Багушэўскі: праграма развіцця і ўласная ініцыятыва

На пачатку мінулага стагоддзя пачалася пракладка чыгункі з Віцебска да Жлобіна. Пры пракладцы палатна на забалочаных участках коньмі вазілі гравій з кар’ера памешчыка Дзмітрыя Багушэўскага, які з сям’ёю жыў у Пецярбургу. За сімвалічную плату ён выдзяліў участак для будаўніцтва чыгуначнай станцыі з умовай, каб у гонар жонкі яе назвалі Багушэўская. Так і зрабілі. Побач ва ўрочышчы Бычыха забудоўваўся пасёлак з магазінамі, кравецкімі і шавецкімі майстэрнямі, кузняй, лесапілкай. На станцыі пабудавалі склады для захоўвання паліва.



У Першую сусветную вайну мясцовасць акупіравалі кайзераўскія войскі. Не даваў спакою ім трохсоценны партызанскі атрад, які перарос у полк Чырвонай Арміі.

Пасля ўсталявання савецкай улады Багушэўск стаў райцэнтрам і быў ім да 1931 года. Праз чатыры гады раён аднавілі. Дзейнічалі пабудаваны раней вінзавод, смаляная арцель “1 Мая”, прамыслова-кааператыўная арцель “Праца” па вырабу гнутай мэблі, саўгас. Пякарня славілася выпускам адмысловых абаранкаў. У 1938 годзе Багушэўск атрымаў статус гарпасёлка.

Старшыня сельвыканкама Вячаслаў БАГДАНАЎ.

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных лясах размясціўся штаб партызанскай брыгады, якая падпарадкоўвалася камандуючаму партызанскімі сіламі Аршанскай зоны легендарнаму Канстанціну Заслонаву. Народныя мсціўцы ладзілі дыверсіі на чыгунцы і грунтовых дарогах, знішчалі варожыя харчовыя склады, нападалі на гітлераўскія гарнізоны.

Навечна пакояцца ў брацкай магіле гарпасёлка савецкія воіны і партызаны, што загінулі ў баях з фашыстамі. Мемарыялам ушанаваны байцы 20-й гвардзейскай арміі, якая прыняла тут цяжкі бой у ліпені 1941 года.

Дырэктар сумеснага беларуска-сербскага прадпрыемства Сяргей ЛАЎРЫНОВIЧ і слесар Уладзімір ЖУМЯНОК.

З першых дзён мірнага жыцця ў Багушэўску аднавілі дзейнасць раённыя службы і ўстановы, саўгас, леспрамгас. Прадукцыю выпускалі мэблевая фабрыка, ільнозавод, пашывачны і кандытарскі цэхі. Адкрылася абласная туббальніца.

У 1960 годзе раён расфарміраваны. У гарпасёлку, які перайшоў да Сенненскага раёна, дзейнічаюць чыгуначная станцыя, лясгас, лясніцтва, сумеснае беларуска-сербскае дрэваапрацоўчае прадпрыемства, сацыяльна-бытавыя службы, установы медыцыны, адукацыі і культуры.

Загадчык жывёлагадоўчай фермы “Варашылы” Аляксей КIБIС.

Вандроўка ў Багушэўск падаравала сустрэчу з ветэранам вайны і працы Іванам Цімафеевічам Міхальковым. З пад’езда трохпавярховага шматкватэрнага дома, акружанага квітнеючым язмінам і кветнікам, выйшаў высокі, стромкі мужчына ў параднай ваеннай форме. Стрымана расказваў пра сябе. Больш як тры дзесяцігоддзі Іван Цімафеевіч на заслужаным адпачынку. Перажыў сіроцкае дзяцінства. Дзевятнаццацігадовым прызвалі яго на фронт. Вызваляў ад акупантаў родную Браншчыну, гарады і вёскі Гомельшчыны, заходніх беларускіх абласцей. Двойчы паранены. Вайну закончыў сяржантам на балтыйскай касе Фрышэ-Нерунг. Баявыя заслугі адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За перамогу над фашысцкай Германіяй” і “За ўзяцце Кенігсберга”.


Ветэран вайны і працы Iван Цімафеевіч МIХАЛЬКОЎ.


Пасля армейскай службы паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут. Перад заканчэннем вучобы ажаніўся і з маладою жонкай Лідзіяй Іванаўнай, таксама выпускніцай медінстытута, прыехалі па размеркаванні ў Астравец. Іван Міхалькоў вырас да галоўнага ўрача раённай бальніцы. А потым тры дзесяцігоддзі ўзначальваў абласную туббальніцу ў Багушэўску. На пенсію пайшоў у 70 гадоў. Яго абралі старшынёю савета ветэранаў пасёлка. Пасля страты жонкі Іван Цімафеевіч застаўся адзін. У суседнім пад’ездзе жыве з сям’ёю дачка Наталля Калісецкая. Яна загадвае лабараторыяй у туббальніцы. Пастаянна адведвае бацьку, падтрымлівае. Пра ветэрана вайны і працы клапоцяцца і ў сельвыканкаме.

Мясцоваю ўладаю пасля аб’яднання пасялковага і сельскага саветаў пяты год кіруе былы галоўны ўрач Багушэўскай раённай бальніцы Вячаслаў Багданаў, з якім сустрэліся. Прыехаў ён у Багушэўск два дзесяцігоддзі таму з жонкаю Сняжанай Пятроўнай пасля заканчэння Віцебскага медінстытута. Зачараваў іх гарпасёлак, які больш падобны на санаторый. Настоенае на хвоях паветра, крыштальна чыстыя навакольныя азёры.

Гаспадар шматдзетнай сям’і Уладзімір Аляксандравіч, жонка Алена Мікалаеўна і сын Мацвейка ПРЫСТАЎКА.

Пасля пераходу на працу ў сельвыканкам у Вячаслава Віктаравіча клопатаў дадалося. 42 населеныя пункты ў сельсавеце. Многія з іх аддалены. Не заўжды стае ліміту паліва, каб зазірнуць у кожную вёску.

Разам з кіраўніком справамі сельвыканкама Інай Пухоўскай падтрымліваюць сувязь з трыма дзясяткамі старэйшын. Асабліва вызначаецца Ганна Янукова з вёскі Заветнае. Да выхаду на пенсію працавала ў дзіцячым санаторыі. Умее трымаць парадак на сваім падворку і патрабаваць гэтага ад іншых. Тры дзясяткі пастаянных жыхароў у Заветным. Кожнае лета разам з дачнікамі на беразе возера ладзяць свой фэст. Па ініцыятыве Ганны Ула- дзіміраўны вяскоўцы перад летнім сезонам прыбралі азёрны пляж. На беразе змайстравалі альтанку.

Гаспадар Уладзімір ХАЛIМАНЕНКА.


Старшыня сельвыканкама задаволены, што адпачываць на азёры, а іх некалькі вакол Багушэўска, едуць жыхары Віцебска, Мінска і нават з расійскіх рэгіёнаў, асабліва мурманчане. Гараджане выкупляюць пустуючыя дамы. Летась у вёсцы Лучазарная прададзены пад лецішчы тры кінутыя ўчасткі. Побач рыбнае возера Серакаратнянскае.

Упрыгожваюць пасёлак новыя сядзібы. У мінулым годзе дзве сям’і справілі наваселле. Ажывілася прыватнае будаўніцтва пасля аднаўлення выдачы дзяржаўных субсідый. Амаль восемдзесят сем’яў чакаюць паляпшэння жыллёвых умоў. Завяршаюць унутранае аздабленне новага мура Уладзімір і Алена Прыстаўка, у якіх падрастаюць чацвёра хлопчыкаў. Мараць і пра дачушку. У новым доме пяць пакояў, падведзены вада і газ.

Акцёры народнага тэатра Алена МАРТЫНАВА, Кацярына САЙДАК і Канстанцін БАНДАРЭНКА.

Паабапал Багушэўска размешчана некалькі дзіцячых лагераў адпачынку. Пэўна, невыпадкова сярод векавых сосен пабудавана абласная туббальніца.

Намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама Сяргей Галынчык паведаміў, што Багушэўск уключаны ў праграму развіцця малых гарадоў Віцебшчыны. З бюджэта вобласці вызначаны сродкі на добраўпарадкаванне вуліц, дарог, рамонт і рэканструкцыю будынкаў. Далейшае развіццё атрымае сумеснае з Сербіяй прадпрыемства па дрэваапрацоўцы, дзе занята звыш 70 чалавек. Хутка ў пасёлку пачнецца будаўніцтва 24-кватэрнага жылога дома.

Незапатрабаванымі пакуль застаюцца вытворчыя памяшканні льнозавода, закрытага некалькі гадоў таму. Старшыня сельвыканкама спадзяецца, што знойдзецца прымяненне і ім.

Паспяхова развіваецца цэх па вытворчасці куранят-бройлераў у вёсцы Пастушкі. Турбуе Вячаслава Багданава, што слаба прыжываецца фермерства. На тэрыторыі сельсавета толькі Алег Брык стварыў у вёсцы Коленькі сялянскую фермерскую гаспадарку па выторчасці малака і мяса.
Ляснічы Дзмітрый ТАМАРЭВIЧ.

Побач з Багушэўскам каля вёсачкі Варашылы аднавілася жывёлагадоўчая ферма КСУП “Саўгас Машэрава”, якую ўзначальвае выпускнік Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржакадэміі ветэрынарнай медыцыны Аляксей Кібіс. Прасторнае драўлянае памяшканне акружае сасновы бор. Праз бакавы ўваход зайшлі на ферму. Здзівілі чысціня і незвычайная цішыня. Чорна-пярэстыя цялушкі ляжалі ў стойлах. Кармушкі напоўненыя свежай зялёнай масай. Гаспадар фермы патлумачыў, што жывёла сытая і спакойна адпачывае.

Дзве сотні будучых дойных кароў даглядаюць Юрый Маслівец і Людміла Галубцова. Пасля таго як жывёла набірае 370 кілаграмаў, яе пераводзяць у дойны статак. Нядаўна дзесяць галоў адправілі на малочна-таварную ферму “Пастушкі”.

Цікавімся заробкамі жывёлаводаў. Аляксей Аляксеевіч, перш чым назваць суму, адзначыў, што нагрузка тут не высокая. У сярэднім па 400 рублёў выходзіць штомесячна.

Па дарозе з фермы завіталі ў лясніцтва, якім кіруе Дзмітрый Тамарэвіч. Дзяцінства яго прайшло ў гістарычным Міры, вакол якога няма такіх лясоў, як на Віцебшчыне. 35 гадоў таму пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Дзмітрый Вячаслававіч прыехаў у Багушэўск і зачараваўся звонкімі сасновымі барамі. Сем лясніцтваў Аршанскага і Сенненскага раёнаў аб’ядноўвае Багушэўскі лясгас.

Урач  паліклінікі Тамара САЛАМЕIНА.

Прайшліся па ўнікальным дэндрарыі, створаным пры лясніцтве. Каля кожнага дрэўца таблічка з назваю і апісаннем яго. Багаты на флору і пасялковы парк, у якім навечна спачываюць савецкія воіны, партызаны, якія загінулі ў вайну.

У пасялковым скверы пяць гадоў таму адкрыты помнік “Крыло бессмяротнасці”. На квадратным падмурку ўсталяваны кіль самалёта Су-17. На ім ваенныя лётчыкі- снайперы палкоўнікі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч 30 жніўня 2009 года на авіяшоу ў польскім горадзе Радом пры выкананні чарговай фігуры вышэйшага пілатажу раптоўна пачалі губляць вышыню. Рухнулі на зямлю за сто метраў ад жылых дамоў. Цаною свайго жыцця пілоты прадухілілі пагібель многіх людзей. Палякі ўшанавалі памятным знакам беларускіх лётчыкаў. У родным пасёлку пілота Аляксандра Марфіцкага з’явіўся незвычайны помнік. Адна з вуліц названа ў яго гонар. Названы тут і вуліцы ў гонар ваенных лётчыкаў Гарбунова і Чарвова, самалёт якіх варожыя зеніткі збілі перад вызваленнем пасёлка ў 1944 годзе. Праз чвэрць стагоддзя баявую машыну дасталі з балота і ўсталявалі помнік мужны пілотам.

Увекавечаны легендарны трактар ХТЗ-32, які ў далёкія 30-я гады мінулага стагоддзя працаваў на палях саўгаса. У нямецка-фашысцкую акупацыю абрабляў сібірскія нівы. Пасля перамогі стальны конь вярнуўся ў гаспадарку і да 1951 года быў задзейнічаны. Як рэліквія некалькі дзесяцігоддзяў экспанаваўся ў Мінску, а потым зноў вярнуўся ў Багушэўск і навечна паўстаў на п’едэстале.

Намеснік дырэктара школы Валянціна ДАНЧАНКА.

Слаўны Багушэўск і сваім народным тэатрам, які пачатак бярэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. У клубе чыгуначнікаў працавалі тры драматычныя гурткі, пасялковы ансамбль песні і пляскі. У пасляваенныя гады славіліся хор, танцавальны калектыў, агітбрыгада, аркестр народных інструментаў і самадзейны драмтэатр. Менавіта тут пачынала першыя крокі на сцэне будучая народная артыстка Беларусі Зінаіда Канапелька.

У велічным Доме культуры нас сустрэла апантаная творчасцю дырэктар Алена Мартынава. За дзесяцігоддзі існавання народнага тэатра рэпертуар яго напаўнялі розныя творы беларускіх, савецкіх драматургаў. Узгадала Алена Аркадзьеўна пра падрыхтоўку сцэнічных касцюмаў для герояў “Пінскай шляхты”, як развучвалі шляхетныя танцы. З сёлетняга абласнога фэста “Тэатральная вясна” калектыў народнага тэатра вярнуўся з дыпломам лаўрэата. Студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры стала выпускніца сярэдняй школы Валерыя Яскевіч. Свой талент яна яскрава паказала на адборачным туры, які праводзіў вядомы беларускі спявак Саша Немо.

Моладзь пасля атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вяртаецца ў родны пасёлак. Летась тут дзве сярэднія школы аб’ядналі ў адну. Сёлета 36 выхаванцаў атрымалі атэстаты сталасці. Уладзіслава Грыбава і Яніна Яськіна закончылі школу з залатымі медалямі. Маладым працягваць слаўныя традыцыі, ствараць будучае пярліны азёрнага краю — Багушэўска.

Сенненскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter