Біццё посуду

Біццё посуду — даволі пашыранае рытуальна-магічнае дзеянне, якое нашы продкі здзяйснялі падчас розных сямейна-родавых і каляндарных святаў. Гэты рытуал меў два семантычныя пласты і адпаведна два супрацьлеглыя па змесце тлумачэнні. З аднаго боку, разбіваючы посуд, удзельнікі цырыманіялу жадалі галоўным дзеючым асобам багацця, здароўя, шчасця, нараджэння дзяцей. З другога боку, разбіць посуд — гэта значыць, “знішчыць” што-небудзь (хваробу, гора, бяду, іншыя няшчасці). У вясельным абрадзе практычна паўсямесна разбівалі той посуд, з якога маладыя прыгублівалі першае ў сваім сумесным жыцці пітво. Гэта быў знак таго, што двое маладых людзей прынцыпова змянілі свой сацыяльны статус.

* Часцей за ўсё посуд білі пасля першай шлюбнай ночы. Госці падыходзілі да дзвярэй пакоя, у якім спалі маладыя, і разбівалі аб іх гліняны посуд, пры гэтым прыгаворвалі магічнае пажаданне-заклінанне: “Колькі чарапкоў, столькі хлапцоў маладым!”
* У пахавальным абрадзе разбівалі гаршок, у якім была вада пасля абмывання нябожчыка.
* У многіх мясцінах Беларусі існаваў звычай: як толькі з хаты вынеслі памерлага, нехта з старэйшых прадстаўнікоў роду рассыпаў па падлозе жменю жыта,
г. зн. выконваў прадуцыравальны абрад “засеўкі”, як на Каляды, сімволіка якога зводзілася да наступнага: з дому вынеслі “смерць”, але жыццё ў ім няхай доўжыцца. Гаршок, з якога бралі зерне, тут жа разбівалі аб вугал хаты.
* Біццё посуду было характэрным і для радзіннай абраднасці. Напрыканцы застолля на хрэсьбіны бабка-павітуха выносіла гаршок з кашай і прасіла за яго выкуп. Той, хто пакладзе грошай больш за ўсіх, а гэта, як правіла, былі хросныя бацькі, атрымлівалі ганаровае права разбіць гаршок аб стол. Па стану кашы меркавалі аб будучай долі немаўля: калі каша рассыпалася па паверхні стала, гэта лічылася кепскім знакам, і, наадварот, калі абрадавая ежа захавала форму посуду, у якім была прыгатавана, гэта лічылася добрай прыкметай.
* На Палессі чарапкі ад разбітага гаршка збіралі тыя жанчыны, якія доўгі час па нейкіх прычынах не маглі нарадзіць дзіця.
* Лічылася добрай прыметай разбіць што-небудзь у дзень свайго нараджэння або імянін.
* Ганчары верылі, што перад тым як распачаць торг на базары ці кірмашы, трэба абавязкова разбіць новы гаршок. Калі ж гэтага не зрабіць, то як ні старайся, шанцаваць не будзе.
* Паўсюдна лічылі, калі посуд б’ецца ў прысутнасці чужых людзей, гэта прадказвае прыбытак, павелічэнне дабрабыту.
* Няшчасце мог наклікаць трэснуты або надбіты посуд, таму яго ніколі не трымалі ў хаце, не кажучы ўжо пра тое, каб выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці і асабліва ў абрадавай практыцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter