Пачалося паэтапнае ўключэнне ацяплення

Батарэі просяць цяпла

У краіне рэзка пахаладала. Па прагнозах сіноптыкаў, сярэдняя тэмпература паветра будзе на 3—5 градусаў ніжэй за норму. Так, да выхадных ужо чакаецца нуль раніцай і начныя замаразкі ад 0 да 5 градусаў. Але да такіх перамен надвор’я камунальнікі гатовыя — пачалося ўжо паэтапнае ўключэнне ацяплення.



Батарэі пацяплелі ў медыцынскіх установах, установах сацыяльнага забеспячэння, школах і дашкольных установах, музеях, дзяржаўных архівах, бібліятэках. Цяпло паэтапна пачынаюць падаваць і ў жылыя дамы. Так, усе спажыўцы і пастаўшчыкі цяпла Мінска гатовы да пачатку ацяпляльнага сезона. Пашпарты гатоўнасці да працы ў асенне-зімовы перыяд атрымалі 117 ЖЭСаў, а таксама ўвесь жылы фонд і сацыяльныя ўстановы.

«На працягу трох-чатырох дзён ацяпленне з’явіцца ва ўсіх жылых дамах Мінска. Пасля гэтага сістэмы ацяплення адрэгулююць», — запэўнілі ва ўпраўленні гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама. Таксама цяпло паэтапна паступае ў інтэрнаты, гасцініцы, басейны, агульнагарадскія лазні, тэатры. 

Усе астатнія рэгіёны краіны таксама завяршылі абавязковыя падрыхтоўчыя работы перад пачаткам ацяпляльнага сезона. Распараджэннем Брэсцкага аблвыканкама ацяпленне ўключана ў сацыяльных установах. Таксама цяплеюць батарэі і ў музеях, дзяржархівах, бібліятэках, жылых дамах.

«Ужо да выхадных усе аб’екты будуць ацяпляцца. На ўключэнне ацяплення патрабуецца два-тры дні. На прадпрыемствах, у арганізацыях, адміністрацыйных установах ацяпленне будзе ўключана ў апошнюю чаргу», — удакладняе Аляксей Мартысюк, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Брэсцкага аблвыканкама.

Гродзенская вобласць, дзе ў мінулым годзе ацяпляльны сезон пачаўся 6 кастрычніка, цалкам гатовая сустрэць зіму. Пакуль гарачымі батарэі становяцца ў аб’ектах сацыяльнай сферы, затым паэтапна цяпло прыйдзе ў інтэрнаты і жылы фонд. Наталля Прылепская, начальнік аддзела энергетыкі, транспарту і сувязі Гродзенскага аблвыканкама, дадае: «Запасы дроў, драўнянай дранкі, мазуту, торфабрыкету ў рэгіёне створаны ў дастатковай колькасці. Прапрацаваны пытанні з пастаўкай мясцовых відаў паліва насельніцтву». 

Што датычыцца Віцебскай вобласці, куды холад прыходзіць крыху раней, чым у іншыя рэгіёны краіны, першая група аб’ектаў ужо знаходзіцца ў цяпле. Анатоль Судак, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама, удакладняе: «Ужо сёння ўсе школы, дзіцячыя сады, бальніцы і іншыя сацыяльныя ўстановы па ўсёй тэрыторыі рэгіёна ацяпляюцца. З 8 кастрычніка цяпло з’явіцца ў жылых дамах, інтэрнатах, гасцініцах, усіх навучальных установах».

У Магілёўскай вобласці ў гэтым годзе ацяпляльны сезон таксама пачынаецца крыху раней, чым мінулы. У аддзеле энергетыкі і паліва Магілёўскага аблвыканкама тлумачаць: «Гэта звязана выключна з умовамі надвор’я. Тэмпература паветра пачынае зніжацца, а ноччу ў асобных раёнах чакаюцца замаразкі. Можа быць і невялікі снег». Дарэчы, да канца тыдня ў вобласці максімальная тэмпература паветра чакаецца на ўзроўні 4 градусаў цяпла.

У поўнай гатоўнасці да рэзкага пахаладання і службы ЖКГ Гомельскай вобласці. Вячаслаў Пархоменка, намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці», расказвае: «У рэгіёне праведзены прафілактычны рамонт 608 камунальных цеплакрыніц і 271 цэнтральнага ацяпляльнага пункта, якія знаходзяцца на балансе службаў ЖКГ. Гэта склала 100% да задання. Завершаны рамонт інжынерных сістэм ацяплення жылых дамоў, цалкам адноўлена герметызацыя стыкаў сценавых панэляў буйнапанэльных жылых дамоў і падрыхтаваны ўсе цеплавыя вузлы».

Юлія ІОСІФАВА

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter