Атлантыда беларускай музыкі

Сімфоніі і серэнады эпохі Моцарта, што паходзяць з Беларусі, знайшлі ў віленскіх архівах выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Сенсацыйнасць знаходкі вымяраецца тым, што дагэтуль было прынята лічыць — жанры серэнады і сімфоніі з’явіліся на тэрыторыі нашай краіны толькі ў ХХ стагоддзі. У архівах выяўлена велізарная колькасць беларускіх твораў ХVI—XIX стагоддзяў.

“Імёны таленавітых аўтараў гэтай цудоўнай, высокапрафесійнай музыкі былі згублены ў вірах гісторыі, — гаворыць мастацтвазнаўца Аляксей Фралоў, адзін з тых, хто адшукаў унікальныя творы. — Гэта Дамінік Адамовіч, Ян Сакалоўскі, Ян Чамароўскі, кампазітары Зарашэўскі, Маркевіч, Плашына, Пятровіч, Руткоўскі, Чупрынскі, а таксама ананімныя аўтары — маэстра эпохі класіцызму і ранняга рамантызму, якія ўпрыгожылі музычны краявід Беларусі канца ХVIII — першай паловы ХIХ стагоддзя яркімі сімфоніямі, вытанчанымі і грацыёзнымі, забаўляльнымі і разам з тым сур’ёзнымі”.
Многія са знойдзеных Святланай Немагай і Аляксеем Фраловым музычных рукапісаў паходзяць з забытага “аазісу беларускай культуры” — з Забелаў, што на Полаччыне, дзе ажно да 1840-х гадоў квітнела духоўная і свецкая культура, дзейнічала выдатная музычная капэла пад кіраўніцтвам кампазітара і дырыжора Міхала Кавалеўскага.
Вернутых твораў, гавораць мастацтвазнаўцы, аказалася настолькі многа, што ў будучым годзе плануецца ўсе іх прадставіць шырокай публіцы на фестывалі “Адраджэнне беларускай сімфоніі”. Але пачуць музыку нашай мінуўшчыны, акунуцца ў атмасферу таямнічых паркавых алей і спатканняў у ціхіх альтанках можна і значна раней. 25 верасня ансамбль салістаў “Класік-Авангард” запрашае на праграму “Мелодыі Радзі-вілаўскіх паркаў”, якая адбудзецца ў Малой зале Белдзяржфілармоніі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter