“Радзіва “Прудок” стала для беларусаў парталам да дому

Атрымліваю ад жыцця асалоду

Малая радзіма здольная адкрыць вялікія магчымасці

Той папулярнасці, якая навалілася на Андруся Горвата пасля выдання дзённіка “Радзіва Прудок”, не чакаў ніхто. Нават сам аўтар. Тым больш што прынятае тры гады таму рашэнне кінуць Мінск і з’ехаць у палескую вёску “без перспектываў” выглядала якраз як непапулярнае і нямоднае. Але менавіта дома ён змог рэалізавацца. Яго кнігу пра жыццё ў Прудку і пошук свайго месца перавыдавалі ўжо тры разы. Дзённік атрымаў некалькі літаратурных прэмій, а Горват — тысячы чытачоў і фрэндаў у Facebook, якія чакаюць ад пісьменніка новых адкрыццяў.

Фота аўтара

— Андрусь, вашым дзённікам натхняюцца і гараджане, і вяскоўцы, і дарослае пакаленне, і моладзь. Але я не ведаю тых, хто пасля прачытання кнігі рашыўся б раптам вярнуцца на малую радзіму. Чаму, на ваш погляд, сучаснаму чалавеку так складана гэта зрабіць? 

— Я не ставіў мэты, каб пасля кніжкі ўсе адразу з’ехалі ў вёску. Але для мяне каштоўна ўжо тое, што чалавек успомніў пра свае карані. Неабавязкова вяртацца. Можна проста помніць і любіць тое месца, адкуль выйшаў. Шмат людзей у савецкі час з’ехалі з вёскі. Яны рваліся да тых даброт, якія былі ў гарадскіх жыхароў. І цяпер ім сапраўды складана вярнуцца назад. Але ёсць маладыя людзі, якія бачаць у вёсцы нейкую рамантыку, уласную свабоду і могуць дазволіць сабе жыць там і працаваць дыстанцыйна. Сёння ў гэтым няма ніякай праблемы.

— Што асабіста ў вашым жыцці стала апошняй кропкай, якая паўплывала на рашэнне вярнуцца ў дзедаву хату? 

— Неяк, яшчэ працуючы журналістам, дабіраўся аўтаспынам у камандзіроўку ў Хойніцкі раён. Стаяў разам з калегам на трасе недалёка ад Прудка і спрабаваў злавіць машыну. Было лета. Неба сіняе-сіняе. Жыта залатое. Неяк так утульна і цёпла стала. Адчуў, што я дома і не хачу адсюль нікуды ехаць. Тады і прыйшла думка: а што калі пераехаць сюды. Тым больш у Прудку стаяла нікому непатрэбная дзедава хата. Спачатку было страшна адразаць пупавіну з Мінскам. Але настолькі было класнае адчуванне дома, камфорту, што ў выніку я гэта здзейсніў. 

— Як склаўся б ваш лёс, калі вы засталіся б у сталіцы?

— Думаю, я не напісаў бы кнігу, не прадаў яе — другі год жыву на ганарар з продажу дзённіка. Менавіта дома я змог рэалізавацца. У Мінску, які я вельмі люблю, у мяне гэта не атрымалася. Я тут жыў пятнаццаць год і ў прынцыпе, гэтага часу было дастаткова, каб штосьці зрабіць. Скончыў журфак БДУ, быў журналістам-фрылансерам, працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры — гэта была мая любімая работа. Але гэтыя работы, здымныя кватэры — усё было нейкае часовае. Было адчуванне, што ты ўвесь час сядзіш на чамаданах, кудысьці не вярнуўся, не даехаў, штосьці не зрабіў.

— Калі вы пераехалі ў Прудок, у вас было каля ста фрэндаў у Facebook. Цяпер каля 5 тысяч. У чым жа такі феномен?

— Магу толькі здагадвацца. Версій я шмат прачытаў, што пра гэта думаюць іншыя людзі. Мяркую, кніга проста стала для многіх парталам да дому. Шмат у нас, беларусаў, яшчэ комплексаў — з нагоды свайго вясковага паходжання, з нагоды беларускай мовы, якая раней лічылася прыкметай “дзярэўні”. Мы любім гэтыя рэчы, але на нейкай падсвядомасці, ёсць перашкоды выказваць гэту любоў адкрыта. Можа, мая кніга проста стала дазволам любіць тое, што было сорамна любіць. 

— Сёння імкнуцца сцерці мяжу паміж горадам і вёскай, надаць апошняй больш магчымасцей. Але ці не пагражае гэта знікненнем вёскі? 

— Я люблю старую архаічную беларускую вёску са спевамі бабуль, старажытнымі ручнымі прыладамі, але разумею, што яе немагчыма закансерваваць і захаваць у такім выглядзе. Нічога страшнага няма ў тым, што вёска змяняецца, ідзе насустрач гораду. Інтэрнэт, водаправод — гэта добрыя рэчы, не трэба ад іх адмаўляцца. Але трэба памятаць, што было раней. 

— Мяркуючы па сацыяльных сетках, вы разам з сябрамі зараз аднаўляеце закінуты кляштарны комплекс у Мазыры. Што гэта за праект? 

— Усё пачалося з таго, што паўстала небяспека страціць вялікі комлекс унікальных пабудоў. У савецкі час у ім размяшчалася мэблевая фабрыка, а раней — касцёл i мужчынскi манастыр. Будынкі хоць і гістарычныя, але не маюць статуса гісторыка-культурных каштоўнасцей, таму комплекс быў выстаўлены на продаж без усялякіх умоў. А гэта значыць, што любы чалавек мог яго выкупіць, зруйнаваць старадаўнія муры XVIII стагоддзя і пабудаваць на іх месцы што заўгодна. Таму першае жаданне было проста захаваць гэту архітэктурную спадчыну. Комплекс з аўкцыёну набыў мой сябар з Калінкавічаў, старшыня грамадскага аб’яднання “Спадчына Палесся” Аляксандр Баранаў. Пасля набыцця комплексу ўзнікла ідэя зрабіць у ім вялікую культурную прастору, дзе б маглі збірацца творчыя людзі. Ідэю падтрымалі нашы сябры, затым сябры сяброў. Месца стала прыцягваць людзей як магніт. 

— Напэўна, у такой пляцоўцы зацікаўлена і мясцовая ўлада? 

— Не губляю надзею, што ў нас атрымаецца наладзіць дыялог, бо тое, што мы робім, мы робім не для сябе — для ўсіх жыхароў рэгіёну. Арт-прастора “Даліна анёлаў” павінна ўключыць у сябе майстэрнi для рамеснiкаў, залы для прэзентацый, музей, памяшканнi для iмпрэз i гэтак далей. Збіраемся рэалізоўваць сацыяльныя праекты. У горадзе працуе цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, у якім выхоўваюцца дзеці з сіндромам Даўна і аўтысты. На іх вельмі станоўча ўплывае музыка, і мы хочам зрабіць для іх пляцоўку для выступленняў, ладзіць з імі сумесныя мерапрыемствы.

— Ведаю, у вас ёсць планы аднавіць палац у Нароўлі. Якія перашкоды сустракае чалавек с такой задумай? 

— Галоўная перашкода — гэта адсутнасць спрошчанай сістэмы перадачы аб’ектаў. Ідэяй аднавіць палац, які належыць да фамільнага дрэва Горватаў, хоць i не па прамой лiнii, я загарэўся яшчэ гадоў дзесяць таму. Але на той момант у мясцовых улад існавалі надзеі, што будзе выдзелены бюджэт на рэстаўрацыю, і мне адмовілі ў набыцці будынка. Сёння гэта тэарэтычна можна зрабіць, але існуе вельмі складаная працэдура перадачы будынка, падрыхтоўкі дакументаў, узгаднення з вышэйшымі інстанцыямі... Яна цягнецца ўжо другі год. 

— Кажуць, “каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. У вас атрымалася крыху наадварот — выказалі сваю любоў да радзімы ў кнізе і, атрымаўшы за яе ганарар, змаглі пападарожнічаць па Еўропе. А што гэта падарожжа адкрыла вам?

— Я ўбачыў месца Беларусі на карце Еўропы. Раней мала бываў за мяжой і мне здавалася, што ўсе гэтыя еўрапейскія цэнтры недасягальныя. Аказалася, што ўсё побач, няма ніякай адлегласці і вялікай розніцы ў менталітэце.  Дагэтуль думаў: мы больш падобныя на суседзяў, што лагічна, але знайшоў больш падабенства да немцаў, бельгійцаў, аўстрыйцаў. Мы такія ж выхаваныя, акуратныя, інтравертныя. Ёсць у нас гэта шляхетнасць, унутраны спакой.

—”Радзіва” вырвалася з-пад кніжных вокладак і жыве асабістым жыццём. Спачатку з’явілася кароткаметражка “Ягор”, цяпер Купалаўскі тэатр рыхтуе пастаноўку. Вы прымаеце ўдзел у гэтых праектах?

— Ведаеце, калі лічыць, што кніга — гэта маё дзіця, то ўсё тое, што яна нараджае, гэта ўжо мае ўнукі. А як паводзяць сябе з унукамі? Асабліва не ўмешваюцца ў іх жыццё, іх проста любяць, можа, нават больш за дзяцей. Мне вельмі падабаецца, што робіць Купалаўскі тэатр і асабіста Раман Падаляка. Я разумею, што спектакль ці кіно — гэта ўжо зусім новы прадукт, у якога ёсць свой аўтар. І мне важна не перашкаджаць творчым людзям рабіць сваю творчасць. Хачу прыйсці адразу на прэм’еру і паглядзець, што атрымалася. Баюся, што ад спектакля будуць чакаць паўтора “Радзіва”, нейкай новай дозы эмоцый, якія атрымалі ад кнігі. Хацеў бы, каб чакалі аўтарства Падалякі і прыйшлі паглядзець на яго работу, а не маю. 

— Няма страху стаць пісьменнікам адной кнігі? 

— А што тут страшнага? Багдановіч, напрыклад, быў аўтарам адной кнігі. Я баюся стаць аўтарам паганай кнігі. Пішу зараз, але не выдам кнігу, пакуль не буду ўпэўнены, што гэта той максімум, на які здольны. Перад тым як запусціць “Радзіва” ў друк, я яго ўважліва перачытаў апошні раз і зразумеў, што лепш ужо не зраблю. Гэта не значыць, што гэта ўнікальная і самая лепшая кніга ў свеце, я кажу пра свае магчымасці. 

— Зараз у інтэрнэце гуляе нямала кніг пра жыццё ў стылі хюге. Гэта скандынаўскае слова абазначае нешта сярэдняе паміж утульнасцю, шчасцем і дабрабытам. А якім словам вы апісалі б стыль вашага жыцця?

— У мяне ёсць важны жыццёвы прынцып — атрымліваць ад жыцця асалоду. Самае паганае, што можна зрабіць з сабой, — гэта быць нешчаслівым. Я не раблю нічога таго, што проста трэба рабіць. Не стаўлю сабе нейкія прымусы. Пакуль мне штосьці падабаецца, я гэта раблю. Калі не — мяняю напрамак. 

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter