Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на цырымоніі прынясення ваеннаслужачымі клятвы

Айчыны верныя сыны

Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на цырымоніі прынясення ваеннаслужачымі клятвы



Таварышы салдаты і сяржанты, курсанты і прапаршчыкі, афіцэры і генералы!

Паважаныя суайчыннікі і госці беларускай зямлі!


Узначаліць дзяржаву — вялікая адказнасць перад сваім народам і Айчынай.

Уступленне Прэзідэнта на пасаду — гэта заўсёды новы этап у жыцці краіны і чарговы гістарычны адрэзак часу, з якім грамадства звязвае свае надзеі на будучыню.

Разам мы ўжо зрабілі вельмі шмат на складаным шляху дзяржаўнага станаўлення і развіцця.

У стваральнай працы нас аб’ядноўвалі любоў да Радзімы, упэўненасць у сваіх сілах і памкненне да агульнага дабрабыту. Усе гэтыя гады нацыянальная сістэма забеспячэння бяспекі была гарантам аховы мірнай працы беларускага народа ад любых пагроз.

Сёння Беларусь — паўнапраўны, аўтарытэтны член сусветнай супольнасці, гатовы абараніць ад замахаў свой суверэнітэт.

Гэта краіна высокіх сацыяльных стандартаў, у якой забяспечаны стабільнасць і грамадзянская згода.

Як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі стаўлю сабе за найвышэйшую мэту надзейную абарону інтарэсаў нашай краіны, яе канстытуцыйных асноў і тэрытарыяльнай цэласнасці.

Свет вакол нас не стаў больш паспяховым. І гэта аказвае свой негатыўны ўплыў на Беларусь. Але мы абавязкова захаваем нашу дзяржаву.

Мы даражым нашай Радзімай. Будзем адзіныя, паслядоўныя і настойлівыя ў стваральнай працы. Прынцыповыя і рашучыя ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў.

Мы заўсёды заяўлялі, заяўляем і будзем заяўляць: мы ніколі нікому не пагражалі і пагражаць не будзем. Наша ваенная мэта — абараніць свой кавалак зямлі, на якім спрадвеку жыла частка славянскага народа — беларусы. Чыстая, прыгожая і адукаваная нацыя. Мы нікому не аддадзім ні кавалка нашай зямлі, не пагражаючы нашым суседзям і іншым дзяржавам. Нам не трэба чужога, але і свайго не аддадзім.

Мы павінны памятаць, не пагражаючы нікому, як гаварыў вялікі наш продак: хто з мячом да нас прыйдзе — ад мяча і загіне. Для гэтага мы перш за ўсё — людзі ў пагонах. Мы сваім жыццём будзем абараняць сваю зямлю, свае сем’і, сваіх дзяцей, сваіх родных і каханых. Мы, калі мужыкі, нікому больш не павінны дазволіць уварвацца на нашу зямлю і паздзекавацца з дзяцей, старых і жанчын. Мы жыццём сваім павінны абараніць нашу краіну, у якой будзе жыць мірная і шчаслівая нацыя.

Наша краіна будзе і ў далейшым у поўнай меры выконваць узятыя на сябе абавязацельствы па захаванні міру ў рамках міжнародных дагавораў і пагадненняў.

Бяспечная будучыня Беларусі залежыць толькі ад нас з вамі і ні ад каго іншага.

Для паспяховага развіцця краіны ў нас ёсць абсалютна ўсё неабходнае: шматвяковая нацыянальная культура, духоўныя каштоўнасці, эканамічны і навуковы патэнцыял. А галоўнае — добрыя і дастойныя людзі.

Сёння тут у гэтым адзіным страі стаяць прадстаўнікі ўсіх сілавых структур дзяржавы, здольныя забяспечыць мірныя ўмовы для стваральнай працы.

Упэўнены, што пад вашай надзейнай абаронай, нашай абаронай усе разам мы пераадолеем любыя цяжкасці і вырашым самыя маштабныя задачы на карысць нашага агульнага дома — Рэспублікі Беларусь!

Няхай жыве працавіты беларускі народ і нашы слаўныя абаронцы Айчыны!

Ура!

Мінск. Плошча Дзяржаўнага сцяга.

6 лістапада 2015 г.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter