ТОП-темы

Бацька “Палескіх рабінзонаў”

21:00, 13 июня 2013
Юбілей Янкі Маўра — гэта свята ўсіх, хто любіць падарожжы і цудоўныя прыгоды

На выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы прадстаўлены творы Янкі МаўраЗайшоў у залу Нацыянальнай бібліятэкі, і адразу зразумеў: тут і пройдзе літаратурнае свята з нагоды 130-х угодкаў Янкі Маўра. Шмат дзяцей, разумных і вясёлых, зацікаўленых. Менавіта для такіх і пісаў мудры педагог, тонка адчуваючы дзіцячую душу. Размаўляў з імі, як з дарослымі, на роўных, паважаў у іх асобу. На вечарыне я пачуў: Янка Маўр варты нашай пашаны, а творы яго — нароўні з кніжным серыялам пра Гары Потэра. Яны не толькі цікавыя і павучальныя, а яшчэ і канкурэнтназдольныя. “Да кніг, якія адкрываюць чытачу свет і людзей і абуджаюць творчую фантазію, належаць кнігі Янкі Маўра“, казаў у свой час пісьменнік Алесь Якімовіч.
Адзін з удзельнікаў урачыстасці расказваў, як у дзяцінстве чытаў “Палескіх рабінзонаў”:
“Забыўся аб усім на свеце. Чытаеш, чытаеш… Нават і есці не хочаш. Добрая кніга аб’ядноўвае людзей. І таму яе трэба перакладаць на іншыя мовы. Калі будуць добрыя пераклады, тады людзі зацікавяцца. Праз рускую мову, напрыклад, у свеце сталі вядомыя Быкаў і Караткевіч, ды і не толькі яны”. З кім толькі ні параўноўвалі Янку Маўра! Жуль Верн, Чарльз Дзікенс, Марк Твэн... Але бярэш яго кнігу і разумееш: гэта Маўр. Падобны на ўсіх і непадобны ні на каго.
Варта яшчэ згадаць пра цікавую “жанчыну-з’яву” сярод беларускай інтэлегенцыі: Марыя Міцкевіч — унучка двух класікаў, Якуба Коласа і Янкі Маўра. Неяк на адной імпрэзе Адам Мальдзіс запытаў у яе: як адчувае сябе чалавек, у якога двое дзядоў — класікі? “Трэба адпавядаць, а паколькі я не пішу вершы, то займалася грамадскай справай, — адказала Марыя Міхайлаўна. — Хацела быць карыснай і ў іншых справах, таму занялася дабрачынным дзіцячым фондам “Сакавік”, хоць па прафесіі матэматык”. Марыі было сапраўды вельмі цікава з “дзедам Маўрам”, яна вельмі любіла яго размовы пра іншыя краіны і пачала вандроўкамі захапляцца. Дзеду вельмі многа лістоў прыходзіла ад эсперантыстаў свету. Яна пачала збіраць маркі, а ён падаграваў яе цікаўнасць да іншых краін.
Янка Маўр быў вялікі настаўнік. Пра гэта неаднаразова ўспаміналі родныя. Цішыня на яго ўроках, кажуць, была ідэальная. А каб атрымаць новую марку ў сваю калекцыю, Марыя Міхайлаўна павінна была ведаць усё пра краіну, з якой яна прыйшла. Таму, дарэчы, у свой час яна нават перамагла ў тэлеконкурсе “Што вы ведаеце пра Польшчу?”
Зяцем Янкі Маўра стаў сын Якуба Коласа. “Міхась Канстанцінавіч, хто такі Янка Маўр у Вашым уяўленні?” — запыталі ў яго на імпрэзе. “Мне як тэхніку нялёгка весці размову аб узроўні майстэрства пісьменнікаў, — адказаў ён. — Іван Міхайлавіч быў вельмі цікавым, неардынарным чалавекам. Цікавы быў сваёй самабытнасцю”.

Іван Бяляцкі

На здымку:
На выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы прадстаўлены творы Янкі Маўра

Андрей МУКОВОЗЧИК
Андрей МУКОВОЗЧИК
До конца