Барыс Аракчэеў і яго вобраз часу

У творчасці знакамітага мастака тэма Вялікай Айчыннай вайны займае асаблівае месца
У творчасці знакамітага мастака тэма Вялікай Айчыннай вайны займае асаблівае месца.

“Трывожна. У дазоры”З майстэрні заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Ула-дзіміравіча Аракчэева адкрываецца цудоўны від: унізе, з вышыні сяміпавярховага дома, як на далоні — сталічная плошча Свабоды з новым архітэктурным абліччам былой мэрыі, побач бачны выразныя сілуэты праваслаўнага храма, сям-там між будынкаў праглядвае Свіслач, у далечыню імкнецца цяперашні праспект Пераможцаў...

Гэты гарадскі пейзаж знайшоў адлюстраванне ў шэрагу работ Барыса Уладзіміравіча. І сёння, калі мастак у свае восемдзесят два гады літаральна штодня прыходзіць у майстэрню, від з вокнаў нейкім цуда-дзейным чынам натхняе, надае творчых сіл.

Уласных карцін у яго вельмі шмат. Асобны — на ваенную тэматыку. Вайна напаткала Барыса Аракчэева на радзіме, у вёсцы Турбанава, што на Яраслаўшчыне, калі яму было ўсяго пятнаццаць гадоў. Працаваў у калгасе — цяжка даводзілася. Пайшоў аднойчы з заявай у ваенкамат, хацеў добраахвотнікам на фронт. “У цябе — маці-інвалід (бацька памёр за год перад вайной. — Аўт.), дзве сястры ды два браты малодшыя, дапамагай ім, — аргументаваў адмову ваенкам, дадаўшы: — Прыйдзе час, паклічам”.

Ён надзеў ваенную форму праз два гады, трапіўшы ў вучэбны батальён сяржантам — камандзірам аддзялення. Вучылі маладое папаўненне. І было гэта ў Беларусі, дзе ён застаўся назаўсёды.

“Брэсцкая крэпасць. 1941 год”Менавіта ў той час вызначылася яго жыццёвая пазіцыя, абвостраная чуласць да чужога болю, да дабраты чалавечай. А ёмістая, уражлівая памяць мастака Барыса Аракчэева потым, праз гады, часцяком вяртала ў абпаленае вайной юнацтва. Само сабой атрымалася пранікнёнае, вобразнае асэнсаванне тэмы подзвігу, мужнасці, гераізму, чалавечай годнасці.

З памяццю аб незабыўным мінулым пераклікаецца цэлая серыя работ Барыса Аракчэева пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Па гэтым камертоне жывапісец вельмі абвострана вызначыў свае адносіны да жыцця, ягонай каштоўнасці, да людзей з іх паводзінамі. Тэме Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны работы “Медсястра. Брэст. 1941 год” (1961), “Трывожна. У дазоры” (1963–1964), “Партызанскія завеі” (1968), “Партызанская сям’я” (1970). Мастак прымаў удзел у калектыўнай працы над шматпланавым палатном-дыярамай “Мінскі кацёл”. Дыярама прысвечана падзеям, якія звязаны з вызваленнем сталіцы Беларусі летам 1944 года і знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

Так, май — гэта Перамога. Для ўсіх, каго непасрэдна абпаліла сваім вогнішчам вайна, вясна заўсёды спалучаецца з пераможным маем 1945-га. Для Барыса Аракчэева той час стаў своеасаблівым адлікам яго жыццёвых памкненняў. Ён спаўна рэалізаваў сябе як Мастак. Дарэчы, мінскае мастацкае вучылішча, куды паступаў адразу пасля вайны, замест пяці гадоў скончыў за тры, потым быў у першым выпуску Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. І шмат працаваў. Яго работы набылі музеі, галерэі, яны атрамалі высокую ацэнку крытыкаў.
Барыс Уладзіміравіч і цяпер не супакойваецца. Калі мы сустракаліся, ён якраз рыхтаваўся да ўдзелу ў выязным пленэры (і гэта ў восемдзесят два гады!). Нягледзячы на свой сталы ўзрост мастак прагне знайсці новыя вобразы часу. І вельмі хочацца пажа-даць яму ў гэтым добрага творчага плёну.

Віктар Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter