Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пабываў з рабочым візітам у Казахстане, дзе праходзіла пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

Бар’еры замінаюць справе?

Тады іх трэба здымаць

Тады іх трэба здымаць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пабываў з рабочым візітам у Казахстане, дзе праходзіла пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета


На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

Перагаворы кіраўнікоў дзяржаў былі прысвечаны тэмам паглыблення эканамічных адносінаў ЕАЭС з трэ­цімі краінамі і ключавымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі. Для нашай краіны асаблівую актуальнасць мелі пытанні канцэпцыі фарміравання ў ЕАЭС агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Яны таксама былі ў парадку дня. Акрамя таго, да абмеркавання прапаноўваліся асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў — членаў ЕАЭС на 2016-2017 гады, рэалізацыя асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці саюза.

У першы дзень візіту Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са сваім казахстанскім калегам Нурсултанам Назарбаевым. Лейтматыў размовы заключаўся ў тым, што Мінску і Астане неабходна прыняць меры для пераадолення негатыўных тэндэнцый у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Так, на стан двухбаковага дзелавога ўзаемадзеяння аказваюць уплыў вядомыя фактары. Складаная сітуацыя на сусветных рынках, няпроста ідуць справы ў Расіі і Украіне. А гэта асноўныя гандлёвыя партнёры як для Беларусі, так і Казахстана. Але сяброўская размова двух прэзідэнтаў заўсёды прыносіла карысць. Нагадаўшы пра гэта, Аляксандр Лукашэнка ўпэўнена сказаў, што і на гэты раз сумесна будуць знойдзены дзейсныя інструменты пераадолення праблем. Галоўная задача на сёння — пераламаць тэндэнцыю зніжэння ўзаемнага тавараабароту. І ўслед за прэзідэнтамі, якія выяўляюць палітычную волю да надання большай дынамікі гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву, сваё важкае слова павінны сказаць урады дзвюх краін. Дакладней, за імі ўжо не слова, а канкрэтная справа.

Яшчэ адзін важны аспект супрацоўніцтва датычыцца навукова-тэхнічнай сферы. Прапаноў на гэты конт гучыць нямала. А канкрэтней з імі вызначыцца, лічыць Прэзідэнт Беларусі, варта да візіту ў Мінск Нурсултана Назарбаева.

— Крызіс вечна не бывае, — адзначыў кіраўнік Казахстана. — Цяпер мы вядзём работу па далейшым стратэгічным супрацоўніцтве.

Што датычыцца пашыраных сустрэч, то ў парадак дня саміту ЕАЭС у Астане было ўключана каля паўтара дзясятка пытанняў. І па кожным прынята рашэнне. Наогул, першы год работы аб’яднання пакінуў дваякае ўражанне. З аднаго боку, запусціўшы махавік інтэграцыі, нашым краінам удалося значна знізіць рызыкі і мінімізаваць негатыўныя наступствы глабальных узрушэнняў на сусветных рынках. З другога боку, на пляцоўцы ЕАЭС дагэтуль не ўдалося пазбавіцца ад бар’ераў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Аляксандр Лукашэнка прынцыпова абазначыў гэтую праблему перад сваімі калегамі.

Інтэграцыя без агульнай эканамічнай прасторы — гэта нонсэнс. Ну як можна аб’ядноўвацца, пакідаючы за дужкамі пытанні фарміравання адзінага рынку вуглевадародаў, электраэнергіі, лекавых сродкаў, лібералізацыі транспартных паслуг. Але ж пра гэта ўсё, здаецца, дамовіліся, падпісваючы Дагавор аб ЕАЭС. Аднак па многіх пазіцыях далей размоў справа не скранулася. На жаль, пра безбар’ернае асяроддзе і роўныя эканамічныя ўмовы для дзяржаў-удзельніц пакуль даводзіцца толькі марыць. У выніку ўсе нясуць прамыя страты. Аляксандр Лукашэнка аргументаваў іх канкрэтнымі лічбамі.

— У 2012 і 2013 гадах унутраны гандлёвы абарот саюза быў на ўзроўні 65 мільярдаў долараў, у 2015 годзе — усяго 45 мільярдаў. Як бы наша аб’яднанне ні эвалюцыяніравала (спачатку Мытны саюз, затым Адзіная эканамічная прастора і, нарэшце, Еўразійскі эканамічны саюз), колькасць выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі не змянілася, так і засталася на ўзроўні шасці сотняў.

Увогуле, ад перагавораў у Астане чакалі калі не прарыву, то хоць бы нейкага руху наперад у запаволеным працэсе. І, падаецца, дачакаліся. Прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі зацвердзілі канцэпцыю фарміравання агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў да 2025 года. Сутнасць яе такая. Па-першае, энергетычныя кампаніі саюзных краін атрымаюць роўны недыскрымінацыйны доступ да нафтавай інфраструктуры партнёраў. Па-другое, змогуць закупляць нафту і нафтапрадукты без колькасных абмежаванняў па рыначнай цане і без экспартных пошлін. У наступным годзе прэзідэнты павінны зацвердзіць пакрокавую праграму рэалізацыі гэтай канцэпцыі, а затым падпісаць адпаведны дагавор. На такіх жа прынцыпах сфарміруюць і агульны рынак газу.

У Астане кіраўнікі дзяржаў адобрылі таксама Асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі на 2016 — 2017 гады. У ліку галоўных вылучылі тры паказчыкі: узровень інфляцыі, памер бюджэтнага дэфіцыту і знешняга доўгу. Па кожным з іх дамовіліся каардынаваць дзеянні, каб звесці да мінімуму адхіленне ад мэтавых прагнозаў.

Галоўны пасыл праведзенага саміту — рухацца наперад трэба смялей і больш рашуча. Тым больш што ЕАЭС становіцца ўсё больш прывабнай структурай для іншых дзяржаў. Літаральна на днях Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і В’етнамам. На чарзе Кітай, Індыя, Сербія, Ізраіль, Іран ды іншыя краіны. Не выключана, што ў хуткім часе мы ўбачым на еўразійскай прасторы аналаг Трансціхаакіянскага партнёрства. Галоўнае — не ўпусціць свой шанц.

ДАСЛОЎНА

Аляксандр Лукашэнка:


— Ад канцэпцый да іх увасаблення ў жыццё шлях часам бывае вельмі доўгім. І прычынай гэтаму мы з’яўляемся самі. Нам трэба самім быць моцнымі, усяляк умацоўваць свой саюз. Тады нам лягчэй будзе весці дыялог і з Еўрапейскім саюзам, і з КНР, і з іншымі. Тады мы будзем моцнымі і будзем выступаць з адзіных пазіцый.

Уладзімір Пуцін:

— Мы робім чарговы крок да стварэння да 2025 года адзінага рынку вуглевадародаў, пра што шмат гаварылі і спрачаліся ў свой час. Падрыхтаваны адпаведныя дакументы, якія прадугледжваюць роўныя ўмовы канкурэнцыі на тэрыторыі ўсяго саюза, каб сукупны эфект у газавай галіне склаў больш за 1 мільярдаў долараў у год, а нафты — да 8 мільярдаў долараў штогод.

Нурсултан Назарбаеў:


— Аб’яднаны рынак ЕАЭС абавязаны стаць сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Свабоднае перамяшчэнне тавараў і паслуг у рамках нашага саюза адпавядае кітайскай ініцыятыве эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Гэты праект убярэ ў сябе тыя сферы супрацоўніцтва, якія ўяўляюць эканамічную выгаду і ўзаемную цікавасць для нашых краін.

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter