Бальзам на трэнерскую душу

З 75-гадовым юбілеем свайго сябра, заслужанага трэнера Беларусі Валерыя Глезера, які выхаваў дзясяткі майстроў спорту і шэраг чэмпіёнаў свету па вольнай і класічнай барацьбе, самба і дзюдо, павіншаваў трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр МядзведзьВыбраць правільную стратэгію, што ўрэшце прыводзіць да добрых вынікаў, лічыць трэнер-юбіляр, далёка не кожнаму ўдаецца. Што ў жыцці, што ў барцоўскім паядынку. “Здавалася б, вось ты ў жыццёвай схватцы бярэш верх, ты ўжо лідар, улюбёнец лёсу: схапіў, як кажуць, Бога за бараду, да перамогі рукой падаць… — разважае Валеры Якаўлевіч. — Я такіх спрытных нямала на сваім вяку пабачыў. А жыццё ж такое: р-раз, робіць падсечку, пераварот — і дзе той герой? А чаму? Бо ў нечым, у стратэгіі пралічыўся. У тактыцы быў моцным, напорыстым. Займаў, можа, пасады нахрапам, сем шкур з падначаленых драў — і “вырашаў пытанні”, і цябе баяліся, табе дарогу саступалі… Усіх, лічыў, заткнуў за пояс — а не разлічыў, што ў жыцці ўсё ўраўнаважваецца. Што тваё табе ж і вернецца. І з чым застанешся, калі твая “ўлада” скончыцца? Таму мая стратэгія і ў барацьбе, і ў жыцці такая: дабрыня, працавітасць, сяброўства... Увогуле сіла павінна быць добраю — інакш навошта яна? Грош ёй цана! Так і ўсім сваім вучням кажу”.
З 75-гадовым юбілеем свайго сябра, заслужанага трэнера Беларусі Валерыя Глезера, які выхаваў дзясяткі майстроў спорту і шэраг чэмпіёнаў свету па вольнай і класічнай барацьбе, самба і дзюдо, павіншаваў трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь

Заслужаны трэнер Беларусі Валеры Глезер з “чэмпіёнкай Анжэлай” і маладой зменайВыбраць правільную стратэгію, што ўрэшце прыводзіць да добрых вынікаў, лічыць трэнер-юбіляр, далёка не кожнаму ўдаецца. Што ў жыцці, што ў барцоўскім паядынку. “Здавалася б, вось ты ў жыццёвай схватцы бярэш верх, ты ўжо лідар, улюбёнец лёсу: схапіў, як кажуць, Бога за бараду, да перамогі рукой падаць… — разважае Валеры Якаўлевіч. — Я такіх спрытных нямала на сваім вяку пабачыў. А жыццё ж такое: р-раз, робіць падсечку, пераварот — і дзе той герой? А чаму? Бо ў нечым, у стратэгіі пралічыўся. У тактыцы быў моцным, напорыстым. Займаў, можа, пасады нахрапам, сем шкур з падначаленых драў — і “вырашаў пытанні”, і цябе баяліся, табе дарогу саступалі… Усіх, лічыў, заткнуў за пояс — а не разлічыў, што ў жыцці ўсё ўраўнаважваецца. Што тваё табе ж і вернецца. І з чым застанешся, калі твая “ўлада” скончыцца? Таму мая стратэгія і ў барацьбе, і ў жыцці такая: дабрыня, працавітасць, сяброўства... Увогуле сіла павінна быць добраю — інакш навошта яна? Грош ёй цана! Так і ўсім сваім вучням кажу”.
Пра мудрага жыццялюба, які не стамляецца перадаваць багаты спартыўны і жыццёвы досвед моладзі, мы пісалі ў тэксце “Ляціце, галубы, ляціце!..” (2010, 10 чэрвеня). Рабочая назва тэкста была “Барацьба і галубы” — бо трэнер вядомы і ў свеце галубаводаў. Тады ж згадвалі, што з 1958 года Валеры Якаўлевіч сябруе са знакамітым Аляксандрам Мядзведзем, тройчы алімпійскім чэмпіёнам па вольнай барацьбе: займаліся ў адной секцыі. Абодва вядомыя трэнеры, працавалі 30 гадоў на адной кафедры. Праўда, Глезер праявіўся ў спорце не так ярка, аднак быў і чэмпіёнам Беларусі, і міжнароднае званне дзюдаіста шостага дана атрымаў да 70-годдзя. Ён чатыры разы майстар спорту: па класічнай і вольнай барацьбе, па самба і дзюдо. У інтэрнэце пра яго пішуць як пра аднаго з лепшых дзіцячых трэнераў па барацьбе ў Мінску. А на адказ скептыку — маўляў, Глезер жа “вольнік” — чытаем пра яго “майстарскі квартэт” і далей: “Хацелася б паглядзець, як ты, наш сябар, у свае 75, як Валеры Якаўлевіч, зможаш кожны дзень працаваць з дзецьмі, ды яшчэ і рыхтаваць майстроў! Табе ўсе будуць толькі апладзіраваць! Валеры Глезер падрыхтаваў дзясяткі майстроў спорту, у тым ліку і майстроў спорту СССР — і гэта ўсё будучы “вольнікам”, як ты кажаш”.
Ён быў суддзёй на Алімпіядзе-80 у Маскве. І нават у 56 гадоў выступаў на чэмпіянаце свету па самба ў Францыі. “Алімпійскага чэмпіёна 2004 года ў Афінах Ігара Макарава з самага пачатку вёў да перамог мой вучань, Уладзімір Асін — студэнтам у мяне займаўся,” — расказваў мне трэнер.
Рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, акадэмік Барыс Хрусталёў таксама з ліку вучняў Валерыя Якаўлевіча, і неяк з гонарам казаў тое калегам, вітаючы трэнера. Пра тое за “юбілейным” сталом, які арганізаваў Глезер для вучняў у БНТУ, мы таксама гаворым, папіваючы каву ды гарбатку. “Мне вось такі збор — як бальзам на душу, — абводзіць трэнер поглядам хлопчыкаў і дзяўчынак, што налягаюць на ананасы, бананы, пірожныя. — Падумаў: з кім жа найлепш адзначаць юбілей, як не з імі? Вунь і ўнук Рэнат, сам цяпер трэнер. Дарэчы, Анжэлку Паім-Краскоўскую гэта ж ён да мяне ў секцыю прывёў з 20-й школы. Яна была чэмпіёнкай свету па самба ў 2011-м у Вільнюсе, а ў 2013-м — чэмпіёнкай Еўропы ў Італіі. Нядаўна ў новую кватэру засялілася, запрашае ўсіх на наваселле, бо мы ж — як адна сям’я”.
Малую частку гэтага “барцоўскага брацтва” розных пакаленняў я і сфатаграфаваў у зале дзюдо перад чаяпіццем. А перад тым другакласніцы-сяброўкі Стэфанія Дудкевіч і Дар’я Міштаўт ахвотна паказвалі, як яны… танцуюць на трэніроўках у Валерыя Якаўлевіча: там увогуле любяць займацца пад музыку. “Яны толькі падступаюцца да барацьбы, але ўжо многае ўмеюць,” — задавалена бабуля адной з іх, Валянціна Пятроўна. А юная Стэфанія, сціснуўшы кулачкі, казала, што ўжо не дае ў крыўду сябровак, калі іх хлопчыкі “толькі збіраюцца пакрыўдзіць”.
Трэнера-юбіляра віншава­лі такія яго вучні, як чэмпіён першынства свету сярод моладзі Дзмітрый Бажко (Масква, 1991): ён цяпер прадпрымальнік. Прыйшоў у залу выкладчык БНТУ Аляксандр Нагорскі. Вядомых навукоўцаў згадвалі: Алега Белага, Сямёна Добкіна… У ліку вучняў Глезера шмат людзей цікавых, неардынарных — усіх не пералічыць!
За юбілейным сталом калегі-трэнеры Уладзімір Грышчанкоў і Васіль Сакалкоў зачыталі віншаванне ад тройчы алімпійскага чэмпіёна. Прыводжу яго цалкам. “Паважаны Валеры Якаўлевіч! Дарагі сябар! Пражыць такое доўгае жыццё ў 75 гадоў, захаваўшы пры тым юнацкую весялосць і душэўную радасць, дадзена не кожнаму. Ты — адзін з такіх шчасліўчыкаў. Ты — заўсёды малады і заўсёды любімы, самы лепшы бацька, дзядуля, сябар. Сёння мы жадаем табе і далей захоўваць гэты агонь дабрыні і юнацтва ў сэрцы. І жыць доўга і шчасліва. Аляксандр Мядзведзь”.
Валеры Глезер працуе ў Мінскай абласной комплекснай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву. Пажадаем яму добрых вучняў і новых перамог. У спорце і ў жыцці.
Дарэчы. Анжэла Паім-Краскоўская днямі стала пераможцай сярод жанчын (72 кг) на этапе Кубка свету ў Маскве. Увогуле ж там беларускія самбісты заваявалі 12 медалёў.

Іван Ждановіч

На здымку:
Заслужаны трэнер Беларусі Валеры Глезер з “чэмпіёнкай Анжэлай” і маладой зменай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter