Балет у падарунак

У  Бабруйску  чакаюць  сустрэчы  са  сталiчнымi  артыстамi

У  Бабруйску  чакаюць  сустрэчы  са  сталiчнымi  артыстамi

У апошнi дзень лютага на сцэне Бабруйскага драмтэатра змаглi ўбачыць артыстаў Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра оперы i балета, якiя выступалi з канцэртам “Барока i блюз”. Сярод выканаўцаў – iнструментальнае трыо “Ларалея”, салiсты оперы, лаўрэаты мiжнароднага i нацыянальнага конкурсаў Алена Сало, Аляксандр Краснадубскi i iншыя. Гучала музыка Гендэля, Баха, Вiвальдзi i iншых прызнаных аўтараў.

Публiка, якая колькi мажлiва запоў-нiла глядзельную залу, апладысментамi сустракала выступленнi артыстаў, iмкнулася аддзячыць iм за высокае майстэрства.

А ўжо ў другой палове сакавiка гледачам будуць прадстаўлены ў выкананнi сталiчных артыстаў аж тры оперныя спектаклi – “Чароўная флейта”, “Церам-церамок”, “Севiльскi цырульнiк”. Акцэнт у iх будзе зроблены на лёгкiя казачныя сюжэты, вытанчаную класiч-ную музыку, маляўнiчыя пастаноўкi, якiя з задавальненнем прыме як дарослая, так i дзiцячая аўдыторыя.

Супрацоўнiцтва мiнскага i бабруйскага тэатраў пачалося два гады таму. Тады яно яшчэ не мела гэткай прадметнай накiраванасцi, а цяпер работа будуецца па дакладна распрацаваным плане, якi ўзгадняецца абодвума бакамi. Прыезд сталiчных артыстаў заўсёды доўгачаканая падзея. Бо гэта не толькi спектаклi, пастаноўкi, а яшчэ i перадача вопыту, абмен навiнкамi драматургii, усiм тым, што маецца ў артыстычным багажы. Бо i сярод бабруйскiх майстроў сцэны нямала адметных талентаў, напрыклад, той жа Аляксандр Парфяновiч, кавалер ордэна Пашаны, i iншыя. Жывуць традыцыi, якiя закладвалiся яшчэ з даваенных часоў (варта нагадаць, што ў свой час у горадзе быў сiмфанiчны аркестр). Так што ёсць чым ганарыцца!

— Мы б хацелi, — расказвае начальнiк аддзела культуры гарвыканкама (дарэчы, у нядаўнiм мiнулым – дырэктар драмтэатра Вадзiм Шчэрбiч), — каб да нас прывозiлi i балетныя спектаклi. Лiчылася раней, што яны «невыязныя», бо патрэбна адпаведных памераў сцэна, вялiкая колькасцi дэкарацый i гэтак далей. Аднак цi так ужо ўсё невырашальна? Мы абменьвалiся думкамi на гэты конт са спецыялiстамi балетнага мастацтва. Яны перакананы, што гэту праблему можна асiлiць. Варта толькi захацець. I калi, можа, у нечым прайграеш, дык выйграеш у значна большым: пашырыцца колькасць гледачоў такога адметнага вiду мастацтва. Як вядома, пашыраецца глядацкая аўдыторыя – расшыраюцца межы магчымасцi такога мастацтва. Вось на такiм паразуменнi мы i сыходзiмся з кiраўнiкамi аднаго з галоўных тэатраў краiны. А значыць, аднымi з першых у рэспублiцы зможам убачыць балет на сваёй сцэне. Наш горад, дзе шмат разнастайных харэаграфiчных калектываў, адметных выканаўцаў, заслугоўвае таго. Гэта будзе нам своеасаблiвым падарункам, якi мы з задавальненнем прымем!

Хацелася б адзначыць яшчэ адну форму супрацоўнiцтва, якая нарадзiлася ў мiнулым годзе: зводны канцэрт, пастаўлены на калядныя святы. У iм прынялi ўдзел драматычныя акцёры бабруйскага тэатра, вакалiсты мiнскага опернага i харэаграфiчны калектыў гарадскога каледжа мастацтваў. Атрымалася цiкавае вiдовiшча, якое сабрала значную глядацкую аўдыторыю. Такiя канцэрты, перакананы ў горадзе, трэба праводзiць часцей, бо яны маюць рэзананс, вялiкае выхаваўчае ўздзеянне.

Супрацоўнiцтва тэатраў расце, удасканальваецца. З’яўляюцца ўсё новыя i новыя формы. I гэта застаецца толькi вiтаць. Бо не кожны мае магчымасць ездзiць у Мiнск, а тут сталiчныя артысты – самi да гледача!

I яшчэ адна задумка выношваецца: арганiзаваць у горадзе вялiкi начны канцэрт з удзелам артыстаў мясцовага драмтэатра, сiмфанiчнага аркестра, салiстаў опернага тэатра. Выбiраюцца пляцоўкi.

Канешне, будуць i новыя задумкi. Вартая гэта справа – супрацоўнiцтва тэатраў. Яна абуджае тэатральнае жыццё, узнiмае культуру на больш высокi ўзровень, адчуваецца ўсюды i ва ўсiм!

На здымку: фрагмент  спектакля  “Церам-церамок”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter