Адзіны ў Беларусі парк французскай культуры ў Бачэйкаве

Бачэйкава: ад вуліцы Асташкевіча да “Жнівеньскіх спасаў”

ЯРКІМІ зялёнымі шатамі дрэў красуе ў Бачэйкаве адзіны захаваны ў Беларусі парк французскага тыпу з сіметрычна-восевой планіроўкай, закладзены два з паловай стагоддзі таму. Вуліцы аграгарадка выцягнуліся па ўзгорках і беразе ракі на скрыжаванні шляхоў на Лепель, Віцебск, Оршу і Улу. Побач з манументальнымі векавымі дубамі красуюцца дрэвы рэдкіх парод. Прыродны помнік садова-паркавага мастацтва, як і суседнія курганныя магільнікі перыяду ранняга Сярэднявечча, — гісторыка-культурныя каштоўнасці краіны.

Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў 1460 годзе як уласнасць Яшкі Ямантавіча, які перадаў яго ў спадчыну сыну Сямёну Ямантавічу- Падбярэзскаму. Уладарылі ім браты Рыгор і Іван Яцкавічы, а пасля амаль чатыры стагоддзі гаспадарыў вядомы род Цеханавецкіх. Нашчадак граф Анджэй Станіслаў заснаваў фонд роду ў Каралеўскім замку ў Варшаве. За развіццё культурных сувязей ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і ордэнам Дружбы народаў. На пачатку ХVII стагоддзя арандаваў маёнтак князь Кантакузен.

З 1694 года і да пачатку ХIХ стагоддзя Бачэйкава мела статус горада. Іншаземныя ворагі двойчы спусташалі яго, але кожны раз сядзібы аднаў- ляліся. Дзейнічалі суконная фабрыка, збройная і карэтная майстэрні, гонтавы, ганчарны, вінакурны і піваварны заводы, прыстань на рацэ Уле.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай тут размясціўся цэнтр воласці Лепельскага павета Полацкай, а пазней Віцебскай губерні Расійскай імперыі. Адкрыліся местачковая бальніца, пачатковая школа для сялянскіх дзяцей. Тройчы на год ладзіліся багатыя кірмашы, на якія з’язджаліся купцы з наваколля.

Зведала паселішча горкі прысмак ваенных падзей мінулага стагоддзя. У імперыялістычную вайну ім папераменна валодалі кайзераўскія і польскія захопнікі. У Вялікую Айчынную нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі 87 сядзіб.

З 1924 года Бачэйкава – цэнтр сельсавета. У 30-я гады мінулага стагоддзя яго статус панізілі да вёскі. З пачатку масавай калектывізацыі арганізаваўся калгас, які рэарганізаваны ў ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс”.

Сёння Бачэйкава – аграгарадок, у якім дзейнічаюць Бешанковіцкае ПМС, ДРБУ № 52, участак ЖКГ, амбулаторыя, бальніца сястрынскага догляду, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка. Аднаўляецца царква Праабражэння Гасподняга.
Ветэран вайны і працы Міхаіл ЗАЙЦАЎ.

НІБЫТА жамчужынамі ўсыпана Віцебшчына азёрамі і блакітнымі стужкамі рэк і рачулак, багата на запаведнікі і пушчы. Аўтастраду з Мінска на Віцебск абступаюць сасновыя бары і бярозавыя гаі, нізінныя балоты Бярэзінскага біясфернага запаведніка, унікальная плынь ракі Бярэзіны, частка якой цячэ да Чорнага мора, а другая – у адваротным накірунку – да Балтыкі.

На пад’ездзе да Лепеля нельга не заўважыць, як ля шашы за высокай жардзянай агароджай разгульваюць даўганогія страусы. За паўтары сотні кіламетраў на поўнач ад сталіцы вясновае сонца яшчэ не падсушыла мокрыя нізіны. Купкамі квітнеючых садоў мільгалі невялікія вёскі. Не параўнаць іх з палескімі анклавамі, выцягнутымі на кіламетры, дзе ваколіца аднаго населенага пункта плаўна пераходзіць у наступны.
Святар Сяргей ДЗЯНІШЧЫЦ.

Аграгарадок Бачэйкава, куды прывяла чарговая вандроўка, сустрэў мілагучнымі пералівамі салаўіных кален у чаромхавым царстве ўздоўж рэчкі Улы, што нясе воды да Заходняй Дзвіны. Невялікі гурт сялянскіх кароў і пара коней пасвіліся на аксамітавым узбярэжжы.

З выконваючым абавязкі дырэктара ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс” Міхаілам Дойліным праехалі па доўгай вуліцы, паабапал якой аднапавярховыя дамы быццам апранулі вянчальныя вэлюмы квітнеючых садоў. Міхаіл Аляксеевіч год кіруе сельгаспрадпрыемствам. Яно ўвабрала ў сябе пяць гаспадарак і стала найбольш буйным, але далёка не лепшым аграпрадпрыемствам раёна. Турбуе недахоп механізатараў і жывёлаводаў. Дзеля паляпшэння эканамічнага стану з мінулага года калектыў працуе па праграме аздараўлення. Летась ад кожнай з 3600 кароў атрымана амаль па 4 тысячы кілаграмаў малака.
Старшыня сельвыканкама Галіна ШЧУКА і стагадовая Ніна ЖЫГАЛА.

Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бешанковіцкага райвыканкама Сяргей Акуневіч перспектыву бачыць у далейшым развіцці жывёлагадоўлі. Кармавая база гаспадаркі дазваляе павялічваць пагалоўе дойнага статка і кормнікаў. Сяргей Генадзьевіч спадзяецца на чарговы выпуск Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці імя Л. Даватара, дзе рыхтуюць механізатараў, слесараў, жывёлаводаў. Раней прафесію трактарыста засвойвалі старшакласнікі Бачэйкаўскай сярэдняй школы і заставаліся працаваць у гаспадарцы. Механізатарамі сталі Аляксандр Насыр і Васіль Цыбульскі. У гаспадарцы пасля заканчэння школы засталася Зоя Апанасёнак.

Майстрам вытворчага навучання працаваў сённяшні дэпутат сельсавета Мікалай Талстой. Ён з гонарам адзначыў, што за гады працы ў школе з дзвюх соцень яго выхаванцаў толькі адзін не атрымаў пасведчання трактарыста-машыніста. Настаўнічаў і Аляксандр Пушкін, які меў ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”.

Дэпутат сельсавета Мікалай ТАЛСТОЙ і педагог Любоў ШЧУКА.
У ШКОЛЬНЫМ гістарычным музеі, куды завіталі са старшынёю сельвыканкама Галінай Шчукай, сабраны ўнікальныя экспанаты пра гісторыю і слынных асоб Бачэйкава. Адзін з іх — Сцяпан Асташкевіч, камендор крэйсера “Аўрора”. Пасля рэвалюцыйных падзей у Пецярбургу на пачатку мінулага стагоддзя матрос вярнуўся ў родныя мясціны і працаваў бухгалтарам у Бачэйкаўскім дзіцячым доме. У Вялікую Айчынную вайну змагаўся з фашыстамі на фронце. У баі пад Чэбаксарамі атрымаў цяжкае раненне. Не дажыў да пераможнага мая 1945 года. Унучка яго Вольга Цярэшчанка амаль тры дзесяцігоддзі кіруе педагагічным калектывам і выкладае матэматыку. Дом Вольгі Аляксандраўны на вуліцы, названай у гонар дзеда, – камендора Сцяпана Асташкевіча.

Дырэктарам гэтай школы была яе маці – Соф’я Гарадзецкая. Настаўніцкую дынастыю працягвае сын Сяргей Цярэшчанка. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага педуніверсітэта вярнуўся дамоў і выкладае ў школе гісторыю і грамадазнаўства. Двухгадовую Валерыю бацькі рыхтуюць да дзіцячага садзіка, які наведваюць тры дзясяткі выхаванцаў з Бачэйкава і суседніх сёл.
Настаўніца і гаспадыня Марына ПРОТАС.

Старшыню сельвыканкама Галіну Шчуку цешыць, што колькасць дзяцей дашкольнага ўзросту і вучняў трымаецца на ўзроўні. Тыпавы будынак сярэдняй школы разлічаны на паўтысячы навучэнцаў. Светлыя профільныя кабінеты, прасторныя актавая і спартыўная залы, добраўпарадкаваны двор з кветнікамі і алеямі дрэў. Значна павялічылася колькасць школьнікаў пасля прыёму перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй раёнаў Гомельскай вобласці. Для іх пабудавалі жылыя дамы. Многія з пераселеных папоўнілі працоўныя калектывы меліяратараў, камунальнікаў, сельгаспрадпрыемства.

На мінулых выбарах гаспадара шматдзетнай сям’і Уладзіміра Алейніка, які з бацькамі пераехаў у Бачэйкава, землякі выбралі дэпутатам сельсавета. Чацвёра дзяцей у яго. Жонка Алена Мікалаеўна – сацыяльны педагог. Роднай стала Віцебшчына і для сям’і Юрыя і Галіны Беразоўскіх. У расійскім Вышнім Валачку ў час армейскай службы пазнаёміўся Сяргей Карусевіч з Таццянай Сямёнавай. Трыццаць гадоў жывуць разам у Бачэйкаве. Двое дзяцей выхавалі. Сваякі Таццяны Юр’еўны ў захапленні ад шыкоўнага панскага парку, старых муроў былога маёнтка. Тутэйшы Міхаіл Высоцкі ўвекавечыў стваральнікаў садова-паркавага комплексу мармуровай мемарыяльнай дошкай, прымацаванай да аднаго з уцалелых муроў.
На турыстычным злёце школу прадстаўлялі Вікторыя ГРУНЕНКА, Дзмітрый ДАМАРАЦКІ, Алена НАСЕНКА.

Цэнтральную плошчу аграгарадка ўпрыгожыў белакаменны будынак Спаса-Праабражэнскай царквы з ззяючымі на сонцы каляровымі купаламі, над якімі ўзвышаюцца крыжы. Настаяцелю храма іерэю Сяргею Дзянішчыцу гаспадарка прадаставіла жылы дом. Трое дзяцей у сям’і бацюшкі. Насупраць храма – сельвыканкам. Побач — па-сучаснаму адрамантаваны харчовы міні-маркет.

НА гістарычнай плошчы заўжды ажыўлена. Купка мужчын нешта бурна абмяркоўвалі. Адзін з іх, шыракаплечы, апіраўся на мыліцы. Назваўся Уладзімірам Александровічам. Пасля аперацыі па замене суставаў адважыўся выйсці з дому. Спадзяецца, што хутка вернецца на свой пагрузчык у ДЭУ-35. З хатняй гаспадаркай і працай на жывёлагадоўчай ферме ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс” ўпраўляецца жонка Ірына Дзмітрыеўна. На выхадныя з Віцебска прыязджаюць дапамагаць сыны Сяргей і Аляксандр.
Культработнік Таццяна МЯСАЕДАВА з сынам Арцёмам.
У жыхароў аграгарадка вялікія агароды, багатыя сады. Пакінутыя сядзібы пасля адпаведных юрыдычных працэдур зносяцца. Сельвыканкам рыхтуе ўчасткі для продажу на аўкцыёне. Пакупнікам прапануецца сядзіба ў вёсцы Забелле. Мясціны прывабныя, экалагічна чыстыя. Летам едуць сюды адпачываць не толькі з беларускіх гарадоў, але і з суседніх Латвіі і Расіі.

Свежае малако, яйкі, свежаніну прапануюць руплівыя гаспадары Бачэйкава. На тэрыторыі сельсавета амаль сотня кароў у прыватных гаспадароў. Гадуюцца цяляты, свінні, авечкі, розная птушка. Прыклад для іншых – падворак старшыні сельвыканкама ў прылягаючай да Бачэйкава вёсцы Клешчына. Цялушачку і бычка, свіней, курэй трымаюць Галіна Віктараўна і яе муж Васіль Васільевіч, які працуе намеснікам кіраўніка ўчастка ЖКГ раёна.
Загадчыца магазіна Алена ШЫПУЛЯ і прадавец Любоў РУЖЫНСКАЯ
Сям’я Марыны і Віктара Протасаў трымае не толькі жывёлу, але і пчальнік. Старэйшы сын Яўген служыць у арміі, малодшы Дзіма — пяцікласнік. З бацькамі ў доме дачка Таццяна з трохгадовым сыночкам Арцёмкам. Яна вучыцца на рэжысёра ў Віцебску і ў Доме культуры кіруе народным фальклорным гуртом “Крыніца”, старэйшая ўдзельніца якога 82-гадовая Надзея Ганусевіч перажыла вайну, цудоўна спявае і складае песні, піша казкі.

ДЗЕВЯНОСТАПЯЦІГАДОВЫ Міхаіл Зайцаў з вёсачкі Высокая Гара, да якога завіталі, расказаў, як у нямецка-фашысцкую акупацыю партызаніў у атрадзе імя Грызадубавай брыгады Панамарэнкі. У Бачэйкаве стаяў варожы гарнізон. Народныя мсціўцы напалі на яго, і ў час бою Міхаіла Савельевіча прываліла сцяною. Сябры ўратавалі. Пасля вызвалення ён працаваў калгасным конюхам. З жонкаю выхавалі пяцёра сыноў і дачку. Малодшы Васіль даглядае бацьку.
Дырэктар школы Вольга ЦЯРЭШЧАНКА з вучнямі Дзімам ПРОТАСАМ і Ігарам ГРЫБАНАВЫМ.

Балючы след пакінула вайна ў лёсе амаль стагадовай Ніны Жыгала, якую не маглі не наведаць. Да драбніц усё з свайго доўгага веку яна памятае. Да вайны выйшла замуж і нарадзіла сына. Перад тым як гітлераўцы акупіравалі іх вёску Нізгалава, што побач з Бачэйкавам, муж Уладзімір Парфёнавіч па першай мабілізацыі пайшоў на фронт. Больш ніякіх вестак ад яго не было. З немаўлём на руках хавалася ад акупантаў па балотах, ратавалася ад азвярэлых ворагаў у час Ушацкага прарыву. Цудам засталася жывой. Вярнулася ў спаленую вёску Нізгалава. Людзі прынялі. Пасля вайны атрымала пахавальную. З сынам Мікалаем збіраліся адведаць магілу мужа ў Ленінградскай вобласці, але не выйшла. Няма ўжо Мікалая. Дзеці яго — на поўначы Расіі. Адзінокую Ніну Сцяпанаўну прыняла бальніца сястрынскага догляду. Часта яе наведваюць работнікі сельвыканкама, школьнікі.

ПАД адным дахам з сацыяльнай установай размешчана амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, якой загадвае Марына Папко. Больш за сорак гадоў тут працуе выпускніца Аршанскага медвучылішча Ніна Кунахавец. Дарагім сэрцу для яе, як і для многіх іншых, каго лёс прывёў сюды, стаў аграгарадок, дзе ўмеюць шанаваць сваю гісторыю, захоўваць традыцыі. Па ініцыятыве сельвыканкама сёлета ў другі раз збярэ ўдзельнікаў і гасцей фэст “Жнівеньскія спасы”.
Парадак на школьным двары падтрымліваюць Таццяна КАРУСЕВІЧ і Валянціна ПАТОЦКАЯ.

Няхай жа будзе шчодрым у Бачэйкаве на добрыя справы Год малой радзімы!

Бешанковіцкі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter