Асалода “Белых Росаў”

Вытокі ансамбля ў шматнацыянальнай спадчыне

Вытокі ансамбля ў шматнацыянальнай спадчыне

Гродзенскі ансамбль песні, музыкі і танца “Белыя Росы”, які ўжо больш за чвэрць стагоддзя дорыць у розных кутках свету людям асалоду, нарадзіўся шматнацыянальным. Першы яго кіраўнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Яўген Штоп, запрасіў у групу танцораў, музыкантаў, спевакоў з многіх рэспублік тады адзінай савецкай краіны. Ансамбль ствараўся разам з абласной філармоніяй і стаў яе першым прафесійным калектывам. Ужо праз год гродзенскія “Белыя Росы” змаглі даказаць, што яны не з разраду правінцыйных, — з’явіліся на афішах саюзных рэспублік, а хутка атрымалі прапановы і ад замежных імпрэсарыа.

...”Трапятуха”, “Свярбілаўка”, “Размятуха”, “Лявоніха” — такія нумары з беларускім каларытам здолелі ўсур’ёз закрануць і кітайцаў, і немцаў, і французаў, а іспанцы ў свой час афіцыйна прызналі нашы “Белыя Росы” лепшым гастралюючым калектывам, з якім падпісалі шаснаццацігадовы творчы кантракт.

Зрэшты, дастаткова адзін раз пабачыць выступленне адметнага ансамбля, каб зразумець: на сцэне сапраўдныя таленты, зоркі. Сярод шматлікіх узнагарод “Белых Росаў” — спецыяльная Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” ў намінацыі “харэаграфічнае мастацтва”. Такое высокае прызнанне атрымала канцэртная праграма “Аповесць былога сучасным пяром”. Сваю славу калектыў, галоўнае ў творчасці якога — адраджэнне і развіццё традыцыйнага беларускага харэаграфічнага мастацтва, народнай песні і музыкі, унёс у скарбонку не толькі Гродзеншчыны, але і краіны. “Белыя Росы” з поспехам выступалі на міжнародных фестывалях у Іспаніі, Швейцарыі, Польшчы, Літве і іншых краінах. А ў Шанхаі на Міжнароднай выставе “ЭКСПА-2010” яны дарылі асалоду людзям з усіх кантынентаў Зямлі.

Мушу прызнаць, што ў Беларусі сёння мы даём менш канцэртаў, чым за мяжой, дзе калектыў наш таксама запатрабаваны. Менавіта па пажаданні іншаземных гледачоў паставілі акрамя беларускіх танцы народаў былога СССР. У нашым рэпертуары русскія, украінскія, грузінскія і іншыя нумары, — расказвае дырэктар — мастацкі кіраўнік ансамбля Вера Чычына. Дарэчы, яна, таленавітая балерына, пачынала свой творчы шлях у “Белых Росах” разам з першым складам. А два гады таму ў рэспубліканскім конкурсе “Жанчына года” была названа “Жанчынай-легендай”. Журы падкрэсліла не толькі талент Чычынай-артысткі, але і тую вялікую творчую працу мастацкага кіраўніка, якая здолела зберагчы ансамбль і вывесці яго на новы ўзровень у няпростыя для калектыву гады.

— Ці змяніўся ансамбль за сваё творчае жыццё? — цікаўлюся.

— Калі гаварыць пра яго склад, безумоўна, у “Белыя Росы” за гэтыя гады прыйшло шмат новых людзей, але і сёння тон на сцэне задаюць такія таленавітыя артысткі з той нашай першай групы, як Святлана Шатыркіна і Вольга Мілюціна. Што датычыцца рэпертуару, ён стаў багатым, прыемна заўважыць, што крытыкі адзначаюць сёння адметны почырк “Белых Росаў”. Немалаважныя і такія перамены: ужо тры гады як наш ансамбль адышоў ад філармоніі і стаў самастойным калектывам, — расказвае Вера Іванаўна.

Каля дзвюх тысяч канцэртаў на рахунку “Белых Росаў” на сцэнах замежжа. Выступае калектыў і на знакавых усебеларускіх святах. На юбілейны Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур самабытны ансамбль рыхтуе свой арыгінальны нумар, у якім аб’яднаюцца рытмы розных нацыянальнасцей.

info@ng.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter