XII Гомельскі эканамічны форум стаў самым прадстаўнічым за ўсю гісторыю правядзення

Бізнес паварочваецца да глыбінкі

XII Гомельскі эканамічны форум стаў самым прадстаўнічым за ўсю гісторыю правядзення: 21 краіна, больш за 500 удзельнікаў, звыш 100 інвестыцыйных праектаў. Але не толькі колькасць сёння аказалася яго адметнай рысай. Цікавасць бізнесу да глыбінкі — вось новы паварот патоку інвестыцый.

Помніцца, як усё па­чыналася. Лічаныя краіны-ўдзельніцы ў асноўным бліжэй­шага прымежжа і раёнаў-пабрацімаў. Сціпласць першых праектаў. Толькі непапраўным аптымістам тады верылася, што гэта прынясе рэальны эфект. Цяпер жа сумненняў не засталося. Пачынаючы з 2008 года на форуме падпісалі 56 інвестыцыйных пагадненняў на 1 мільярд 360 мільёнаў долараў.

Удзельнікі эканамічнага форуму знаёмяцца  з узорамі тэхнікі, якую робяць у Гомельскай вобласці
Удзельнікі эканамічнага форуму знаёмяцца з узорамі тэхнікі, якую робяць у Гомельскай вобласці

За гэтымі лічбамі стаяць новыя прадпрыемствы і вытворчасці, сучасныя аб’екты, інфраструктура. Дзякуючы форуму на тэрыторыі Гомельшчыны з’явіліся абноўленыя гасцінічныя комплексы, у Жлобіне — гандлёва-забаўляльны цэнтр, у Гомелі — першы гіпермаркет. А яшчэ ўдалыя распачынанні далі штуршок іншым інвестыцыйным праектам, якія выйшлі ўжо за межы асобна ўзятага форуму. Аднак у паспяховай карціне ўсе гэтыя гады відавочна прасочвалася прывязка замежнага бізнесу да абласнога цэнтра і буйных раённых гарадоў накшталт Мазыра, Жлобіна, Светлагорска.

Інвестара можна зразумець. Грошы любяць яснасць і даклад­насць. Апошняе хутчэй правяраецца ў разрэзе вялікіх гарадоў. Ці мала як павернецца тая ж схема дзеянняў у глыбінцы, дзе кіраўніцкія рашэнні маюць класічную ўласцівасць расцягвацца ў часе? Аднак гады форуму не прайшлі дарэмна. Паступова інвестыцыйныя праекты аддаляюцца ад Гомеля і прамысловых раённых цэнтраў. Апошні эканамічны форум таму пераканаўчае пацвярджэнне.

Цяпер пры падпісанні новых пагадненняў і пратаколаў аб намерах апорнымі пунктамі аказаліся менавіта раёны. У наваколлях Добруша расійскі інвестар плануе пабудаваць міні-ГЭС на рацэ Іпуць. Што гэта значыць для раёна, у райвыканкаме ведаюць дакладна: зніме праблему забеспячэння райцэнтра энергіяй. Цяпер асноўная частка горада завязана на заводскай кацельні. А ў прадпрыемства свае планы па пашырэнні вытворчасці...



Яшчэ адным пунктам прыкладання інвестыцыйных сіл абяцае стаць Калінкавіцкі раён. Там на базе былога ваеннага гарадка беларуская кампанія плануе за тры гады адбудаваць агракомплекс, уклаўшы звыш 110 мільёнаў долараў. А ў самім райцэнтры інвестар бачыць разумным узвесці аквапарк.

Тым часам у Рагачоўскім раёне ўкраінскі прадпрымальнік арганізуе вытворчасць вырабаў з натуральнага каменю. Характэрна, што гэты інвестар у Беларусі працуе ўжо некалькі гадоў. Новы праект — працяг бізнесу, пачатага ў Светлагорску. Чаму планы растуць, выканаўчы дырэктар акцыянернага таварыства “Плазматэк” Юрый Амяльчук растлумачыў падрабязна. Гаворыць, спачатку, калі толькі прыйшлі на наш рынак, самі асцерагаліся: ці не закрыюць, ці не абкладуць непасільнымі падаткамі. Але потым страх змяніўся здзіўленнем. Аказалася, інвестару тут дапамагаюць усе — ад улады на месцах да правяраючых органаў, як ні дзіўна гэта гучыць. Сёння, расказваючы пра свой бізнес на форуме, украінскі прадпрымальнік заклікаў калег па справе: калі маюць намер працаваць сумленна, у Беларусі вам усюды ўключаць зялёнае святло. Калі іншыя планы — не варта марнаваць час, па руках дадуць вельмі балюча.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік рэгіянальны акцэнт цяперашняга форуму ацаніў вельмі высока. Бо гэта эканоміка раёнаў, за якой стаіць іх дабрабыт і ўпэўненасць у будучыні. Скажам, узяць Ветку. Ніводнага моцнага прадпрыемства. Жыццё выключна за кошт датацый. Пра якое  перспектыўнае развіццё раёна можа ісці размова? Але толькі ў глыбінцы з’яўляецца стабільная вытворчасць, як адразу мяняецца карціна. Гэта і працоўныя месцы, і ўласныя паступленні ў бюджэт, і пераўтварэнне інфраструктуры. Чым больш такіх апорных пунктаў будзе ў глыбінцы, тым больш моцнай будзе краіна ў цэлым і больш паспяховым жыццё асобна ўзятага чалавека. Менавіта таму кожны такі інвестпраект, прывязаны да малой мясцовасці, для вобласці дарагога варты.

Віялета Дралюк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter