Баранавічы прыняў рэспубліканскі студэнцкі форум «Моладзь — надзея і будучыня Беларусі»

Баранавічы — горад для моладзі

Мінулыя выхадныя для Баранавічаў былі яркімі і насычанымі. Горад, абвешчаны першай маладзёжнай сталіцай, прыняў рэспубліканскі студэнцкі форум «Моладзь — надзея і будучыня Беларусі».


Культурна-асветніцкія, эколага-турыстычныя і спартыўныя пляцоўкі, мала-дзёжны танцавальны флэшмоб «Мы з табой разам», конкурс мабільнай фатаграфіі, спаборніцтвы па камп’ютарных гульнях, па мастацкай гімнастыцы, спартыўнай акрабатыцы, паказальныя выступленні юных фігурыстаў — маладзёжнае свята было багата на акцыі і мерапрыемствы. Менавіта ў гэтыя дні былі адкрыты грамадзянска-патрыятычны праект «Збяры Беларусь у сваім сэрцы» і выстава «Свет творчасці дзяцей і моладзі».

Як паведамiла начальнік упраўлення па справах моладзі Мінадукацыі Наталля Пшанічная, ідэя выбару маладзёжнай сталіцы Беларусі з’явілася яшчэ ў 2014 годзе, але рэалізавалі яе толькі праз год як своеасаблівы вынік Года моладзі, які праходзіў у 2015-м. У складанай барацьбе, а на конкурс паступіла больш за 30 заявак, перамаглі Баранавічы. Апярэдзіўшы іншых прэтэндэнтаў не толькі па колькасці моладзі, якая пражывае ў горадзе, але і па ліку маладзёжных праектаў і ініцыятыў, наяўнасці інфраструктуры для працы з моладдзю. Перадаючы ключ мэру Баранавічаў, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што гэта не толькі сімвал свята, але і вялікая адказнасць. «Горад выйграў у сумленнай барацьбе і стаў пераможцам па ўсіх параметрах, якія прад’яўляліся да прэтэндэнтаў. Гэта вельмі важны праект, які накладае на Баранавічы адказнасць, бо на працягу года тут плануецца правесці шэраг міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Горад на год павінен стаць сімвалам маладзёжнай ініцыятывы, энергіі і крэатыву», — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.

У планах — правесці ў маладзёжнай сталіцы больш за 130 мерапрыемстваў. Прычым іх графік будзе дастаткова насычаным: кожны тыдзень у горадзе бу-дзе праходзіць па два-тры цікавыя для моладзі мерапрыемствы, а раз у месяц — рэспубліканскага маштабу. Злёты, фестывалі, конкурсы прафмайстэрства, розныя турніры — усе яны накіраваны на тое, каб раскрыць таленты і ўменні маладых людзей.

Акрамя тытула маладзёжнай сталіцы Баранавічы атрымалі яшчэ адно ганаровае званне — горада, дружалюбнага да дзяцей, далучыўшыся да вядомай акцыі ЮНІСЕФ. «Вельмі ганарова, што Баранавічы атрымалі тытул горада, дружалюбнага да дзяцей, менавіта ў юбілейны год, калі гораду спаўняецца 145 гадоў. Гэта сапраўды важна, бо больш за чвэрць насельніцтва Баранавічаў складае моладзь», — сказаў старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Юрый Грамакоўскі. 

Праект «Горад, дружалюбны да дзяцей» з’явіўся ў Еўропе ў сярэдзіне 90-х гадоў XX стагоддзя. У яго аснове — імкненне абараніць дзяцей ад небяспекі: сямейнага насiлля, экалагічнай неста-більнасці, сацыяльнай ізаляцыі, уцягвання ў крымінальнае жыццё. Сёння праграму рэалізуюць каля 900 гарадоў па ўсім свеце, сярод іх Масква, Санкт-Пецярбург, Вільнюс, Мюнхен, Лондан. У Беларусі да ініцыятывы далучыліся больш за 20 гарадоў.

У сваю чаргу прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар адзначыў, што Беларусь моцна прасунулася ў працы з моладдзю і гэтая работа вядзецца на высокім узроўні. «У цэлым Беларусь мае дастаткова добры вопыт, каб падзяліцца ім з іншымі краінамі Еўропы і ўсяго свету», — перакананы ён.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter