Біццё посуду
23.05.2009 01:00:00
* Часцей за ўсё посуд білі пасля першай шлюбнай ночы. Госці падыходзілі да дзвярэй пакоя, у якім спалі маладыя, і разбівалі аб іх гліняны посуд, пры гэтым прыгаворвалі магічнае пажаданне-заклінанне: “Колькі чарапкоў, столькі хлапцоў маладым!”
* У пахавальным абрадзе разбівалі гаршок, у якім была вада пасля абмывання нябожчыка.
* У многіх мясцінах Беларусі існаваў звычай: як толькі з хаты вынеслі памерлага, нехта з старэйшых прадстаўнікоў роду рассыпаў па падлозе жменю жыта,
г. зн. выконваў прадуцыравальны абрад “засеўкі”, як на Каляды, сімволіка якога зводзілася да наступнага: з дому вынеслі “смерць”, але жыццё ў ім няхай доўжыцца. Гаршок, з якога бралі зерне, тут жа разбівалі аб вугал хаты.
* Біццё посуду было характэрным і для радзіннай абраднасці. Напрыканцы застолля на хрэсьбіны бабка-павітуха выносіла гаршок з кашай і прасіла за яго выкуп. Той, хто пакладзе грошай больш за ўсіх, а гэта, як правіла, былі хросныя бацькі, атрымлівалі ганаровае права разбіць гаршок аб стол. Па стану кашы меркавалі аб будучай долі немаўля: калі каша рассыпалася па паверхні стала, гэта лічылася кепскім знакам, і, наадварот, калі абрадавая ежа захавала форму посуду, у якім была прыгатавана, гэта лічылася добрай прыкметай.
* На Палессі чарапкі ад разбітага гаршка збіралі тыя жанчыны, якія доўгі час па нейкіх прычынах не маглі нарадзіць дзіця.
* Лічылася добрай прыметай разбіць што-небудзь у дзень свайго нараджэння або імянін.
* Ганчары верылі, што перад тым як распачаць торг на базары ці кірмашы, трэба абавязкова разбіць новы гаршок. Калі ж гэтага не зрабіць, то як ні старайся, шанцаваць не будзе.
* Паўсюдна лічылі, калі посуд б’ецца ў прысутнасці чужых людзей, гэта прадказвае прыбытак, павелічэнне дабрабыту.
* Няшчасце мог наклікаць трэснуты або надбіты посуд, таму яго ніколі не трымалі ў хаце, не кажучы ўжо пра тое, каб выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці і асабліва ў абрадавай практыцы.