Балы пайшлі ў рост

У ВНУ сёння — апошні дзень падачы дакументаў на бюджэт

Сёння завяршаецца падача дакументаў на бюджэт

У гэтым годзе падача дакументаў у ВНУ другога патоку ідзе больш дынамічна, чым у мінулым годзе. Такой інфармацыяй з «Р» падзяліўся намеснік старшыні арганізацыйнай камісіі па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання БДУ Вячаслаў Малафееў.

Паводле яго слоў, у вядучую ВНУ краіны на дзённае бюджэтнае аддзяленне і на платную форму навучання ўжо пададзена дакументаў адпаведна на 5 і 20 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. З іншага боку, зніжэнне адзначаецца на завочнай форме навучання ў БДУ. Ёсць і яшчэ адзін бязрадасны момант: колькасць сельскіх абітурыентаў у параўнанні з мінулым годам знізілася на трэць.

Падобна на тое, што ў гэтым годзе ВНУ атрымаюць больш якаснага студэнта: у прыватнасці, у БДУ вырасла колькасць абітурыентаў, якія набралі на ЦТ вышэйшую суму балаў. «Калі ў мінулым годзе такіх былі лічаныя адзінкі, — адзначае Вячаслаў Малафееў, — то ў гэтым годзе да нас прыйшло больш за 20 абітурыентаў з баламі звыш 384, парадку 10 юнакоў і дзяўчат, якія набралі больш за 390 балаў. Лідарам з’яўляецца выпускніца Мазырскага абласнога ліцэя Вольга Тугай, якая набрала 399 балаў з 400 магчымых і якая падала дакументы на хімічны факультэт БДУ». У сувязі з гэтым прахадныя балы, у прыватнасці, на эканамічныя спецыяльнасці БДУ перавышаюць 350, а на IT-спецыяльнасці — 330 балаў.

Дынамічна ідзе падача дакументаў і ў галоўнай тэхнічнай ВНУ краіны — БНТУ. Як расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі ВНУ Мікалай Голубеў, ужо на ўчарашні дзень на бюджэт было пададзена больш за 3120 заяў пры наборы 3240. Калі ў першыя дні ў прыёмныя камісіі ВНУ паступала ў сярэднім па 300 заяў, то ў апошнія дні іх колькасць перавышала 700. Словам, асцярогі адносна таго, што ўвядзенне з гэтага года ніжняга значэння тэставага бала скароціць колькасць абітурыентаў, не пацвердзіліся.

Мікалай Голубеў таксама адзначыў, што вырасла колькасць абітурыентаў з высокім балам — 300 і вышэй. У прыватнасці, самы высокі бал зарэгістраваны ў абітурыента, які падаў дакументы на энергетычны факультэт на спецыяльнасць «прамысловая цеплаэнергетыка», — 386. Традыцыйна папулярныя ў абітурыентаў архітэктурны і будаўнічы факультэты. У мінулым годзе, па словах суразмоўцы, на спецыяльнасць «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» нават на завочнае платнае навучанне ВНУ не змагла прыняць больш за 100 жадаючых. І ў гэтым годзе ў БНТУ прагназуецца вялікая колькасць жадаючых навучацца завочна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter