Бальзам для сталёвага сэрца

На рынку хутка з'явяцца высакаякасныя беларускія тэхвадкасці

Высакаякасныя тэхнічныя вадкасці беларускай вытворчасці хутка з’явяцца на айчынным рынку

Першымі веснавымі днямі недалёка ад Мінска ў раёне вёскі Малінаўка запушчаны ў дзеянне вытворча-лагістычны комплекс «М-Стандарт». Прадпрыемства будзе вырабляць і рэалізоўваць ахаладжальныя вадкасці, у тым ліку пад брэндам «Glysantin», і рэагент «AdBlue» на аснове кампанентаў і тэхналогій нямецкіх канцэрнаў «BASF» і «KRUSE».

Гэты праект стаў магчымым дзякуючы Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця Беларусі, інвестыцыйнаму дагавору паміж Мінаблвыканкамам і сумесным ТАА «М-Стандарт», створаным спецыяльна для яго рэалізацыі, а таксама пагадненням з названымі кампаніямі. Будаўніцтва пачалося ў 2011 годзе і абышлося ў 100 млрд. рублёў. Зараз завод поўнасцю гатовы да вырабу прадукцыі. Комплекс уключае 2 тыс. кв. м вытворчых плошчаў, ёмісты парк на 300 куб. м, пляцоўку інжынернага забеспячэння, а таксама лагістычную зону агульнай плошчай 10 тыс. кв. м. Як паведаміў дырэктар «М-Стандарта» Сяргей Самсончык, да 2014 года прадпрыемства павінна выйсці на поўную праектную магутнасць, якая складзе на першым этапе не менш як 4,2 тыс. т ахаладжальных вадкасцей і не менш за 4 тыс. т рэагента ў год.

Прадукцыя з’явіцца на ўнутраным рынку напачатку лета, праз каналы дыстрыб’ютараў яна будзе пастаўляцца ў гандлёвую сетку, на аўтазаправачныя станцыі, кампаніям-грузаперавозчыкам і прадпрыемствам. Яна мае імпартазамяшчальны і экспартаарыентаваны характар. «Зараз у Беларусь штогод імпартуецца каля 8 тыс. т ахаладжальных вадкасцей і 100 % рэагента. Мы будзем вырабляць вадкасці высокай якасці, раней такой вытворчасці ў Беларусі не было. Паступова, з павелічэннем аб’ёмаў, будзем экспартаваць прадукцыю ў краіны Мытнага саюза і Еўрасаюза. Плануем, што ўжо ў 2014 годзе 25 % яе будзе рэалізоўвацца ў Беларусі, астатняя пойдзе на экспарт», — заўважыў Сяргей Самсончык.

«Адметна, што ў Беларусі ў 2014—2015 гадах плануецца ўвядзенне экалагічных норм «Еўра-4» і «Еўра-5» па выкідах аўтамабільнай тэхнікай шкодных рэчываў. У сувязі з гэтым прадукцыя «М-Стандарта» набывае асаблівую значнасць, бо з’яўляецца неабходнай для дасягнення азначаных экалагічных нарматываў», — падкрэсліў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Валерый Скакун. Ён адзначыў, што ў цэлым прадпрыемства адпавядае тром важным для эканомікі складальнікам — экспартаарыентаванасць, імпартазамяшчальнасць і годны ўзровень аплаты працы. Першапачаткова на гэтым высокатэхналагічным прадпрыемстве будуць працаваць каля 50 чалавек, а з павелічэннем вытворчасці іх колькасць вырасце да сотні.

«У вытворча-лагістычным комплексе штогадовая выпрацоўка на аднаго працуючага складзе 200 тысяч долараў, сярэдняя зарплата на пачатковым этапе — 5,5 млн., а да канца года — 7,2 млн. рублёў. У цэлым мы імкнёмся да таго, каб на мадэрнізаваных прадпрыемствах да 2015 года зарплата дасягнула 1 тысячы долараў. «М-Стандарт» — прыклад такіх вытворчасцей», — адзначыў Валерый Скакун. Ён зрабіў акцэнт і на тым, што пры стварэнні прадпрыемства істотная ўвага была нададзена пытанням экалагічнай бяспекі, эксперты жорстка падыходзілі да адпаведнасці ўсім неабходным стандартам. Працягваючы гэту тэму, дырэктар «М-Стандарта» Сяргей Самсончык заўважыў: «Да пачатку будаўніцтва былі пройдзены сур’ёзныя працэдуры і экспертызы, атрымана больш за 20 узгадненняў. У выніку прызнана, што вытворчасць адпавядае айчынным і міжнародным стандартам у галіне бяспекі. І надалей на прадпрыемстве будзе праходзіць рэгулярны ўнутраны аўдыт на адпаведнасць стандартам, што прад’яўляюцца да ахаладжальных вадкасцей». Разам з тым, па яго запэўніванні, прадпрыемства мае намер інвеставаць у развіццё мясцовай інфраструктуры і экалогію рэгіёна, у тым ліку ў пасадку лесапалос.

На цырымонію запуску новага прадпрыемства былі запрошаны шматлікія госці. Гэта прадстаўнікі аблвыканкама і Мінскага райвыканкама, кампаній «BASF» і «KRUSE», давераныя асобы замежных інвестараў і патэнцыяльных дыстрыб’ютараў. У сваіх выступленнях яны сышліся ў думцы, што вытворчасць «М-Стандарт» — гэта адзін з прыкладаў паспяховага праекта, што дэманструе значны патэнцыял беларускага рынку для рэалізацыі інавацыйных ідэй і планаў. «Мы задаволены работай з Беларуссю і разлічваем на далейшае пашырэнне супрацоўніцтва з «М-Стандартам». Інвестыцыі на тэрыторыі вашай краіны даюць магчымасць пашырыць рынкі збыту ў іншыя буйныя дзяржавы», — заўважыў прадстаўнік канцэрна «KRUSE» Герхард Драбанд.

На здымку: на вытворчай лiнii прадпрыемства.

Фото:БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter