Баба Ліда не згарэла

Падзеі мінулай нядзелі Васіль Веліканаў помніць дэталёва...

— Я пачуў, як з двара, на якім на ўсю моц палаў дом, даносіцца ціхае: «А-а-а». Падбег да хлява, на які вось-вось перакінецца агонь, а там ляжыць бабуля. На руках вынес яе за весніцы, — падзеі мінулай нядзелі жыхар Чэрыкаўшчыны Васіль Веліканаў помніць дэталёва.

У гэтыя выхадныя ён, як звычайна, прыехаў да маці ў вёску Ржавец. Днём, калі ўвіхаліся ля дома, пачулі лямант суседкі: «Баба Ліда гарыць!» У лічаныя хвіліны амаль усе вяскоўцы былі ля палаючага дома. Чакалі пажарных.

— Дым стаяў слупом, агонь ахапіў веранду. Мы думалі, што баба Ліда з паралізаванымі нагамі ўнутры, — Васіль Сяргеевіч і зараз хвалюецца. — Як самы малады, я быў рвануў у двор, але жанчыны затрымалі: «Дом ужо выгарэў так, што праз хвіліну-другую абваліцца. Іванаўны, хутчэй за ўсё, ужо няма на гэтым свеце. Дарэмна не рызыкуй».

Жанчыны памыліліся. Як высветлілася, бабуля выпаўзла з палаючага дома і дабралася да хлява.

Яе адразу ж забралі ў бальніцу.

— Бабуля пакуль пад доглядам дактароў, але пагрозы жыццю няма, — паведаміла ў час тэлефоннай размовы Зоя Рыжкова, старшыня Язерскага сельскага Савета. — Траўм, на шчасце, яна не атрымала і дымам не надыхалася, таму чакае выпіскі.

Як стала вядома, разам з бабуляй жылі сын і дачка. У час пажару, які, хутчэй за ўсё, узнік з-за таго, што Іванаўна няўдала распальвала агонь, дома іх не было. Добра, што дом быў застрахаваны, можна будзе атрымаць кампенсацыю і думаць аб новым жыллі. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter