыя бацькі лічаць, што выхаваннем іх дзяцей павінны займацца іншыя. Школа выхоўвае інтэлектуальна, Касцёл (Царква) — духоўна і гэтак далей. Аднак нельга забываць, што дзеці ў першую чаргу пераймаюць жывыя прыклады паводзін старэйшых і толькі пасля слухаюць тое, што ім кажуць. Таму першымі выхавальнікамі, у тым ліку паводзін і хрысціянскага духу, з’яўляюцца бацькі.

Нельга сказаць з вялікай дакладнасцю, у якім узросце неабходна пачаць займацца рэлігійным выхаваннем дзіцяці. Перадаючы добрыя і ўзнёслыя прыклады паводзін, чалавечага выбару, бацькі ўжо пачынаюць вучыць дзіця быць добрым хрысціянінам.

Вучыць маленькага чалавека маліцца, рабіць знак крыжа і гэтак далей можна тады, калі ён паступова пачынае разумець тое, што да яго спрабуюць данесці. Механічнае завучванне малітваў, асабліва калі яно звязана з пакараннямі, можа толькі нашкодзіць.

Падыход да выхавання дзіцяці, у тым ліку рэлігійнага, вельмі індывідуальны, паколькі дзеці адрозніваюцца сваімі магчымасцямі. Гэта не значыць, што ёсць дзеці горшыя ці лепшыя, проста яны неаднолькавыя.

Хрысціць жа дзіця неабходна пры першай зручнай магчымасці. Лепш зрабіць гэта да года пасля нараджэння дзіцяці. Дастаткова дамовіцца са святаром па месцы жыхарста. Дзіця не можа само прасіць аб хрышчэнні, яно хрысціцца па веры бацькоў. У выпадку небяспекі смерці хрысціць можа кожны чалавек.

Як бы гэта ні здавалася дзіўным, але першыя крокі рэлігійнага выхавання дзяцей і дарослых, якія толькі што ахрысціліся, вельмі падобныя. Важна расказаць, што ёсць адзін Бог і што з Ім можна размаўляць. Размова з Богам называецца малітваю, а маліцца можна сваімі словамі.

Калі мы хочам удзельнічаць з дзецьмі ў святой Імшы ці іншых сумесных малітвах, неабходна ў першую чаргу выбіраць такія сустрэчы вернікаў, якія спецыяльна арганізаваны для бацькоў з дзецьмі. Калі такой магчымасці няма, можна прыходзіць на любую сустрэчу, Імшу, набажэнства. У такім выпадку варта сачыць, каб дзіця не перашкаджала маліцца іншым. Можна выйсці на вуліцу ці ў нейкі пакой, калі дзіцяці цяжка захоўваць спакой.

Ніколі нельга казаць, што ўдзел у Імшы і сумесных малітвах больш важны за клопат пра дзіця. Калі клопат пра дзіця можна спалучыць з удзелам у публічных малітвах або калі ёсць з кім пакінуць малое, неабходна гэту магчымасць выкарыстаць. Хаця хрысціяне абавязаны захоўваць запаведзь “святкуй дзень святы”, але навучанне Касцёла выразна кажа, што ў нядзелі і ўрачыстасці “дапускаюцца дзеянні, звязаныя з сямейнымі абавязкамі або з паслугаю дзеля значнай грамадскай карысці, калі толькі гэта не вядзе да шкодных звычак адносна святкавання нядзелі, сямейнага жыцця і здароўя”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter