У Клімавіцкай вёсцы Стары Дзедзін захавалі старажытны абрад заклікання дажджу

Бабы распраналіся і аралі Асцёр

У  ТОЙ час, калі па ўсёй краіне з-за спякоты аб’вяшчаюць аранжавы ўзровень небяспекі, жыхары клімавіцкага Старога Дзедзіна  могуць забяспечыць сабе вільгаць нават у самы засушлівы час года.  Яны спадзяюцца на спецыяльны абрад заклікання дажду — і ён адразу пройдзе. Ці то напрыканцы дзеі, ці ўжо ўвечары. Незвычайны абрад прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі і валодае пэўнымі асаблівасцямі. Якімі менавіта, даведалася карэспандэнт “СГ”.


ПРЫЧЫНАЙ такой прыроднай з’явы, як засуха, па народных павер’ях магло быць што заўгодна. І вядзьмарскі праклён, і самагубца, якога супраць правілаў пахавалі на тэрыторыі могілак, а не за агароджаю, і ўстаноўка агароджы да свята Благавешчання… Забабонаў наконт гэтага многа, як “спосабаў” спынення засухі. На Палессі, да прыкладу, часта ў студні сыпалі мак, кідалі грошы, соль, часнок, асвячоную траву. Часам у студню кідалі гліняныя чыгуны, прычым у шматлікіх вёсках лічылі, што чыгун трэба было выкрасці ў суседзяў, чужынцаў ці ў ганчароў. Нават казалі так: “Вось як няма дажджу, то выкрадзем дзе-небудзь гладышку, ды ў студню — бух!”

На Магілёўшчыне самы цікавы абрад выклікання дажджу захаваўся да нашых дзён ў Клімавіцкім раёне. Цяпер праводзіцца па патрэбе ў вёсцы Стары Дзедзін, аднак карані дзеі насамрэч вядуць у суседнюю вёску Новы Дзедзін, удакладняе гісторыю Галіна Брыкава:

— Нарадзілася і вырасла я ў Новым Дзедзіне. І менавіта ў маёй роднай вёсцы жанкі рабілі гэта. Толькі ў Вялікую Айчынную традыцыя перапынялася. Пачынаючы з першага года вызвалення — а тады таксама была засуха, — маці расказвала, што выходзілі жанчыны “араць раку”. Я таксама была сведкай дзеі. Для нас, дзяцей, гэта была цікавая гульня. Пачыналася ўсё ў полі. “Бабы, трэба сёння пераараць раку, — казала якая-небудзь з жанчын, — бо даўно дажджу не было!” І яны таемна дамаўляліся сустрэцца ля ручая ў Новым Дзедзіне. Бралі саху і ішлі на абрад.

З цягам часу ў роднай вёсцы Галіны Васільеўны засталося з два дзясяткі чалавек, таму дзею перанеслі ў больш буйны Стары Дзедзін на раку Асцёр. Менавіта яе дамаўляліся пераараць.

ПРАВОДЗІЦЬ абрад трэба непасрэдна ў апоўдзень —  самы гарачы час спякотнага дня. У сучасныя гады бралі плуг і неслі яго ўчатырох да ракі. Прычым выбіралі на гэтыя ролі пераважна ўдоў, якія трымалі пост. Яны апраналіся ў святочныя строі. Астатнія ішлі следам, а размаўлялі абавязкова шэптам, бо ніхто, акрамя сваіх, не павінен быў ведаць пра незвычайны абрад. Дарэчы, сам ён належыць да часоў паганства, але з цягам часу займеў хрысціянскае адценне, заўважае Галіна Брыкава:

— Уваходзячы ў раку, жанчыны чыталі “Ойча наш”, хрысціліся, узнімалі рукі да неба і прасілі вільгаці так: “Дай Госпадзі, дапамажы Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, арашы зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб благадатна ўрадзіла і ўсіх напаіла…” Пасля яны здымалі з сябе ўсё адзенне, заходзілі ў ваду па пояс і цягнулі па дне плуг — “аралі ваду”. Прычым дзве кабеты, хто ішоў за “запрэжанымі” жанчынамі, паганялі першых пугай альбо галінкай. Прайсціся так трэба было тры разы. Вы спытаецеся, ці ходзім галышом цяпер? Зразумела, не, па этычных меркаваннях: на абрад з’язджаюцца людзі адусюль, а таксама журналісты. Цяпер апранаемся толькі ў кашулі і павязваем на галовы наміткі.

Уся дзея праходзіць пад адну толькі песню, якую выконваюць жанчыны, што засталіся на беразе:

Ой, не стаяла б ды белая бярозачка над вадою,
Не скланяла б яна сваё голле ўніз да долу.
А там дзеўка-чарнаброўка ваду брала,
Ваду брала ды размаўляла…

Абрад заканчваецца малітвай. Ці то адразу пасля яго, ці то ўжо ўвечары — чакай дажджу. У гэта вераць жыхары Старога Дзедзіна. Але бывалі месяцы, што абрад правялі, а дождж ішоў потым амаль месяц. Мясцовыя мужыкі нават прасілі заараць раку назад. Пры гэтым прыгаворвалі такія словы: “Дожджык, дожджык, перастань, я паеду на Ірдань, Божку паліцца, хрэсцікам хрысціцца, ключыкам-замочкам, шоўкавым платочкам”.

76-ГАДОВАЯ Галіна Брыкава выдатна ведае на памяць усе гэтыя фальклорныя цікавосткі з вясковых традыцый: 38 гадоў адпрацавала яна дырэктарам сельскага Дома культуры ў Старым Дзедзіне. Старажылы сыходзяцца ў меркаванні, што дзякуючы Галіне Васільеўне вёска захавала сваё культурнае аблічча, стала вядомай на ўсю краіну.

Цікава, але сама культработнік па адукацыі — ветэрынар, вучылася ў Клімавіцкім зааветтэхнікуме. Калі прыехала ўладкоўвацца ў калгас, не было месца па спецыяльнасці. Затое ў клубе можна было “зачапіцца”. Увогуле сваім выбарам прафесіі Галіна Васільеўна вельмі задаволена, бо змалку расла сярод традыцый і песень, таму, калі трэба было збіраць па навакольных вёсках фальклор, толькі радавалася.

Сёння ў некалі вялікім Старым Дзедзіне, дзе калісьці былі калгас, школа, пошта, засталося недзе пад дзве сотні жыхароў. Аднак і да гэтай пары дзейнічае ў СДК фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Астранка”. Дзецішча Галіны Брыкавай і сёння працягвае традыцыі. Як і ў мінулыя часы, ездзіць ансамбль выступаць:

— Мы і ў Маскве былі, і на розных конкурсах, многа дзе. Аднак сёння пераважна на фестывалях розных адзначаемся. Калектыў значна амаладзіўся, але ж і мяне запрашаюць. Я  лёгка станцую кадрылю, каробачку, падэспань, праспяваю не менш за сотню народных абрадавых песень. Гэта ж вельмі цікава, гэта наша народная душа! Ведаеце, з настальгіяй, бывае, успамінаю тыя часы, калі былі ў вёсцы вяселлі па некалькі дзён, калі ў сем’ях было многа дзяцей. Размаху таго ўжо няма. Але пра гэта ўсё мы павінны распавесці нашым дзецям і ўнукам. Гэта і робяць мае паслядоўнікі.

ЦІКАВА, ШТО…

У некаторых мясцінах абрад «пераарання ракі» рабілі па-іншаму. У Мсціслаўскім раёне, напрыклад, выбіралі прыгожую дзяўчыну, распраналі яе, упрыгожвалі вянкамі і прымушалі ў такім выглядзе баранаваць ваду.  А на Гродзеншчыне замест ракі аралі дарогу, рылі на ёй ямкі. Таксама ў вёсках Лобжа і Ганнаўка таго ж Клімавіцкага раёна хадзіла павер’е, што для таго, каб выклікаць дождж, неабходна было на магілу тапельца выліць шмат вады.

uskova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter