Куртки, пальто, пончо - самое время "утеплить" гардероб

Баб’е лета на подыуме

Пераменлівае надвор’е -- не падстава выглядаць сумна і панура

Для многіх беларусаў doice vita заканчваецца з надыходам восені. Дождж, пранізлівы вецер, холад да дрыжыкаў -- маркота, ды і толькі. Але капрызы надвор’я не застануць знянацку, калі сустракаць восень ва ўтульных і цёплых рэчах. Курткі, паліто, панчо -- самы час адправіцца на шопінг і “ўцяпліць” гардэроб.

Бомбер -- проста бомба!

Куртка-бомбер займае адну з самых высокіх пазіцый хіт-параду модных трэндаў. Для сонечнага і цёплага верасня -- тое, што доктар прапісаў. Сёння на подыумах мільгаюць самыя разнастайныя мадэлі -- ад класічных куртак мужчынскага крою да элегантных мадэляў аздобленых россыпам бліскавак, карункамі, стракатай вышыўкай. З чым насіць бомбер? Дызайнеры прапануюць гульню на кантрастах. Смела камбінуйце бомбер з рэчамі розных стыляў: сукенкамі ў кветкі, рамантычнымі спадніцамі, туфлямі-лодачкамі ці бацільёнамі на абцасах.
instyle.ru


Усё сваё нашу з сабой

Разынка вобраза -- у дэталях. Сусветнавядомыя модныя дамы Max Mara, Hermès, Chanel у гэтым сезоне актыўна ўпрыгожваюць верхняе адзенне накладнымі кішэнямі. Канешне, вялікія кішэні спакушаюць пакласці ў іх безліч рэчаў: тэлефон, люстэрка, памаду. Не паддавайцеся хвіліннаму жаданню! Хай кішэні красуюцца на вашым адзенні толькі ў якасці дэкору. Адтапыраныя і расцягнутыя, яны сапсуюць увесь вобраз. Уладальніцам пышных форм лепш ад гэтага трэнду адмовіцца. Вялікія кішэні дадаюць аб’ём і зрокава павялічваюць фігуру.

Лаканічная класіка

Паліто -- рэч, без якой восенню не абысціся ніводнай модніцы. Ад класікі да авангарду -- дызайнеры не спыніліся на адным накірунку, таму прымярайце ўсе ўпадабаныя мадэлі і выбірайце свой ідэальны варыянт. З вялікімі накладнымі кішэнямі, паяском, у разнастайных прынтах і колерах. Фаварыты: аліўкавы, блакітны, кава з малаком. І як жа без класікі? Прыталенае паліто пясочнага колеру, з паяском і даўжынёй ніжэй за калена. Модніцы розных узростаў любяць гэту рэч за ўніверсальнасць: яна аднолькава спрытна выглядае і з вечаровай сукенкай, і з рванымі джынсамі.

Трапіць у клетку

Паліто ў клетку -- мастхэв № 1 восеньскага гардэробу. Клетка заўжды дапаможа стварыць яркі і гарманічны вобраз. Калі вы купляеце паліто зараз, выбірайце буйную каляровую клетку і цікавы сілуэт, напрыклад оверсайз. Калі ў вашай шафе ўжо вісіць клятчатае паліто спакойных адценняў, дапаўняйце яго яркімі хусткамі.

У стылі поп-арт

Падабаюцца эксцэнтрычныя карціны Эндзі Уорхала? У гэтым сезоне смелыя вобразы накірунку поп-арт з лёгкай рукі дызайнераў перанесліся на адзенне. На паліто з’яўляюцца героі коміксаў, гучныя слоганы знакамітых кампаній. Яркае і злёгку саркастычнае адзенне “знойдзе агульную мову” са смелымі і ўпэўненымі ў сабе жанчынамі. Кажам “не” шэрасці і нудзе. Восенню “манахромнасці” хопіць у прыродзе, а ў гардэроб трэба ўносіць яркія ноткі. Але памятайце, паліто ў стылі поп-арт даволі самастойныя і завершаныя. Таму не перагружайце вобраз лішнімі аксэсуарамі.

Панчо

Разрываецеся паміж класікай і жаданнем разнастаіць стыль? Засяродзьце ўвагу на панчо. Не варта ўскладняць вобраз шматслойнасцю: аб’ёмны верх плюс завужаны ніз -- ідэальны дуэт. На шпацыр па прыгожым восеньскім горадзе смела апранайце панчо і фетравы капялюш і на кожным кроку лавіце на сабе погляды захаплення. У панчо будуць добра сябе адчуваць і ўладальніцы пышных формаў (свабодны крой надзейна схавае ўсё лішняя), і худзенькія дзюймовачкі, якім аб’ёмнае адзенне надасць статнасці і жаноцкасці.

Максімум мінімалізму

Мінімалізм -- не сінонім нуды. Многія стаміліся ад стракатых мадэлей у стыле “звярніце на мяне ўвагу”. Сёлета дасягаем максімальнага эффекту мінімалістычнымі сродкамі. Звяртаем увагу на паліто-пола. Дызайнеры вярнулі на подыум строгі крой з апушчанай проймай, які стварае плаўную лінію плячэй. Мадэль будзе выдатна спалучацца з дзелавым касцюмам альбо з паўсядзённымі джынсамі. З паліто можна смела абуваць, тое, у чым вам зручней: кеды, красоўкі альбо туфлі.

У парцы ў парк

З сезону ў сезон “вандруе” парка -- цёплая і камфортная куртка з капюшонам. У такім убранні гуляць нават у даджліва-восеньскае надвор’е -- адно задавальненне. У якасці дэкору -- некалькі аб’ёмных накладных кішэняў, кнопкі-зашпількі на пярэдняй планцы, нашыўкі.

КАМПЕТЭНТНА
Дар’я Лебедзева, дызайнер:

-- Гарачых, сонечных дзён у Беларусі зусім няшмат, затое халодных і золкіх -- звышдастаткова. Каб вам было цёпла, камфортна і ўтульна, да выбару восеньска-зімовага гардэробу трэба падыходзіць адказна. Сёння дызайнеры прапануюць велізарны выбар верхняга адзення: касухі, кэйпы, пухавікі, паркі, паліто, трэнчы, дафлкоты. З багатага асартыменту выбірайце тое, што сугучна вашаму ладу жыцця. Напрыклад, офіснай супрацоўніцы на сезон восень-зіма будзе дастаткова трэнчу, дэмісезоннага паліто, уцепленага паліто і паркі. Для мужчыны мінімальная капсула верхняга адзення будзе складацца з плашчу, вятроўкі, паліто і пухавіка.

Пры выбары верхняга адзення звяртаем увагу на тры ключавыя моманты. Першае -- фасон. Як правіла, курткі і паліто выбіраюцца не на адзін сезон. Вынік -- крой павінен балансаваць на мяжы класічнага і моднага. Другое -- якасць пашыву. Заўважылі няякасную фурнітуру і крывыя радкі, з якіх тырчаць ніткі, -- праходзьце міма такіх рэчаў. Трэці аспект -- фактура і склад тканіны. Не варта палохацца поліэстэру або нейлону ў складзе адзення. Ён дадаецца ў тканіну для павышэнне трываласці матэрыялу. А вось акрылу трэба пазбягаць, асабліва калі яго больш, чым 35%, бо тканіна будзе хутка скатвацца.

Таксама праходзьце міма букле, вельвету і доўгага ворсу, калі хочаце, каб рэч служыла не адзін сезон. Што да модных тэндэнцый, то на подыумах у гэтым сезоне пераважаюць клетка, аздабленне з футра (як каўняры, так і рукавы), асіметрыя і маскулінныя сілуэты з ярка выяўленай лініяй плеч. Па-ранейшаму папулярны ўтульныя оверсайз паліто з поясам. Не здаюць пазіцыі паркі. Таксама звярніце ўвагу на вырабы, якія спалучаюць у сабе розныя фактуры: напрыклад, скура + футра ці футра + джынс.


kristinahilko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter