Біятоп — гэта гучыць!

Для захавання цэнных тэрыторый неабавязкова аб’яўляць іх ААПТ

Для захавання багатых рэдкімі відамі тэрыторый неабавязкова аб’яўляць іх асабліва ахоўнымі

У свеце больш як 30 тысячам відаў раслін і 13 тысячам відаў жывёл пагражае поўнае знікненне. І, на жаль, канстатуюць эколагі, тэмпы вымірання амаль у тысячу разоў вышэй, чым тэмпы аднаўлення. У Беларусі да рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, адносяцца каля 300 відаў раслін і 188 відаў жывёл. На пошук і ўкараненне новых метадаў па захаванні біяразнастайнасці ў Беларусі быў накіраваны міжнародны праект ГЭФ\ПРААН «Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі», каардынатарам якога выступіла Мінпрыроды.

У прынцыпе, у Беларусі сёння шмат робіцца для захавання біяразнастайнасці. Распрацаваны і рэалізуюцца законы аб жывёльным, раслінным свеце, аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (ААПТ), на гэта накіраваны шэраг дзяржаўных механізмаў, у ліку якіх фарміраванне нацыянальнай экасеткі, вядзенне Чырвонай кнігі Беларусі, правядзенне ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праектаў гаспадарчай дзейнасці.

Асноўную ахоўную функцыю выконваюць ААПТ — заказнікі, запаведнікі, нацыянальныя паркі, якія займаюць каля 7,6 % ад тэрыторыі нашай краіны. Плануецца, што да 2016 года гэтая лічба будзе павялічана да 8,2 %. «Але толькі сіламі ААПТ, — адзначае намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ігар Качаноўскі, — сітуацыю не выратаваць. Відавочна, што значная частка экасістэмы, дзе вялікая колькасць відаў флоры і фаўны, якія патрабуюць з боку дзяржавы асаблівых мер аховы, знаходзіцца па-за межамі ААПТ. А значыць, трэба дзейнічаць і там, аб’яднаўшы намаганні розных службаў — мясцовых органаў улады, прыродаахоўных ведамстваў і грамадскасці».

Адзін з такіх прыкладаў — праект «Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання Беларусі», ён быў рэалізаваны ў 10 раёнах Беларусі.

Дзякуючы праекту, падкрэслівае Ігар Качаноўскі, у заканадаўства Беларусі было ўведзена такое паняцце, як «біятоп», і прадугледжаны спецыяльны механізм аховы яго. «Зараз для захавання багатых рэдкімі відамі тэрыторый неабавязкова аб’яўляць іх ААПТ, — кажа ён. — Мясцовыя органы ўлады ва ўзаемадзеянні з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі могуць выявіць такія тэрыторыі і ўсталяваць на іх асаблівы рэжым аховы».

У ходзе інвентарызацыі біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці пілотных раёнаў навукоўцы выявілі 123 віды жывёл і 112 відаў раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу. Амаль тысяча месцаў іх пражывання перададзена пад ахову карыстальнікам зямельных участкаў і водных аб’ектаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter