Балгарыя памятае героя

Былы савецкi салдат Аляксей Скурлатаў i цяпер жыве, але яго аблiчча даўно ў бронзе манумента, што ў балгарскiм Плоўдзiве

Былы савецкi салдат Аляксей Скурлатаў i цяпер жыве, але яго аблiчча даўно ў бронзе манумента, што ў балгарскiм Плоўдзiве.

Нядаўна глядзеў расiйскае НТБ. I раптам з экрана – Аляксей Скурлатаў. “Няўжо ён самы, жывы?!” Праўда, не зусiм здаровы, знаходзiўся на лячэннi ў бальнiцы горада Барнаула, яму восемдзесят шэсць. Аднак бадзёра ўзняўся насустрач маладым вайскоўцам, якiя прыйшлi яго адведаць, яшчэ разам з iмi прыгадаў словы вядомай песнi “Стаiць над гарою Алёша...”

А мне ўспомнiўся 1984 год. Аляксей Iванавiч разам са сваiм баявым сябрам з Украiны Мiхаiлам Бугаёвым прыязджаў у Бабруйск. Гэты горад сорак гадоў назад у складзе 250-й стралковай дывiзii яны вызвалялi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. Канешне, сустракалiся з раённым кiраўнiцтвам, пабывалi на месцы былых баёў, а потым наведалiся ў рэдакцыю раённай газеты “Трыбуна працы”. Тут расказвалi пра сваё баявое мiнулае, узгадвалi радкi бiяграфii. Мы слухалi з незатоенай увагай.

Як аказалася, Скурлатаў — сiбiрскiх каранёў, родам з вёскi Налобiха Алтайскага краю. Адсюль, калi пачалася вайна, i прызваўся ў Чырвоную армiю. Удзельнiчаў у абароне Масквы. У баях пад Старой Русай быў цяжка паранены, яго “згубiлi”, пахавальная прыйшла ў родную вёску... Аднак моцны арганiзм салдата вытрымаў, ён зноў стаў у строй. Сяржант, камандзiр аддзялення. Меў баявыя ўзнагароды.

Вызваляў Беларусь, а потым i братнюю Балгарыю. На гэтым этапе бiяграфii хацелася б спынiц­ца асобна. Пасля выгнання фрыцаў з Плоўдзiва батальён сувязi, у якiм служыў Скурлатаў, кватэраваў непадалёк ад паштамта. Канешне, ягоныя работнiкi не маглi не пазнаёмiцца з савецкiмi салдатамi. Асаблiвае сяброўства ў трох савецкiх воiнаў завязалася з тэхнiкам тэлефоннай сувязi, удзельнiкам балгарскага Супрацiўлення Методзiем Вiтанавым. Звярталiся  адзiн да аднаго па iменi. Для Методзiя Скурлатаў быў на балгарскi манер “Альошам”.

— Некалi рускiя воiны вызвалялi Балгарыю ад асманскага iга, а цяпер вось — ад  нямецка-фа­шысцкiх захопнiкаў, гiсторыя паўтараецца, — гаварыў Аляксею Методзiй Вiтанаў.

Балгары хацелi ўвекавечыць гэты подзвiг i ўстанавiць помнiк сваiм вызвалiцелям. Але як найлепш увасобiць задуманае?

I вось аднаго разу Вiтанаў прывёў рускага сябра да вядомага балгарскага скульптара Васiля Радослава. Той глянуў на яго i скалануўся: “Можаце прыйсцi яшчэ раз? Я паспрабую вы­леплiваць скульптуру...” – “Запытаю ў начальства, — адказаў Аляксей, — калi яно дазволiць, то я не супраць”. У батальёне, пачуўшы пра намеры скульптара, далi дазвол Скурлатаву, яшчэ i ад некаторых абавязкаў вызвалiлi: “Глядзi, увойдзеш у гiсторыю!” Так i пазiраваў Аляксей скульптару, яшчэ толкам не ведаючы, што з гэтага атрымаецца. А атрымалася вось што. Па задумцы аўтара ў Плоўдзiве ўзвялi велiчны манумент савецкаму воiну-выз­валiцелю. Размясцiўся помнiк на пагорку Вызвалiцеляў. Адкрывалi яго ў 1967 годзе. Канешне, гэта была падзея, шмат прысутнiчала народу, афiцыйных асоб, у тым лiку работнiкi савецкага пасольства ў Балгарыi. Методзiй Вiтанаў быў па-асаблiваму рады, таму што добра ведаў, з чаго пачыналася работа над помнiкам. Толькi як яго назваць? Вiтанаў вазьмi ды i выведзi  ўласнаручна на адным з нiжнiх блокаў “Альоша”. З яго лёгкай рукi плоўдзiўцы, а потым i ўсе балгары пачалi так iменаваць помнiк. “Стаiць над гарою Алёша, у Балгарыi рускi салдат...” – з’явiлася потым песня, якая стала музычным сiмвалам Плоўдзiва.

Усё б нiчога, але на ўрачыстасцях не было рускага воiна, з якога рабiлi скульптуру... Вiтанаў з-за гэтага перажываў. Ён добра памятаў iмя Скурлатава, але прозвiшча, на жаль, не ведаў. Як быць? I тады ён вырашыў напiсаць у папулярны на той час часопiс “Огонек” i расказаць пра Алёшу, яго баявых таварышаў. Допiс быў надрукаваны. Звярнуў на яго ўвагу сусед Аляксея Скурлатава, дарэчы, былы франтавiк, i прынёс яму:

— Ты вызваляў Балгарыю, Плоўдзiў, цi не цябе шукаюць?..

— А хто?

— Методзiй Вiтанаў, ведаеш такога?

— Так!

Скурлатаў звязаўся з балгарскiм сябрам, а потым адбылася сустрэча ў Плоўдзiве. Канешне, плоўдзiўцы сустракалi Аляксея Iванавiча як самага дарагога госця: “Вунь жывы Альоша!” Засыпалi кветкамi, званне “Ганаровы грамадзянiн Плоўдзiва” прысвоiлi. Ды што казаць, у Плоўдзiве бронзавага i жывога Алёшу ведаў кожны, ад малога да вялiкага, ягоныя партрэты – у музеi, на разнастайных выставах, прысвечаных вызваленню Балгарыi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, а на вуснах у кожнага “Альоша – рускi салдат!”.

Вось так просты алтайскi хлопец Аляксей Скурлатаў навечна ўпiсаў сваё iмя ў сэрцы балгар. Выпадак дапамог? Можа, i так, а хутчэй, гэта лагiчнае завяршэнне вызваленчай мiсii Савецкай армii ў Балгарыi. У iм найлепш увасобiўся вобраз рускага воiна-вызвалiцеля.

У мiнулым годзе адзначалася пяцiдзесяцiгоддзе з дня адкрыцця манумента. Балгары запрашалi Аляксея Iванавiча пабываць на ўрачыстасцях. “Калi б паехаў, — казаў, — насiлi б на руках! Але ж узрост... Дзякуй балгарскiм братам, што не забылiся пра мяне. Ды i сваё знаходжанне ў Балгарыi я буду памятаць да канца сваiх дзён!”

На здымку: Аляксей Скурлатаў (у цэнтры) разам са сваiмi баявымi сябрамi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter