Асвятляючы шлях.

Якім чынам Віфлеемская зорка стала галоўным атрыбутам беларускіх калядоўшчыкаў?

З часу актыўнага пашырэння хрысціянства абходы калядоўшчыкаў (язычніцкая традыцыя) пачалі набываць іншы сімвалічны сэнс і папоўніліся адпаведнымі атрыбутамі. Калядоўшчыкі пачалі ўспрымацца старажытнаіўдзейскімі валхвамі і магамі, якія былі сведкамі з’яўлення на начным небасхіле зоркі, якая прывяла знаўцаў самых старажытных таямніц Сусвету ў Віфлеем да месца нараджэння Сына Божага. Як толькі валхвы знайшлі Марыю з нованароджаным, зорка тут жа знікла. З таго далёкага часу ў нашу традыцыйную культуру трапілі элементы хрысціянскай сімволікі: калядоўшчыкі хадзілі па вёсках і абвяшчалі аб цудадзейнай падзеі — Растве Хрыстовым. А шлях да Бога, да кожнай хаты, якая ўспрымалася месцам Божага прытулку, веры, надзеі і любові, асвячала і паказвала тая ж зорка.
Рабілі яе наступным чынам. Бралі рэшата, устаўлялі яго ў крыху большае. Да яго мацавалі зробленыя з кардону або тоўстай каляровай паперы 8 або 12 рагоў. У сярэдзіну ставілі ікону Ісуса Хрыста, мацавалі тоўстую свечку. Усю гэту канструкцыю абклейвалі паперай, пакідалі толькі невялічкае акенца, праз якое можна будзе запаліць свечку. Нарэшце, зорку мацавалі на палку. Калі хлопцы пераходзілі ад хаты да хаты, зорку злёгку штурхалі і яна павольна круцілася (калі на дварэ быў моцны вецер, то зорка магла круціцца і пад яго ўздзеяннем).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter