Беларусы з Даўгаўпілса былі жаданымі гасцямі на святкаванні 325-годдзя вёскі Залессе Смаргонскага раёна

Бабуля Лена і Залессе

Залессе — тое самае знакамітае месца на Гродзеншчыне, што звязана з жыццём і лёсам Міхала Клеафаса Агінскага, таксама сёлетняга юбіляра. На святкаванні юбілею вёскі 1 жніўня пашчасціла быць і беларусам з Даўгаўпілса. Паездку на Бацькаўшчыну ладзіў Цэнтр беларускай культуры, прыехалі вакальны гурт “Купалінка”, паэт Станіслаў Валодзька і метадыст Цэнтра беларускай культуры Жанна Бяляўская.


Беларусы Даўгаўпілса ў Смаргоні з кіраўніком таварыства “Радзіма” Максімам Дубянком

Шлях у гэтае казачна прыгожае месца для нас няблізкі, таму выехалі напярэдадні зранку, а ўвечары без спеху дабраліся да Смаргоні, дзе і заначавалі. Падарожжа апынулася дзіўна прыемным: добрае надвор’е, вясёлы настрой, цудоўныя пейзажы за акном: бярозавыя гаі, цёмныя лясы, пашы, залоціцца-даспявае збожжа на нівах. І вёскі, вёскі, вёскі — з незвычайнымі назвамі, прачытваць якія было асаблівым захапленнем і забавай. Мястэчкі запомніліся велічнымі касцёламі, прыбранымі цэрквамі і цэнтральнымі плошчамі з абавязковымі помнікамі ў сярэдзіне.

Першы вялікі прыпынак, калі не лічыць пераезд латвійска-беларускай мяжы, мы зрабілі, абмінуўшы Казяны: у вёсцы Васіліна жыве родная цётка Іны Валюшкі, удзельніцы гурта “Купалінка”. Нас сустрэла 85-гадовая, але такая маладая душою бабуля Лена, як мы яе адразу сталі называць. Вельмі добрая, цёплая, светлая. Як сказаў потым Вячаслаў Пятроў, мастацкі кіраўнік “Купалінкі”, гэта было поўнае акунанне ў беларускасць. Ну проста шчыміла сэрца ад мягкай беларускай мовы бабулі Лены, ад выгляду яе хаты: з мілым ганачкам, квітнеючым гародчыкам, са сцежкамі да ракі і саду і ад разгалістай ліпы каля хаты, у ценю якой мы і накрылі свой вандроўны стол. 

Расчуленыя, з невымоўнай пяшчотай у душах рушылі далей ды ўжо непрыкметна пад’ехалі да Смаргоні. Горад прыгожы, сучаснага выгляду. І гісторыя ў яго багатая. Вельмі пацярпеў ён у Першую сусветную вайну: там праходзіў фронт, і горад страціў пад час страшных бітваў амаль усіх жыхароў. Хадзіла раней такая прымаўка: “Хто ў Смаргоні не быў, той вайны а ня бачыў”. Смаргонцы шануюць памяць продкаў, пра што нам з гонарам распавяла ўсмешлівая і сімпатычная Ала, наш куратар на час фэсту ў Залессе.

А сам фэст-кірмаш “Залессе збірае сяброў” быў прымеркаваны да 325-годдзя вёскі ды праходзіў на вялікім зялёным лузе побач з адноўленым Домам-сядзібай Міхала Клеафаса Агінскага. Вакол самога луга паўсталі шматлікія гандлёвыя палаткі з таварамі і вырабамі майстроў народных промыслаў. 

На свята прыехала шмат людзей, былі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, госці з Польшчы (дарэчы, з аднайменнай вёскі Залессе: гміны Залескай), і яшчэ з аднаго Залесся (Глыбоцкага раёна Віцебшчыны) — са сваімі артыстамі і канцэртнай праграмай. Помняцца нам яшчэ вясёлыя суседзі з Ашмянскага раёна (з  ансамблем народнай песні “Жытнiца”), гучнаспеўныя госці з Літвы. Былі і два гурты з Латвіі — з Даўгаўпілса і Дагды, а таксама прадстаўнікі прэсы, Беларускага радыё і тэлебачання.

Наш блок выступлення на канцэрце пачала Жанна Бяляўская, звярнуўшыся з цёплымі вітальнымі словамі да землякоў-беларусаў. “Купалінка” выконвала беларускія песні “Мы к вам прыехалi здалёк”, “Цячэ вада”, “Цешча”, “Гай зеляненькi”, латышскую “Valodzite” ды латгальскую народную песню “Auga, auga ružeņa” ў перакладзе на беларускую мову Станіслава Валодзькі. Сам паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, прачытаў свае вершы “У Залессi”, прысвечаны памяці Міхала Клеафаса Агінскага, і праніклівы “Бацькоўскi кут”. Завяршылі мы выступленне песняй “Развiтальная” (музыка Таццяны Піменавай, словы Станіслава Валодзькі). Жанна Бяляўская дзякавала гаспадарам за цёплы прыём, паднесла нашы падарункі, а мы атрымалі дыплом і падзяку за ўдзел у фэсце. 

Сяброўскі абмен канцэртнымі паездкамі, падаецца нам, будзе мець працяг. У прыватнасці, наш куратар Ала запэўніла: у кастрычніку нашы сябры са Смаргоншчыны прыедуць да нас у госці, на традыцыйны ўжо ў Даўгаўпілсе беларускі канцэрт-кірмаш. А мы, перапоўненыя эмоцыямі ды ўражаннямі ад убачанага, пачутага і перажытага, будзем спадзявацца на сустрэчы і з Залессем, і (абавязкова!) з незабыўнай бабуляй Ленай у вёсцы Васіліна будучым летам. 

Тэрэза Паўлава,  член Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter