Бабруйск сёння — вялікая будаўнічая пляцоўка...

Людзі  мяняюць  горад,  а  горад  мяняе  людзей  

У Бабруйску поўным ходам ідзе падрыхтоўка да рэспубліканскага фестывалю хлебаробаў. Хто два-тры месяцы не быў у горадзе, здзівіцца: ідзе вялікая будоўля... Вядома, гэта стварае людзям пэўныя нязручнасці, бо там перанеслі аўтобусны прыпынак, тут – праход забаронены... Але ўсё гэта такія дробязі ў параўнанні з тым, як прыгажэе горад.

 

Прайдуся  я  па Мінскай...

 

На Мінскай вуліцы вядзецца замена труб цеплатрасы. Столькі ўсялякай тэхнікі, людзей, гарадскі транспарт рухаецца павольней, для пешаходаў перакінуты драўляныя масткі цераз выкапаныя траншэі.

 

Паводле слоў начальніка цеплавых сетак раёна Аляксандра Халецкага, цепласеткі патрабуюць неад-кладнай замены. Трубы завозяць з мінскага завода “Белізаліт”. Падрадчыкі з “Магілёўгазбуда” на чале з Уладзімірам Бераставым робяць усё, каб улажыцца ў вызначаныя тэрміны. У буднія дні працуюць і выхадныя захопліваюць, балазе жывуць непадалёку, у адным з інтэрнатаў завода.

 

На чарзе — участак вуліц Кастрычніцкай і Савецкай. Усяго плануецца замяніць трубы на ўчастках каля шасці кіламетраў. Да першага ліпеня – справаздача. Рабочыя перакананы: справяцца.

 

А побач ужо кладуць тратуары. Асабліва прыгожа яны выглядаюць ля так  званых “Трох ракет”: рознакаляровая плітка, аблямоўка... Ля шыннага камбіната абнаўляюць бардзюры. Пра якасць работ клапоцяцца найперш. А якія агароджы пры ўездзе ў горад, як аздабляецца паркавая зона ў раёне механіка-тэхналагічнага каледжа, колькі высаджваецца кветак!

 

Асабліва прыгожа выглядае дом нумар 60 па вуліцы Мінскай, дзе надбудавалі яшчэ адзін паверх з мудрагелістым дахам. Набывае новы выгляд і даўгабуд, аддадзены адной з гарадскіх службаў. Яшчэ радуе, што ўрэшце пачалі зносіць аджыўшыя двухпавярхоўкі па вуліцы імя Куйбышава: адсюль да новага маста цераз Бярэзіну праляжа аўтатраса – гэта і зручна, і зусім іншы пейзаж.

 

...І выйду на бабруйскі Арбат

 

Яшчэ адзін аб’ект, дзе актыўна вядуцца работы, — пешаходная зона, так званы бабруйскі Арбат, які ўшчыльную падступае да цэнтральнага рынка. Добра зрабілі мясцовыя ўлады, што прадугледзелі такую зону. Але раней яна ўяўляла сабою некалькі кварталаў только адной вуліцы Сацыялістычнай, а цяпер вырашылі давесці яе аж да Інтэрнацыянальнай. На вуліцы імя Дзяржынскага таксама паклалі тратуарную плітку. Тут пастараліся спецыялісты магілёўскага будтрэста № 12. Плітку, як расказаў майстар гэтага будаўнічага фарміравання Віталь Шэйда, завозілі з Магілёва, пясок — з кар’ера ля вёскі Казулічы. Адначасова вядзецца ўстаноўка сучаснага вулічнага асвятлення. Гэтым займаюцца работнікі бабруйскага ўчастка № 4 “Магілёўспецаўтаматыка”. Усе будынкі — камунальныя і прыватныя — прыводзяцца ў належны стан. Можна доўга любавацца гандлёвымі дамамі “Авангард” і “Феадосія”, сямейнай аптэкай “Алена”.

 

На вуліцы Карла Маркса кладуць пясчаную “падушку”, тут таксама шмат тэхнікі, людзей. Гэтыя работы, як расказаў начальнік “Дарожна-прамысловага прадпрыемства” з Баранавічаў Алег Белахвосцік, маглі б распачаць і раней, каб былі ў парадку камунікацыі.

 

Працяг пешаходнай зоны – плошча Перамогі з устаноўленым помнікам – танкам генерала Бахарава, які загінуў у час вайны. Будаўнікі з брэсцкага “Будмоста” выйгралі тэндэр на правядзенне адпаведных работ і ўжо рэканструявалі пастамент помніка, абліцавалі яго новым гранітам. Матэрыял прывозілі з Украіны, Карэліі і нават з Іспаніі. На чарзе  — рэканструкцыя самога сквера з фантанам, рамонт музея Вялікай Айчыннай вайны, іншых збудаванняў.

 

А  што  ў  гарадскім парку?

 

Парк – асноўнае месца адпачынку гараджан. У ім ёсць атракцыёны, дзіцячыя пляцоўкі, кінатэатр, летні тэатр, але ўсё гэта таксама  патрабуе абнаўлення. Кіраўніцтва парка на чале з дырэктарам Аляксандрам Вінаградавым ужо і адпаведны праект падрыхтавала.

 

Неўзабаве завершыцца будаўніцтва новага туалета, падводзіцца водаправод, каналізацыя і ацяпленне.

 

— Вагаемся перед выбарам, — разважае дырэктар, — зносіць стары летні тэатр ці адкрываць новы. Ёсць цікавы праект, паспрабуем яго адстаяць.

 

Прыступкі кінатэатра “Мір”, які размешчаны на тэрыторыі парка, у час правядзення “Дажынак” будуць выкарыстоўвацца ў якасці сцэны. Гэтая сцэнічная пляцоўка, дарэчы, трэцяя па значнасці пасля такой жа на плошчы імя Леніна і стадыёне “Спартак”.

 

Паўтысячы разнастайных аб’ектаў Бабруйска зараз на рэканструкцыі. Горад азеляняецца, упрыгожваецца новымі кветнікамі. Што і казаць, гарадскому кіраў-ніцтву даводзіцца нялёгка... Ды і жыхары разумеюць: родны горад – гэта агульны клопат. Многія гараджане актыўна працавалі на агульнагарадскім суботніку, сродкі ад якога паступілі ў фонд “Дажынак”. Людзі наводзілі парадак у сваіх дварах і з радасцю глядзелі на вынікі сваёй працы.

 

Мяняецца горад, мяняюцца і людзі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter