Біноклі ў рукі

Беларусы далучацца да Еўрапейскіх дзён птушыных назіранняў

Паглыбіць свае веды ў арніталогіі можна, далучыўшыся да Еўрапейскіх асенніх дзён назіранняў за птушкамі.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, кастрычнік — не той месяц, калі дазваляецца ўпадаць у «зімовую спячку». Грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае ўсіх актыўных людзей прыняць удзел у Еўрапейскіх асенніх днях назіранняў за птушкамі «EuroBirdwatch». Міжнародная асветніцкая акцыя аб’ядноўвае ўжо 35 краін Еўропы і Сярэдняй Азіі і дзясяткі тысяч удзельнікаў.

Сёння і заўтра ў аматараў прыроды ёсць добрая магчымасць паглыбіць свае веды па арніталогіі. У розных кутках краіны будуць арганізаваны назіральныя пляцоўкі, спецыялісты правядуць экскурсіі. Апошнія адбудуцца ў Мінску (Цэнтральны батанічны сад; экалагічная сцежка каля прыхода храма Свяціцеля Мікалая Японскага), Гродне (вадасховішча на р. Нёман), г.п. Мачулішчы (заказнік «Сакаліны»), Лунінецкім раёне (в. Лахва, рыбгас), Мядзелі (набярэжная возера Мястра).

Спецыялісты ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заклікаюць усіх, хто прыме ўдзел у акцыі, паведаміць пра свае назіранні. Зрабіць гэта можна любым зручным спосабам і тэрмінова: праз анлайн-форму на сайце, даслаўшы паведамленне ў сацыяльных сетках ці на электронны адрас, пазваніўшы па тэлефоне. Як адзначыла каардынатар акцыі Святлана Якубоўская, усе ўдзельнікі, якія будуць назіраць за птушкамі ў групах ад трох чалавек і аператыўна дашлюць атрыманыя даныя, прымуць удзел у розыгрышы палявога бінокля. Чым не стымул далучыцца да акцыі ўсёй сям’ёй!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter