У палескай вёсцы Асавая прайшлі першыя сёлетнія «Дажынкі»

Асавая гонар мае

Нагадаем: 22 гады таму Столін прымаў удзельнікаў першага рэспубліканскага свята-кірмаша “Дажынкі”. Летась у Давыд-Гарадку хлебаробы Брэстчыны праводзілі абласны кірмаш. Сёлета на Століншчыне аднымі з першых у вобласці закончылі жніво і першыя ўшаноўваюць сваіх хлебаробаў на раённых “Дажынках”. Сказаць дзякуй ёсць каму і ёсць за што: з кожнага гектара ў раёне здолелі ўзяць па 33 цэнтнеры зерня. Амаль на цэнтнер у параўнанні з мінулым годам павысілася ўраджайнасць у гаспадароў свята — КСУП “Відзіборскі”. Тут намалочана больш як па 33 цэнтнеры зерня з гектара.

Пераможцаў жніва віншуе старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ.

Аблашчаная цёплым дожджыкам пасля жнівеньскай спякоты палеская вёска Асавая такой прыгожай, пэўна, за стагоддзі свайго існавання ніколі не была. Яе жыхарам, працаўнікам КСУП “Відзіборскі” дапамагалі рыхтавацца да прыёму гасцей раённыя арганізацыі.

— Абнавілі кіламетры новых агародж сялянскіх сядзіб у вёсках Відзібор, Асаўцы, Церабішча, Відзіборац, — адзначае кіраўнік “Відзіборскага” Сяргей Лахадынаў, які амаль сорак гадоў кіруе гаспадаркай. — Другое нараджэнне атрымала вёска Асавая. Трэба было бачыць, з якім імпэтам нашы людзі рыхтаваліся да прыёму гасцей.



Кожную гаспадарку на свяце-кірмашы прадстаўлялі перадавікі жніва, спецыялісты, кіраўнікі, творчыя калектывы. Перад пачаткам урачыстасці былі ўскладзены кветкі і вянкі да мемарыяла ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Калону ўдзельнікаў і гасцей віталі мясцовыя жыхары. Дзеці, унукі, сваякі вяскоўцаў прыехалі на свята. Пад гармонікі, скрыпкі, бубны гучалі палескія спевы, некаторыя не ўтрымліваліся і пускаліся ў скокі. Падзяліць з землякамі радасць заканчэння жніва прыехалі старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Іван Наскевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Бабаловіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Іван Антановіч.

Пераможцы сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў браты  Іван і Васіль СЛУЦКІЯ.

Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, адкрываючы ўрачыстасць, адзначыў, што амаль сто зернеўборачных экіпажаў працавалі на палях гаспадарак. Да неабходных кандыцый зерне даводзілася на 22 зернеачышчальна-сушыльных комплексах і 12 мабільных перасоўных устаноўках. Па ўраджайнасці збожжавых на Брэстчыне столінцы ўступаюць толькі баранавіцкім хлебаробам. Трынаццаць экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон збажыны. У засекі гаспадарак засыпана яе звыш 60 тысяч тон, з якіх каля 9 тысяч тон прыпадае на СВК “Фядорскі”, па 7 тысяч тон намалочана ў ААТ “Новая Прыпяць” і “Палеская ніва”, дзе кожны гектар збожжавых даў амаль па 50 цэнтнераў.

Герояў жніва, кіраўнікоў перадавых гаспадарак, лепшых спецыялістаў запрашалі на сцэну для ўручэння ўзнагарод. Ушанаванні дапаўнялі цудоўныя спевы, танцы, гумар артыстаў Століншчыны.

Дырэктар КСУП “Відзіборскі”
Сяргей ЛАХАДЫНАЎ.




Свята агучыла імёны новых рупліўцаў. Сярод іх — маладзёжны зернеўборачны экіпаж камбайнера Аляксандра Рашэцкага і яго памочніка Сяргея Хараўца з КСУП “Рухчанскі”. Другі сезон яны працавалі разам, намалацілі звыш тысячы тон зерня. Аляксандр ужо 10 гадоў пасля заканчэння Столінскага сельгасліцэя працуе механізатарам, Сяргей атрымаў вышэйшую інжынерную адукацыю і вярнуўся дамоў. Працуе механікам, а ў жніво садзіцца за штурвал камбайна. Іх экіпаж у раёне прызнаны лепшым сярод маладзёжных.  

Старшыня СВК “Фядорскі”
Рыгор ДЗЯМКО.
Гонар звацца лепшым аграномам раёна мае Сяргей Строк з ААТ “Новая Прыпяць”. На некаторых палях ураджайнасць азімай пшаніцы дасягнула 100 цэнтнераў з гектара. Сяргей Уладзіміравіч перакананы, што гэта дзякуючы абсалютнай тэхналагічнай дысцыпліне і старанню механізатараў.

Звыш 45 цэнтнераў з гектара атрымана ў ААТ “Кароцічы”. Шчодрае хлебнае поле і ў КУВП “Манькавічы”, якім тры дзесяцігоддзі нязменна кіруе доктар эканамічных навук Аляксей Мікуліч. Агранамічную службу гаспадаркі ўзначальвае выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Віктар Грэчка. Хлебнае поле — адно з найбольшых у гаспадарках раёна і займае больш за 1100 гектараў. На пойменных участках на правабярэжжы ракі Гарыні намалоты перавышалі 80 цэнтнераў азімай пшаніцы з гектара. І трыцікале на гэтых масівах дало амаль па 60 цэнтнераў зерня з гектара.

Стабільна высокая культура земляробства ў адной з найбольш эканамічна моцных не толькі ў раёне, але і на Брэстчыне  гаспадарак — СВК “Фядорскі”,  які пабудаваны на абноўленых палескіх балотах. Тут на некалькіх сучасна абсталяваных комплексах 20 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Пагалоўе забяспечваецца сваімі кармамі. Высокай сцяною амаль пад 3 метры вымахала на былых балотах кукуруза. Вырошчваецца яна як на сілас, так і на зерне.

Галоўны аграном ААТ “Новая Прыпяць” Сяргей СТРОК.



Перад святамі пабываў на падворках некаторых асаўскіх гаспадароў. У змураваным яшчэ за польскім часам асабняку насупраць касцёла жывуць пенсіянерка Домна Раманюк і яе дачка Наталля. За агародам маюць гектарны надзел, які засяваюць пшаніцай. Камбайнам яе абмалацілі. Гаспадыні прасушылі зерне і засыпалі ў бочкі, цэбры, якімі запоўнены прасторны свіран. Такі ўклад жыцця захаваўся на Століншчыне. Вяскоўцы трымаюць кароў, коней, свіней, авечак, хатніх птушак. Іх намаганнямі таксама мацуецца харчовая бяспека краіны.

Дырэктар КСУП “Дубайскі” Сяргей ПАШКЕВІЧ.



— Жніво раскрыла магчымасці, паказала, што неабходна змяніць у працы, а свята дало настрой на новыя поспехі, — падсумоўвае першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Мароз. — У наступныя выхадныя дэлегацыя нашага раёна адправіцца на абласныя “Дажынкі” ў горад Высокае Камянецкага раёна.

Момант свята.


Завяршаючы святочную ўрачыстасць, старшыня райвыканкама абвясціў месцам правядзення “Дажынак” будучага года прыбярэжную на Прыпяці вёску Сямігосцічы.

Столінскі раён

Фота аўтара і  Аляксандра НІКІФАРЭНКІ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter