Аскар Марыкс: славак з душою беларуса

Знакаміты мастак-сцэнограф быў добра знаёмы з Янкам Купалам і плённа папрацаваў у розных тэатрахНядаўна ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ладзілася цікавая імпрэза — прэзентаваўся альбома “Аскар Марыкс”. Праходзіла яна з удзелам пасла Славакіі ў Беларусі, іншых паслоў, акрэдытаваных у нашай краіне, дзеячоў культуры і навукі, вучняў мастака. Кніга нарадзілася ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Стваральнікі пастараліся сабраць паболей матэрыялаў, успамінаў сучаснікаў пра народнага мастака Беларусі, славака па паходжанні Аскара Пятровіча Марыкса.
Мастак Аскар Марыкс Знакаміты мастак-сцэнограф быў добра знаёмы з Янкам Купалам і плённа папрацаваў у розных тэатрах
Нядаўна ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ладзілася цікавая імпрэза — прэзентаваўся альбома “Аскар Марыкс”. Праходзіла яна з удзелам пасла Славакіі ў Беларусі, іншых паслоў, акрэдытаваных у нашай краіне, дзеячоў культуры і навукі, вучняў мастака. Кніга нарадзілася ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Стваральнікі пастараліся сабраць паболей матэрыялаў, успамінаў сучаснікаў пра народнага мастака Беларусі, славака па паходжанні Аскара Пятровіча Марыкса.
Нарадзіўся ён у 1890 годзе у Львове, на тэрыторыі былой Аўстра-Венгрыi. У Львове і закончыў інстытут тэхнічнага малявання, потым Пражскі філіял Венскай акадэміі, дзе навучаўся ў знакамітых майстроў Мiльбека і Канберга на курсе архітэктуры і дэкаратыўнага мастацтва. Так сталася, што ў 1919 годзе Аскар Марыкс апынуўся ў Смаленску, дзе разам з рэжысёрам Львовым і мастаком Валянковым ствараў адну з першых франтавых груп: Смаленскі рускі чырвонаармейскі тэатр. А ў 20-м Марыкс прыехаў у Мiнску, дзе працягваў актыўнае творчае жыццё. У 1921 годзе яго запрасілі на працу ў Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, які сёння носіць імя Янкі Купалы. Дарэчы, прафесар-тэатразнаўца Уладзімір Няфёд пісаў, што “ён першым сярод прафесійных дэкаратараў пачаў творча выкарыстоўваць самы багаты матэрыял нацыянальнага выяўленчага мастацтва, быў лепшым знаўцам гісторыі касцюма”. Аскар Марыкс быў добра знаёмы з Янкам Купалам, раіўся з ім па розных пытаннях, калі той прыходзіў у тэатр на рэпетыцыі спектакляў.
Аскар Пятровіч працаваў у розных тэатрах, асвоіў майстэрства афармлення вялікіх і маленькіх сцэн. Ён шырока ўводзіў маляўнічую аснову, тонка карыстаўся колерам. Добра ведаючы заходнеславянскую культуру, Марыкс знаходзіў у ёй агульныя рысы з беларускай, але заўважаў і адметнасці. Майстар адчуваў блізкасць культур Беларусі, Украіны, Чэхіі, Польшчы, Расіі, якія раслі з аднаго славянскага кораня. Ужо ў першых спектаклях, пастаўленых Еўсцігнеем Мiровічaм, праявіўся почырк майстра. Пастаноўкі тыя знаёмілі гледача з нацыянальнай культурай, фальклорнымі крыніцамі, народным побытам і традыцыямі. Марыкс працаваў над афармленнем спектакляў “Машэка”, “Каваль-ваявода”, “Кастусь Каліноўскі”.
На прэзентацыі кнігі-альбома “Аскар Марыкс” у Вялікім тэатры оперы і балетаЗ 1934 года пачаўся новы этап яго творчасці: Марыкс афармляе спектаклі “Салавей” Змітрака Бядулi (Купалаўскі тэатр), “Цудоўная дудка” Віталя Вольскага ў Тэатры юнага гледача, “Яўгеній Анегiн” Пятра Чайкоўскага, “Дон Кіхот” Л. Ф. Мiнкуса ў Тэатры оперы і балета, “Сабака на сене” Лопэ дэ Вэга ў Магілёўскім драмтэатры, “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы ў Пінскім тэатры. Сучаснікі згадваюць, што мастак не пераносіў на сцэну музейных касцюмаў і рэчаў, а выкарыстоўваў іх дэталі і перарабляў, суадносячы з характарамі герояў, дапамагаючы раскрыццю галоўнай ідэі спектакля.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Марыкс працаваў ва Уральску, стаў галоўным мастаком Віцебскага драмтэатра, які цяпер носіць імя Якуба Коласа. Пасля вяртання ў Беларусь мастак удзельнічаў у наладжванні дзейнасці тэатраў у Гомелі, Гродне, Брэсце. Працаваў і ў іншых жанрах мастацтва, у 70-я гады стварыў серыю карцін “Беларусь старажытная” — гэткую гістарычную сюіту пра нашых продкаў. Яшчэ адным захапленнем Марыкса былі чаканка і вітражы. Адметная і серыя эскізаў, прысвечаная Францыску Скарыну. Яркія моманты біяграфіі першадрукара зафіксаваны ў ёй: “Скарына ў друкарні”, “Скарына ў галаўным уборы навукоўца”, “Скарына ў Італіі”, “Навуковец Кракаўскага ўніверсітэта”, “Навуковец грэка-праваслаўнай акадэміі”. Мастаку было 70 гадоў, калі яго намаганнямі ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце адкрылася кафедра тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва. Ён распрацаваў курс лекцый па гісторыі касцюма з паказам адзення розных эпох і народаў, а таксама эскізаў беларускіх строяў. Вучнямі майстра былі мастакі Барыс Казакоў, Юрый Тур, Уладзімір Гардзеенка.
У кнізе-альбоме ёсць успаміны Л. Александроўскай, У. Уладамірскага, У. Стэльмашонка, а таксама дачкі Любові Аскараўны. Уключаны ўзоры жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, эскізы тэатральных дэкарацый і касцюмаў. Карпатлівая праца ўкладальнікаў, сярод якіх дырэктар выдавецтва Ліліяна Анцух, мастак Ігар Бархаткоў і Любоў Марыкс, дала добры вынік: годна прадстаўлена магутная постаць народнага мастака Беларусі. А ў сувязі з надыходзячым 125-годдзем Аскара Марыкса гэта вельмі дарэчы.

Лілія Малашанкава

На здымках:
Мастак Аскар Марыкс
На прэзентацыі кнігі-альбома “Аскар Марыкс” у Вялікім тэатры оперы і балета
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter