Ашмянскі акцэнт кюра

Тут прасторна і чыста. Каменныя выявы коней на будынку стайні, рэстаран, спартыўная пляцоўка... Вочы імгненна “адзнялі” гэты прыгожы, проста ідылічны кадр, як толькі я апынулася на тэрыторыі конна-спартыўнага клуба, што размяшчаецца ў вёсцы Грынцы на Ашмяншчыне. Тут, амаль на мяжы з Літвой, вучаць верхавой яздзе і ўвогуле прапануюць гасцям добры адпачынак.
У конна-спартыўным клубе “Гіпіка”, без сумненняў, трэніруюцца і будучыя чэмпіёныТут прасторна і чыста. Каменныя выявы коней на будынку стайні, рэстаран, спартыўная пляцоўка... Вочы імгненна “адзнялі” гэты прыгожы, проста ідылічны кадр, як толькі я апынулася на тэрыторыі конна-спартыўнага клуба, што размяшчаецца ў вёсцы Грынцы на Ашмяншчыне. Тут, амаль на мяжы з Літвой, вучаць верхавой яздзе і ўвогуле прапануюць гасцям добры адпачынак.

Конная гісторыя Грынцоў пачалася ў 1993 годзе: тады алімпійскі чэмпіён па выездцы Віктар Угрумаў заснаваў тут базу па падрыхтоўцы спартыўных коней. Спачатку справы не надта ладзіліся. Але цяпер гаспадары акультурылі будынкі клуба, палепшылі ўмовы для ўтрымання жывёл, набылі коней добрых парод... Конна-спартыўны клуб “Гіпіка” расквітнеў, і з розных бакоў Беларусі і блізкага замежжа сюды едуць аматары верхавой язды... Магчыма, своеасаблівым талісманам поспеху клуба стала кніга вялікага маршалка літоўскага Крыштафа Дарагастайскага “Гіпіка, альбо Кніга пра коней”, у гонар якой гэтае месца назвалі. Упершыню кніга пабачыла свет у 1603 годзе, прэзентацыя новай рэдакцыі “Кнігі пра коней” адбылася ў 2007 годзе якраз падчас адкрыцця адноўленага клуба. “Гіпіка” Дарагастайскага ўяўляе сабой вялікую каштоўнасць і як літаратурны твор, і як крыніца інфармацыі пра развіццё беларускай конегадоўлі, і як збор гравюр вядомага мастака Тамаша Макоўскага.

Сёння клуб у Грынцах, як расказала адзін з трэнераў Дар’я Марухіна, працуе па розных напрамках. Перш-наперш, гэта конны спорт. Пры клубе — бясплатная школа для дзяцей з Ашмян і суседніх вёсак, тут яны трэніруюцца. Сярод вучняў ужо ёсць разраднікі, кандытаты ў майстры коннага спорту. Працуюць у клубе і сталыя спартсмены. Святлана Лойка, да прыкладу, другі раз выйграла чэмпіянат краіны па малых ездах.

У конна-спартыўным клубе “Гіпіка”, без сумненняў, трэніруюцца і будучыя чэмпіёныДругі кірунак работы — паказальныя выступленні пад музыку, гэтакі фрыстайл ці кюр (з ням. — адвольнае практыкаванне). Менавіта кюрамі заваёўваецца на спаборніцтвах найвялікшая колькасць балаў, кюры збіраюць найбольш гледачоў. Такія відовішчы, дзе вершнік паказвае індывідуальнасць, вытанцоўвае на кані неверагодныя па, нагадвае фігурнае катанне ці мастацкую гімнастыку. Не дзіўна, што вялікую папулярнасць яны маюць і сярод гасцей клуба.

А яшчэ едуць у Грынцы проста пакатацца вярхом. Для многіх цікава адчуць, магчыма, упершыню пад сабой каня, пагарцаваць па манежы. Дар’я Марухіна ўпэўнена, што навучыцца ездзіць вярхом можа кожны. Галоўнае — добры трэнер і вялікае жаданне.

Яшчэ ў “Гіпіцы” займаюцца развядзеннем коней. Дар’я з пяшчотай і гонарам успамінае падрыхтаваных ёю коней, якія дасягнулі пэўных поспехаў у спорце, да прыкладу, яна выхоўвала каня-чэмпіёна Расіі па інвалідным конным спорце. Падрыхтоўка коней — справа доўгая, гадоў на 7–8, і складаная. Штодзённыя трэніроўкі, наладжванне кантактаў з жывёламі… Сёння ў Дар’і “ў рабоце” шэсць коней (усяго ў клубе — 33). І ў кожнага ж свой характар, да кожнай жывёлы, як да чалавека, свой падыход патрэбен. “Кабыла Выгада — сапраўдны рыжы клоун, — смяецца трэнер. — Як асоба вельмі беражэ сябе, таму на работу яе прыходзіцца проста мабілізоўваюць. А конь Гарант — жудасны інтраверт. З Ванкуверам наогул не склаліся адносіны: ён раней займаўся канкурам, і, здаецца, аж смяецца, калі скача, але як не хочацца яму рабіць спакойныя, плаўныя практыкаванні выездкі — майго віду спорту”.

Сёння дзверы “Гіпікі” адчынены для ўсіх. Тут ёсць дзе прыпыніцца, смачна паесці і добра адпачыць. Хто жадае, можа пакатацца ў брычцы ці пагарцаваць на кані, папарыцца ў лазні ці пакарміць трусоў, прагуляцца па тэрыторыі ці пасядзець у кафэ, згуляць у тэніс ці більярд… Усё гэта — “Гіпіка”.

Людміла Мінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter