У выдавецкiм доме «Звязда» выйшаў зборнiк для дзяцей дашкольнага i малодшага школьнага ўзросту пад загадкавай назвай «Дзе была, Сарока?». Аўтар — Iна Фралова. На вокладцы, дакладней — на падаконнi, разлёгся рыжы кот, на якога здзiўлена паглядаюць мышы з кавалкам сыру. А што пад вокладкай? Цiкавыя павучальныя вершы на беларускай мове з яркiмi, прыцягальнымi iлюстрацыямi мастака Вiталii Фраловай.

Сустракаемся ў выданнi з гракам па мянушцы Дзiвак, лянотнай коткай, якой зрабiлася неахвота пiльнаваць мышэй, вераб’ём Чыкам… Маленькi герой аднаго з вершаў становiцца не менш чым вялiкiм чалавекам. I чытачоў ён таксама вучыць спачуваць, дапамагаць. Калi падрабязней пра гэты сюжэт, то ў верабейкi з надыходам зiмы сям’я нават кавалка ежы ў дзюбе не трымала, бо ўсё схаваў глыбокi снег.
Тады хлопчык вырашыў дапамагчы, замест вясёлых гульняў маланкай пабег дадому з думкамi: «Уратаваць патрэбна птушку», // I вырашыў: «Да заўтра я // Двухпавярховую кармушку // Змайструю сам для вераб’я».Што нi верш — то арыгiнальны. Чытаем пра Саўку, якi ўбачыў дзiўны сон, быццам бы «Вырас да нябёс айфон. // I зрабiўся агрэсiўны // Сродак камунiкатыўны». Тэлефон з’еў вагон шакаладу, у фортку выкiнуў кнiжкi, у сабакi Цiшкi адабраў будку, а Саўку аж да ранку частаваў манкай. Такога хлопчык нават у самым страшным сне не хацеў убачыць, а прыйшлося. Дык якi ж ён пасля гэтага сябар — той тэлефон?..
basikirskaya@sb.by