Бібліятэка ці «павуцінне»?

Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь адзначае 80-годдзе

Сур’ёзныя людзі па-ранейшаму аддаюць перавагу кнізе

Нагода нашага візіту ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь — 80-годдзе яе заснавання. З самага пачатку яна стваралася для абслугоў-вання органаў улады. І сёння гэта застаецца яе галоўным напрамкам работы. Пераважная частка фонду — літаратура з галіны права, дзяржаўнага кіравання і эканомікі, усяго ж каля паўтара мільёна адзінак захоўвання.

Сёння гэта ўстанова ўжо не проста кнігасховішча, а адзін з буйнейшых інфармацыйных цэнтраў краіны. Тут можна знайсці літаратуру па медыцыне, сельскай гаспадарцы і іншых напрамках. Дакладней, тое, што датычыцца эканомікі і кіравання гэтых сфер. Наведвае ўстанову, размешчаную ў правым крыле Дома ўрада, у асноўным эліта ўпраўленцаў. Сярод пастаянных чытачоў ёсць вядомыя ўсім асобы. Напрыклад, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заходзіць у бібліятэку амаль кожную пятніцу. Бярэ на выхадныя гістарычную літаратуру, мемуары вядомых людзей. Чытае шмат і хутка. Заглядваюць і іншыя прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь — бяруць кнігі і для работы, і для адпачынку.

Наогул, сюды можа трапіць любы чалавек, нават беспрацоўны ці пенсіянер. Па заканадаўстве аб бібліятэчнай справе ў рэспубліцы любы грамадзянін краіны павінен мець доступ да інфармацыі. Частыя госці ў правым крыле Дома ўрада — студэнты. Яны знаходзяць там шмат звестак для сваіх курсавых і дыпломных прац. Дарэчы, дырэктар бібліятэкі Сяргей КВАЧАН (на здымку) вучыцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «кіраванне персаналам». Таму на стале ў яго — стосы кніг. Падначаленыя жартуюць: маўляў, у Сяргея Іванавіча самы тоўсты фармуляр. «Чаму не карыстаецеся Інтэрнэтам? Зараз там шмат разнастайнай інфармацыі?» — пытаюся. Дырэктар адказвае на маё пытанне і тым самым ставіць усё кропкі над «і» і ў тэме «Чаму нашы людзі па-ранейшаму аддаюць перавагу чытальным залам, а не Сусветнай павуціне?»

— Сапраўды, у Інтэрнэце шмат розных крыніц, — пагаджаецца Сяргей Квачан. — Адкрываю іх, чытаю і заўважаю, што ў некаторых месцах дапускаюцца вольнасці. Нашы чытачы — у асноўным прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. Гэта сур’ёзныя людзі, якія пры падрыхтоўцы таго ці іншага законапраекта не могуць спасылацца на звесткі з Інтэрнэта. Павінны быць правераныя крыніцы.

Пасуе тое, што ў стагоддзе высокіх тэхналогій чытачам не трэба траціць шмат часу на пошук і заказ літаратуры. У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь аўтаматызавана ўсё!

Электронны каталог там пачалі ствараць яшчэ ў 1993 годзе. Сёння дастаткова набраць пэўны адрас у камп’ютары, і даведаешся, што ёсць на паліцах кнігасховішча. Уявіце толькі: штодзённа робіцца роспіс усіх перыядычных выданняў (а сюды абавязкова прыходзяць нават усе раённыя газеты) па тэмах публікацый. Больш таго, чалавеку з чытацкім білетам не трэба заязджаць непасрэдна ва ўстанову, каб заказаць тую ці іншую літаратуру, зараз дастаткова праз Інтэрнэт даслаць заяўку. Ёсць і віртуальная даведачная служба: карыстальнік можа задаць спецыялісту бібліятэчнай справы любое пытанне. Адзін з апошніх напрамкаў дзейнасці — электронная дастаўка дакументаў. Праўда, гэта паслуга платная, але каштуе няшмат.

— Мы актыўна працуем над удасканаленнем якасці абслугоўвання нашых чытачоў, — як бы падводзіць рысу пад размовай пра аўтаматызацыю Сяргей Іванавіч.

Гордасць бібліятэкі — сховішча. Доўгі час кнігі былі раскіданыя па розных установах горада, дзе часта рэжым іх захоўвання зусім не адпавядаў нормам. У 2011-м распара-джэннем Прэзідэнта былі выдзелены памяшканні на вуліцы Карла Маркса. Сёння сховішча займае больш за тры тысячы квадратных метраў. Ёсць цэнтралізаваная сістэма пылавыдалення, адпаведны светлавы рэжым. Карацей кажучы, цяпер кнігі, часопісы, газеты «адчуваюць сябе» вельмі ўтульна.

Зараз кнігасховішча не сорамна і гасцям паказаць. А іх у юбілейныя дні будзе шмат. Прыедуць прадстаўнікі прэзідэнцкіх, парламенцкіх, урадавых бібліятэк Расіі, Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Літвы і іншых краін. Гэта не выпадковыя людзі. Яны збіраюцца, каб абмяркоўваць злабадзённыя пытанні інфармацыйнага абслу-гоўвання органаў улады і кіравання. Гэтыя бібліятэкі жывуць падобным жыццём, маюць аднолькавыя праблемы. Дарэчы, з многімі з іх наша Прэзідэнцкая бібліятэка абменьваецца дакументамі, папаўняе сваю скарбонку. У Прэзідэнцкай бібліятэцы заўсёды рады і чытачам, і гасцям.

-------------------------------------------

Толькі факты

Самая старая кніга бібліятэкі — «Кодэксы Юсцініана» 1542 года.

Рэдкі і старадрукаваны фонд налічвае каля 100 тысяч экзэмпляраў.

У час Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка была разрабавана. Аб гэтым ёсць сведчанні яфрэйтара Абеля ў матэрыялах Нюрнбергскага працэсу.

У калекцыі больш за тры тысячы кніг з дароўнымі надпісамі. Свае аўтографы пакінулі Максім Танк, Іван Шамякін, Пятро Глебка, іншыя выдатныя дзеячы.

Усе кнігі, падораныя Прэзідэнту краіны, захоўваюцца ў бібліятэцы.

Штогод ва ўстанову паступае больш за 1300 найменняў перыядычных выданняў, 30 000 найменняў друкаванай прадукцыі.

У бібліятэку трапляе абавязковы бясплатны экзэмпляр дакументаў, выдадзеных у нашай краіне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter